Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія часопісы


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

У восьмым клясе я ўпершыню пабачыў заходні часопіс. І не абы-які, а “Плэйбой”! Хлопец з паралельнага клясу даў яго пагартаць непасрэдна на вуліцы. Утрапеньне, якое я тады зазнаў, ня выпетрыліся з душы і дасёньня. На той час адзіным заходнім выданьнем, якое раз-пораз трапляла на вочы, быў часопіс “Англия”. Яго выпісваў бацька аднаго майго знаёмага. Часопіс быў пазначаны ў падпісным каталёгу, але простых людзей на яго не падпісвалі.

Сапраўднай прадушынай была для нас польская “Панарама”, якую прадавалі ў шапіках. На апошніх старонках там зьмяшчалі фотаздымкі заходніх біт-гуртоў, “гарачыя дзясяткі” папулярных песень ды сякую-такую інфармацыю пра новыя музычныя альбомы. Польская “Панарама” дыктавала і адпаведную моду. Пабачылі з Валерам Шлыкавым на здымку Тадэвуша Налепу з каляровым шалікам на шыі, наступным днём рушылі ў школу з такімі ж шыявязамі; угледзелі, што ў Марэка Грэхуты зялёныя нагавіцы зацыраваныя жоўтымі ніткамі – зацыравалі і мы; убачылі здымак Чэслава Нэмэна – тут жа выцягнулі з шафаў старыя бацькавыя капелюшы, выдзерлі нутро і нацубілі на вочы.

Доўгі час я набываў “Панараму” без праблемаў, а потым прадавачка стала яе для некага прыхоўваць. Знаёмы журналіст, які вучыўся згаданым часам у Менску, распавядаў, што таксама бегаў у “Глёбус” – краму, дзе прадавалі замежныя выданьні, – каб набыць “Панараму”. І нават даваў прадавачцы дробны хабар, каб тая пакідала яму адзін асобнік. Я даць хабар не здагадаўся, і таму вымушаны быў пераключыцца на “Нову весь” – польскі часопіс для вясковай моладзі. Там таксама друкавалі здымкі біт-гуртоў, але былі яны нізкай паліграфічнай якасьці.

Апроч таго ў шапіках прадавалі кракаўскі “Пшэкруй” ды гумарыстычны часопіс “Шпількі”. Гумар там быў адметны і для савецкага маладзёна незразумелы. Чым прыцягвалі “Шпількі”, дык гэта малюнкамі голых жаночых азадкаў, якія зьяўляліся там літаральна ў кожным нумары. З тае нагоды “Шпількі” хутка разьбіралі, і адзіны польскі часопіс, вокладкі якога выгаралі за шыбай газэтнага шапіку, быў “Пшыязьнь” – орган таварыства польска-савецкай дружбы. Зрэшты, пасьля таго, як паміж старонак у якасьці дармавога дадатку пачалі ўкладаць самавучак польскай мовы, сталі браць і яго. Пры гэтым адразу выцягвалі самавучак, а сам часопіс кідалі ў сьметніцу. Адпаведным чынам, дарэчы, паступалі і з айчыннай “Работніцай і сялянкай”. Жанкі выдзіралі адтуль старонкі з выкрайкамі, а часопіс, нават не прагледзеўшы, пускалі на распалку ці на нейкія іншыя патрэбы. На мой тадышні розум, ён таго быў варты, хаця б таму, што ў ім не было здымкаў біт-гуртоў, якія зьмяшчалі на сваіх старонках польскія часопісы.
XS
SM
MD
LG