Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра "МФ" падазраюць у датычнасьці да леташніх выбухаў у Віцебску


Радыё Свабода Актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Паўла Красоўскага з Жодзіна дапытваюць у справе аб выбухах у Віцебску 14 і 22 верасьня 2005 году.

Нагадаем, што больш як сорак віцебчукоў пацярпелі ад выбуховых прыстасаваньняў, якія былі замаскаваныя пад піўныя бляшанкі й начыненыя цьвікамі й абрэзкамі дроту. За год пошукаў міліцыя так і не знайшла вінаватых у гэтым злачынстве, якое было кваліфікаванае як “замах на жыцьцё й здароўе двух і больш чалавек”.

Учора жодзінскія міліцыянты паведамілі Паўлу Красоўскаму, што ён падобны да фотаробата злачынцы, які ўчыніў выбухі. Фотаробат склалі паводле апісаньняў сьведкаў. Таму ў ягонай кватэры ўчынілі ператрус і сканфіскавалі некаторыя асабістыя рэчы.

(Красоўскі: ) “Сыстэмны блёк ад кампутара забралі, дыскі кампутарныя і розную друкаваную прадукцыю. Зрабілі ператрус у мяне ў кватэры, а потым мяне прывезьлі з Жодзіна сюды. Сказалі, што ў дачыненьні да мяне трэба правесьці праверку, ці я не датычны да выбухаў у Віцебску”.

Гэта ўсё, што пасьпеў паведаміць Павал Красоўскі на ганку абласнога аддзелу ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, куды яго выклікалі на 9-ю раніцы. Моладзевы актывіст з Жодзіна катэгарычна адмаўляе датычнасьць да віцебскіх падзеяў верасьня 2005 году.

Да сьледчага спадар Красоўскі пайшоў разам з адвакатам Паўлам Сапелкам. Допыт працягваўся некалькі гадзінаў: да 16-й гадзіны зьвязацца ні з падазраваным, ні зь ягоным адвакатам было немагчыма — іхныя мабільныя тэлефоны адключаныя.

Зьвестак ад Паўла Красоўскага чакаюць ягоныя шматлікія сябры й аднадумцы, ён – досыць вядомая асоба ў Беларусі, асабліва ў моладзевым апазыцыйным асяродку. Спадар Красоўскі быў адным з удзельнікаў галадоўкі, якую чацьвёра актывістаў “Маладога фронту” абвясьцілі на знак пратэсту супраць выключэньня іх з навучальных установаў з-за іхнай грамадзкай дзейнасьці. Арганізоўваў спартова-адукацыйны моладзевы летнік, які дзяржаўнае беларускае тэлебачаньне абвінаваціла ў падрыхтоўцы вулічных баевікоў.

Спадара Красоўскага вінавацілі і ў абразе мясцовых чыноўнікаў — за тое, што зьмясьціў у мясцовай газэце некалькі сатырычных карыкатураў, аднак крымінальная справа на яго была закрытая.

Што да справы пра выбухі, то дзяжурны супрацоўнік аддзелу ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю адмаўляецца ад камэнтароў, спасылаючыся на службовыя інструкцыі.



На здымку (архіў): сьледчая група на месцы выбуху ў Віцебску, 23 верасьня 2005 г. (фота: bymedia)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG