Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вернікі зьбіраюцца галадаваць, каб абараніць свой храм


Любоў Лунёва, Менск Вернікі пратэстанцкай суполкі “Новае жыццё” абвясьцілі аб намеры правецьці акцыі пратэсту, у тым ліку бестэрміновую галадоўку. Вернікі заяўляюць, што не аддадуць гарадзкім уладам свой будынак, які паводле судовага рашэньня мусяць вызваліць 9 кастрычніка.

Вернікі суполкі “Новае жыццё” тры гады таму набылі на ўскрайку Менску былы калгасны кароўнік і адрамантавалі яго за ўласны кошт. У будынку ладзяць набажэнствы. Чыноўнікі Менгарвыканкаму забаранілі гэта, спаслаўшыя на тое, што будынак выкарыстоўваецца не пра прызначэньні. Дзяржава забірае будынак, а ў якасьці кампэнсацыі на рахунак царквы пералічылі 35 мільёнаў рублёў за будынак плошчай больш за паўтары тысячы квадратных мэтраў.

Ад сёньняшняга дня у будынку царквы “Новае жыццё” больш за дваццаць вернікаў распачынаюць бязтэрміновую галадоўку. Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка так пракамэнтаваў гэта Радыё Свабода:

(Ганчарэнка:) “Мы пачынаем акцыі пратэсту. Адна з акцый будзе пост-галадоўка. Знайшліся валанцёры, якія ад сёньяшняга дня будуць знаходзіцца ў будынку царквы і трымаць там галадоўку. Да іх далучацца іншыя вернікі. Мы спадзяемся прыцягнуць увагу грамадзкасьці, каб зьмяніць гэтую сытуацыю. Мы добраахвотна наш будынак не аддамо. Таму тут кругласутачна будуць знаходзіцца людзі, якія будуць удзельнічаць у акцыі пратэсту – пост-галадоўка”.

Пастара і адміністратара царквы некалькі разоў штрафавалі за правядзеньне несанкцыянаваных уладамі набажэнстваў. Адміністратар царквы Васіль Юрэвіч, бацька чатырох дзяцей, паводле судовых пастановаў мусіць заплаціць 6 000 даляраў. Ён заявіў “Свабодзе”, што вернікі маюць рашучы настрой:

(Юрэвіч:) “Мы ведаем, што нас падтрымліваюць вернікі ня толькі ў нашай краіне, але й за мяжой. Дзяржава намагалася нас разрозьніць у пратэстанцкай канфэсіі – баптыстаў, пяцідзесятнікаў ды іншых. Але ў нашай сытуацыі атрымалася ўсё наадварот: мы аб’ядналіся. Вернікі ў розных краінах на наступным тыдні распачнуць акцыі ў нашу падтрымку. Мы спадзяемся, што сытуацыя, у якой апынулася наша царква, падштурхне грамадзтва, каб зьмяніць яе”.

Пастар зьліквідаванай тры месяцы таму суполкі “Запавет Хрыста” Георгій Вязоўскі ў часе выбарчай кампаніі адседзеў 10 сутак арышту ў турме на Акрэсьціна за правядзеньне несанкцыянаванага ўладамі набажэнства. Юрыдычны адрас суполкі не адпавядаў новаму закону аб грамадзкіх аб’яднаньнях. Ён не чакаў, што першымі яго падтрымаюць пяцідзесятнікі, а апошнімі – баптысты. Ён не падзяляе аптымізму адміністратара царквы “Новае жыццё” наконт таго, што грамадзкасьць падтрымае вернікаў-пратэстантаў.

(Вязоўскі:) “Грамадзкасьць наўрад ці падтрымае, бо ў нашых беларусаў такі менталітэт. Мы вызначаем нацыянальнасьць не па крыві, а па прыналежнасьці да рэлігіі, на жаль”.

Цягам году ўлады зьліквідавалі тры рэлігійныя суполкі пратэстантаў. За права існаваньня судзяцца яшчэ некалькі суполак у рэгіёнах. Цяпер пад пагрозай ліквідацыі апынулася адна з найбольш буйных суполак (больш за тысячу вернікаў) у Менску – царква “Новае жыццё”.
XS
SM
MD
LG