Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Начная аБЛОГа" – 5 кастрычніка


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

Адна з самых папулярных тэмаў для абмеркаваньня беларускімі карыстальнікамі інтэрнэту – выказваньне расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна пра тое, што расейска-беларускіх стасунках “сытуацыя склалася крытычная”. Расейскае інтэрнэт-выданьне “Страна.ru” публікуе словы віцэ-сьпікера расейскага парлямэнту Сяргея Бабурына, які цытуе Ўладзімера Пуціна, і сярод іншага цьвердзіць, што расейскі прэзыдэнт папрасіў парлямэнтароў прыняць закон, “які дазваляе прэзыдэнту ўводзіць спэцыяльны рэжым да недружалюбных да Расеі краінаў”. Вось некаторыя водгукі наведнікаў форумаў парталу Tut.by:

“Пачалося… Альбо праглынаньне, альбо разрыў!”

“Цалкам магчыма, што Пуцін меў на ўвазе не Беларусь, а Каўказ, кажучы “крытычная сытуацыя”.

“Гэты артыкул – правакацыя. Аніякіх такіх словаў Пуцін не казаў”.

У расейскім інтэрнэт выданьні “Нумар адзін” аўтарка Галіна Казакова напісала артыкул пра паездку ў Беларусь пад назвай “Назад у сьветлую будучыню”, якія падае падзагаловак “неперадузяты погляд улан-удэнца на Беларусь”. Аўтарка піша, што ў Менску няма бамжоў, вуліцы чыстыя, а дзяржава клапоціцца пра сацыяльнае забесьпячэньне сваіх грамадзянаў, а напрыканцы дадае: “У Беларусі існуе і цэнзура… На старонках прэсы вы ня зможаце знайсьці крытыку існага ладу і дзеяньняў беларускага кіраўніцтва. Гэта своеасаблівая плата за іншыя “сацыялістычныя радасьці”.

У беларускім сеціве зьявіўся новы рэсурс “Беларусь – наша зямля”. Аўтары акрэсьліваюць пяць асноўных пунктаў на якія будзе рабіцца акцэнт у публікаваньні матэрыялаў: “1. Аналіз грамадзкай сытуацыі ў цяперашняй Беларусі. 2. Аналіз сытуацыі ў сучасным Сьвеце людзей. 3. Уяўленьні пра беларускую дзяржаву, як нашу мару. 4. Уяўленьні пра ідэальна ўладкаваную агульналюдзкую цывілізацыю, да якой варта імкнуцца. 5. Праграма пераходу ад сёньняшняй Беларусі да Беларусі будучай, калі зыходзіць з таго, што ўлада нібы ўжо ў нашых руках. … Паколькі вызначэньне грамадзкі значных мэтаў ды іх абгрунтаваньня ёсьць сфэрай ідэалёгіі, наш сайт можна лічыць ідэалягічным. Мы будзем усімі сіламі імкнуцца, каб дадзеная ідэалёгія была навуковай!” – заклікаюць стваральнікі “Беларусь – наша зямля”.

На форумах сайту “Смаргонь.org” абмяркоўваюць тэму "Як пачаць размаўляць па-беларуску?”.

“Шмат хто, а ў тым ліку й я, жадалі б перайсьці на сталае беларускае маўленьне, вось толькі як пачнеш спрабаваць, дык то ўсплывае недасканалае няведаньне мовы ды розныя псыхалягічныя бар''еры. Што рабіць, куды падацца, дзе ўзяць падтрымку? – піша наведнік пад нікам Anro.

Наведнік Аміль дае сваю параду: “Пачынайце з асобных беларускіх словаў і выразаў у сваёй расейскай гаворцы. Скажам, зь "дзякуй — калі ласка", але ні ў якім разе не кажыце гэтых словаў сьмехам. Усё павінна крыху нагадваць сытуацыі з твораў клясычнай расейскай літаратуры, дзе героі, каб падкрэсьліць думку, выкарыстоўваюць францускую мову, гаворачы збольшага па-расейску. Нічога ненармальнага ў зьмяшэньні моваў няма, таму не паддавайцеся на наезды, маўляў, давай размаўляй на нейкай адной мове”.

Магілёўскі паэт Віталь Рыжкоў у сваім блогу заклікае да стварэньня сайту аўтарскіх “дэклямацыяў беларускамоўных вершаў”. Віталь Рыжкоў піша: “Дзеля гэтага патрэбныя: 1. людзі, здольныя стварыць а) так званы "каркас" сайта б) дызайн 2. уладальнікі mp3-запісаў чытаньняў 3. людзі, гатовыя заняцца падтрымкай праекта 4. "Спонсары"”. А вось як мастацкі тэкст можа выконвацца з музычным суправаджэньнем, можна паслухаць у інтэрнэт-суполкі By_litara. Вальжына Морт чытае твор Яўгена Лёсіка “Беларуская мова”:

“За тваімі межамі, мая краіна, пачынаецца вялізны дзіцячы дом І ты вядзеш нас туды, Беларусь. Можа мы нарадзіліся бяз ног, можа, ня тым багам молімся? Можа табе ад нас гора?…”

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі. Да сустрэчы ў оф-лайне.
XS
SM
MD
LG