Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Залатая акцыя”: ці ўсё золата, што даецца “зьверху”?


Ігар Карней, Менск Эўрапейскі суд пацьвердзіў сваё ранейшае рашэньне аб незаконным выкарыстаньні “залатых акцый”, з дапамогай якіх урады ўмешваліся ў рашэньні прыватных кампаній – гэта супярэчыць прынцыпу вольнага руху капіталу ў Эўразьвязе. Захаваньне “залатых акцый” дапушчальнае толькі тады, калі гаворка ідзе пра кампаніі, якія маюць грамадзка важнае значэньне – прыкладам, у ваенна-прамысловым комплексе, і калі кантроль дзяржавы над імі не празьмерны. Адрозна ад эўрапейскай практыкі, беларускае кіраўніцтва актыўна ўплывае на працу акцыянэрных прадпрыемстваў з дапамогай "залатой акцыі".

Падчас працэсу прыватызацыі некаторыя краіны Эўразьвязу пакідалі за сабой пакеты акцый, якія дазвалялі накладаць вета на рашэньні савету дырэктараў прыватных кампаній, абмяжоўваць куплю акцый ці ўдзел у кіраўніцтве акцыянэрнымі таварыствамі. Аднак Эўрапейскі суд прызнаў такую практыку незаконнай, паколькі яна супярэчыць прынцыпу свабоднага руху капіталу.

У Беларусі інстытут “залатой акцыі”, уведзены ўказам Аляксандра Лукашэнкі ў 1997 годзе, неаднаразова ўжываўся. У дэпартамэнце па санацыі і банкруцтву Міністэрства эканомікі кажуць, што кожны такі выпадак мае свае эканамічныя абгрунтаваньні.

(Супрацоўнік міністэрства: ) “Права “залатой акцыі” прымаецца ў кожным канкрэтным выпадку асобна. Па кожнаму, прыкладам, прадпрыемству, заводу, кожнай установе. Разглядаецца фінансава-гаспадарчы стан, іншыя нюансы. І потым прымаецца рашэньне – уводзіць “залатую акцыю”, альбо ня ўводзіць”.

У сваю чаргу, эканаміст Сяргей Балыкін называе такія захады дзяржавы беспрэцэдэнтным сілавым рычагом, які супярэчыць самой ідэі акцыянэрных прадпрыемстваў.

(Балыкін: ) “У Эўразьвязе права “залатой акцыі” азначае права так званага вета, забарону на прыняцьце нейкага рашэньня. У той жа час беларуская “залатая акцыя” дазваляе ня толькі забараніць пэўнае рашэньне, але ж яшчэ і прыняць яго! Дзяржава, трымаючы “залатую акцыю”, у стане кіраваць суб’ектам гаспадараньня, незалежна ад наяўнасьці ў яе там нейкай долі капіталу. Прадстаўнік дзяржавы рыхтуе рашэньне, акцыянэрны сход павінен прыняць гэтае рашэньне як сваё і замацаваць яго ў пратаколе. Аднак на практыцы меркаваньні акцыянэраў пры гэтым ніяк ня ўлічваюцца”.

У апошнія гады кіраўніцтва Беларусі ўводзіла “залатую акцыю” на шэрагу прадпрыемстваў, якія ў часе разьдзяржаўленьня былі пераўтвораныя ў акцыянэрныя таварыствы. Гэта менскія “Атлант”, “Мотавела”, “Камволь”, “Лакафарба”, “Алеся”, “Камунарка”, аб’яднаньне “Рыбакомплекс”, абутковая фабрыка “Прамень”, іванаўскі “Белсолад”, віцебскі “КіМ”, Жабінкаўскі цукровы завод, Барысаўская швейная факбрыка ды іншыя. Неўзабаве сьпіс можа папоўніць Менскі гадзіньнікавы завод, які пакуль што знаходзіцца ў стане банкруцтва. Супрацоўніца Міністэрства прамысловасьці Алена Харкевіч кажа, што на такія крокі дзяржава мае поўнае права.

(Харкевіч: ) “Ёсьць у нас арганізацыі, маёмасьць якіх знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасьці. Такія арганізацыі, а таксама арганізацыі, у якіх доля ў статутным фондзе таксама належыць дзяржаве, дзяржава можа ўзяць пад кантроль у частцы расходваньня сродкаў”.

Пасьля вострай крытыкі з боку Міжнароднага валютнага фонду і іншых фінансавых арганізацый за злоўжываньне беларускімі ўладамі правам “залатой акцыі”, у жніўні гэтага году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім скасаваў асаблівае права дзяржавы ў дачыненьні да банкаў. Праўда, ня ўсіх, а толькі асобных Гэта “Беларусбанк”, “Белаграпрамбанк”, “Парытэтбанк” “Белпрамбудбанк”, “Белзьнешэканомбанк”, і “Белінвэстбанк”. Што да астатніх, то дзяржава і надалей пакідае права на ўдзел “у кіраваньні гаспадарчымі таварыствамі, створанымі ў працэсе разьдзяржаўленьня і прыватызацыі, а таксама рэарганізацыі гэтых суб’ектаў гаспадараньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG