Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Створаны Камітэт за вызваленьне Зьмітра Дашкевіча (фота)


Любоў Лунёва, Менск Сёньня пачаў працу Камітэт вызваленьня лідэра незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Дашкевіча. Камітэт узначаліў лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч. Сябрамі Камітэту зьяўляюцца паплечнікі Зьмітра, а таксама вядомыя грамадзкія дзеячы.

Сябры Камітэту заяўляюць, што змагаючыся за вызваленьне Зьмітра Дашкевіча будуць патрабаваць вызваленьня і іншых палітвязьняў.

Нагадаем: Зьмітра Дашкевіча арыштавалі 15 верасьня. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Справу перадалі ў суд Кастрычніцкага раёну Менску. Маладафронтаўцу пагражае пазбаўленьне волі да 2 гадоў.

Паплечнікі Зьмітра на паседжаньні Камітэту заклікалі ўсіх неабыякавых да лёсу апазыцыянэра людзей падаваць прапановы — як яго можна вызваліць. Адным з кірункаў дзейнасьці маладафронтаўцы абралі вулічныя акцыі, а таксама распаўсюд улётак, вывешваньне расьцяжак зь інфармацыяй пра Зьмітра Дашкевіча.

Сёньня супрацоўнікі міліцыі затрымалі двух дзяўчынак на станцыі мэтро “Інстытут культуры” пасьля таго, як тыя наклеілі на сьцены партрэты Зьмітра. Гаворыць Зьміцер Хведарук:

(Хведарук: ) “Надышоў той час, калі трэба адкінуць страх, моладзі аб’яднацца і пачаць ладзіць тое, чаго ўлада больш за ўсё баіцца — вулічныя акцыі. Калі людзі будуць бачыць, што ёсьць рух супраціву, што людзі не забываюцца пра сваіх сяброў, пра сваіх лідэраў. Штодня “Малады фронт” абяцае ладзіць у шматлікіх гарадах Беларусі акцыі, пікеты, ланцугі неабыякавых, вывешваць расьцяжкі, расклейваць інфармацыю, што яго папросту так сябры не аддадуць”.

Зьміцер Дашкевіч вучыцца ў Вільні ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце на філялягічным факультэце.

Старшыня Камітэту дапамогі палітрэпрэсаваным Іна Кулей паведаміла, што рэктарат пагадзіўся не адлічаць хлопца з вучобы за пропускі заняткаў.

(Кулей: ) “Страшна, што за кратамі чалавек, які можа так шмат зрабіць для нашай краіны. Мы сьпісаліся зь віленскім унівэрсытэтам, на факультэце філялёгіі якога вучыцца Зьміцер Дашкевіч. Мы дамаўляемся пра тое, што ён застанецца там студэнтам і будзе мець магчымасьць дыстанцыйнага навучаньня, калі некаторы час яму давядзецца заставацца за кратамі. Верым, што ён застанецца студэнтам і гэты час будзе ня толькі часам ягонага духоўнага разьвіцьця і пад’ёму зь Бібліяй, але й з падручнікамі таксама”.

Аляксандар Мілінкевіч запэўніў, што сябрам Камітэту неабыякавы лёс іншых палітвязьняў.

(Мілінкевіч: ) “Тут яўнае 100-працэнтнае парушэньне канстытуцыйных правоў. У кожнага чалавека, нават нашай дыктатарскай краіны, ёсьць права на стварэньне арганізацыяў. Гэтае права забіраецца ў людзей, якія ў арганізацыі. Цяпер момант, калі мы можам яшчэ раз сказаць дэмакратычным краінам, суседняй Расеі, што парушаюцца элемэнтарныя канстытуцыйныя правы. Але заўсёды калі зьвяртаемся, ня маем права забыцца пра Казуліна і пра Статкевіча, і пра Крука, і пра Севярынца, і пра ўсіх, хто сёньня сядзіць. У нас іх ужо больш за дзесяць. Таму, натуральна, што мы цяпер кажам пра Дашкевіча, але кожны раз гаворым пра ўсіх абавязкова”.

Маладафронтаўцы наладзілі збор подпісаў жадаючых выступіць на судзе. Апроч таго, у міжнародныя структуры неўзабаве накіруюць заявы з заклікам, каб тыя патрабавалі ад беларускіх уладаў адмены артыкулаў, што зьявіліся ў Крымінальным кодэксе напярэдадні выбарчай кампаніі. Сябры Камітэту будуць зьвяртацца да аўтарытэтных людзей усяго сьвету, каб тыя патрабавалі ад беларускіх уладаў спыніць перасьлед людзей за палітычную дзейнасьць.


Удзельнікі паседжаньня (зьлева направа): Зьміцер Хведарук, Сяржук Лісічонак, Наста Палажанка, Зьміцер Касьпяровіч, Аляксандар Мілінкевіч


На паседжаньні выступіў Ніл Гілевіч
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG