Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зоська Верас (30.9.1892, м. Мяджыбаж (цяпер Ляцічаўскі раён Хмяльніцкай вобл.), Украіна — 8.10.1991, Вільня.)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Яна, як Натальля Арсеньнева ці бабуля сьпевака Данчыка Яніна Каханоўская, пражыла амаль стагодзьдзе, даўшы прыклад таго, колькі, на добры лад, павінны жыць жанчыны і ў Беларусі.

Гэты доўгі шлях быў неверагодна багаты на сустрэчы, захапленьні, самыя розныя пачынаньні й здабыткі. Зоська Верас (сапраўднае імя Людвіка Сівіцкая, па мужу Войцік) была добра знаёмая з Максімам Багдановічам, Уладзіславам Галубком, Гальляшом Леўчыкам, Ядзьвігіным Ш., пра якіх пакінула цікавыя ўспаміны. Чытачы “Нашае Нівы”, а потым заходнебеларускіх пэрыёдыкаў ведалі яе як аўтарку арыгінальных абразкоў і вершаў. Навукоўцаў зацікавіў укладзены і выдадзены Зоськай Верас “Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік”. Тагачасныя гаспадары зь Віленшчыны, Наваградчыны, Беласточчыны шукалі ў адрыўных календарах ейныя парады па агародніцтве й садоўніцтве. Пчаляры выпісвалі рэдагаваны ёю часопіс “Беларуская борць”, а дзеткі чыталі свае выданьні — “Заранку” й “Пралескі”, рэдактарам якіх таксама была спадарыня Зоська. Зь віленскай турмы “Лукішкі” яна вынесла вершы зьняволенага Міхася Машары й выдала яго першы зборнік...

Ад 1923 году яна жыла ў Вільні — пераважна ў сваёй славутай “лясной хатцы” сярод зялёных Панарскіх узвышшаў. У 1970—80-я гэты прытульны й гасьцінны дамок быў месцам паломніцтва нашай інтэлігенцыі й адраджэнскіх моладзевых суполак. Я быў там толькі аднойчы, але атмасфэру натуральнай беларускасьці, якая панавала ў тых сьценах, запомніў на ўсё жыцьцё. На жаль, гаспадыня ўжо нічога ня чула, і візытанты мусілі пісаць свае пытаньні, затое адказы былі грунтоўна-дасьціпныя ды суправаджаліся дэманстрацыяй ўнікальных фатаграфіяў і дакумэнтаў.

На дзясятым дзясятку Зоську Верас прынялі ў Саюз пісьменьнікаў Беларусі, а ў дзевяноста тры яна пабачыла выдадзеную ў Менску кніжку сваіх вершаў і апавяданьняў. Калі 15 гадоў таму спадарыня Зоська адышла ў Вечнасьць, мне на момант здалося, што Вільня апусьцела.
XS
SM
MD
LG