Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэгіянальная газэта”: Віка Мароз больш ня вернецца ў Вялейку


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ 6 кастрычніка

Пад рубрыкай “Гучная справа” “Народная Воля” праводзіць расьследаваньне “За што маёру Кокліну далі мэдаль?” Некаторыя мяркуюць, што перш за ўсё за маўчаньне. Юры Коклін – афіцэр часьці 3214, якой камандуе небезьвядомы палкоўнік Паўлічэнка. 5 гадоў таму прозьвішча Кокліна ўзгадвалася ў кантэксьце гвалтоўных выкраданьняў, быццам бы Коклін камандаваў Трэцяй асобнай брыгадай, якая выконвала загад Паўлічэнкі закапаць джып Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара… Журналістка Марына Коктыш прыводзіць меркаваньні сьведкаў – былога супрацоўніка ўнутраных войскаў Мяцельскага і генэрала міліцыі Лапаціка.

Маладзечанская “Рэгіянальная газэта”. Віка Мароз, выхаванка Вялейскай школы-інтэрнату, якую беларускія ўлады вярнулі з Італіі, з 1 кастрычніка адлічаная са сваёй навучальнай установы і больш ня вернецца ў Вялейку. У сувязі са зьмяшчэньнем у іншы прытулак. Пра гэта паведаміў дырэктар інтэрнату Мікалай Ваўчкоў. Распавядае журналіст Сяргей Зянько.

(Зянько: ) “Больш у загадзе не сказана нічона. “У які прытулак, я ня ведаю”, –сказаў дырэктар. Паволе ягоных словаў, ён 4 кастрычніка завёз дакумэнты ў абласное ўпраўленьне адукацыі і больш не зьяўляецца дзяржаўным апэкуном дзяўчынкі. Мікалай Ваўчкоў таксама сказаў нашаму выданьню, што яму афіцыйна не паведамілі, дзе цяпер знаходзіцца Віка. Ва ўпраўленьні сказалі толькі, што пасьля курсу рэабілітацыі дзяўчынка будзе зьмешчаная альбо ў прыёмную беларускую сям’ю, альбо ў дзіцячую вёску ў дом сямейнага тыпу ў Бараўлянах”.

“Беларусь перажывае драматычны момант зьмены арыентацыі. Замест Расеі – трэці сьвет”. “Канстытуцыйнаму акту – ня быць”. Наша Ніва” зьмяшчае камэнтары Віталя Тараса і Аляксандра Класкоўскага. “Шмат малых мурашоў і ніводнага вялікага”. Палітолягі і вядомыя людзі выказваюцца пра рашэньне Мілінкевіча ствараць “Рух за Свабоду” самастойна.

“Брестская газета” паведаміла, што ў вобласьці жыве 188 доўгажыхароў. Па колькасьці старажылаў лідыруюць Баранавіцкі, Ляхавіцкі, Драгічынскі раёны. У Берасьці жыве 9 чалавек, якім больш за 100 гадоў. А найстарэйшай жанчыне вобласьці Варвары Камарчук зь вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёну – 112 гадоў.

Традыцыйна ўвосень кошты на жытло растуць хуткімі тэмпамі. Сёлета гэтага не адбылося. За першы восеньскі месяц трохпакаёўкі зусім не падаражалі, а чатырохпакаёвыя кватэры нават патаньнелі. Самыя папулярныя аднапакаёўкі “ўзьняліся” ўсяго на 10 даляраў. Падрабязнасьці – ў сьвежым нумары “Комсомольской правды” в Белоруссии”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG