Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Нас, беларусаў, чакае той самы канфлікт з Расеяй"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў за чацьвер, 5 кастрычніка. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Добры дзень, Радыё Свабода. Я ваша пытаньне пра беларускую мэдыцыну падзяліў бы на дзьве істотныя часткі. Першая частка – гэта мэдычная дапамога, гэта хуткая дапамога, хірургія, акушэрства, нескладаная тэрапія. Адзнака “здавальняюча”, а шмат дзе і “добра.” Другая частка – гэта мэдычнае абслугоўваньне, гэта і адносіны да хворых, і стаматалёгія, і гэтак далей. А самае жудаснае – гэта беларускія паліклінікі. Па гэтай частцы адзнака толькі “нуль”. Вось, напрыклад, у Жлобіне чарга да нэўрапатоляга можа быць некалькі тыдняў, а нават і болей. Савецкая ўлада пакінула адносіны да людзей, як да быдла. На вялікі жаль, гэта пройдзе вельмі ня хутка. Крыху аб сабе. Я інвалід другой групы. Захворваньне вельмі складанае, і лекі, якія маюцца ў той жа Расеі, тут нават і не зарэгістраваныя. І хворы, нават і ня цяжка хворы, а складана хворы тут нікому не патрэбны. Да пабачэньня. З павагай”.

(Ала Кажэра: ) “Дарагі Ніл Сымонавіч, дазвольце Вас павіншаваць зь юбілейнай датай Вашага жыцьця. Вы сумленьне і гонар беларускай нацыі і паходня беларускай паэзіі. Добрага Вам здароўя, настрою і аптымізму. Няхай сьветлая рэчка паэзіі і надалей бруіцца чыстай крыніцай беларускай мовы, а мы дадзім ёй назву Ніліяна”.

(Спадар: ) “Падкажыце, калі ласка, нумар тэлефона праваахоўнай арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь, калі ён ёсьць”.

(Спадар: ) “Дык вось у мяне пытаньне. Хацеў бы я яго задаць нашаму вышэйшаму кіраўніцтву. Чаму нашыя "ворагі" – НАТО, Эўразьвяз – выдзяляюць нам сотні тысяч эўра і даляраў на зьнішчэньне супрацьпехотных мінаў? А вось нашыя "сябры" – Расея, Вэнэсуэла, Куба і іншыя – ні рубля не выдзяляюць? Дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Хачу сказаць некалькі словаў пра нашу сыстэму аховы здароўя. Яна крышачку дацягвае да слабой “тройкі”. Нашыя паліклінікі, дзе лечыцца асноўная маса людзей, маюць слабую матэрыяльную базу, не хапае ўрачоў-кардыёлягаў, гастраэнтаролягаў, нэўролягаў, цяжка трапіць на прыём да ўрачоў гэтай спэцыяльнасьці. У паліклініках працуюць урачы пэнсіянэры, няма прытоку маладых кадраў. Закупляемыя лекі маюць вялікі сьпіс супрацьпаказаньняў. Адно лечыць, сем калечыць. Хочацца сказаць некалькі словаў пра прадукты харчаваньня і ваду. Многія прадукты харчаваньня багатыя на розныя дабаўкі і араматызатары, якія вызываюць алергію. У рэспубліцы шмат людзей і дзяцей, хворых на алергію і астму. Трэба тэрмінова перагледзець сьпіс дабавак і араматызатараў і забараніць іх выкарыстаньне. Нам хапае Чарнобыля. Трэба вырашыць пытаньне водазабесьпячэньня, мы карыстаемся вадой з адкрытага вадаёму Вялейскай сыстэмы, якая вельмі моцна хляруецца. Многія людзі гатовыя ўнесьці пасільную грашовую дапамогу для будаваньня сьвідравін. Колькі б дзяржава не закупала розных лекаў, гастрыты і хваробы органаў кровазвароту ня вылечыць бязь якаснага харчаваньня і нехляраванай вады”.

(Давыдзенка Павел Андрэевіч, інвалід Чарнобыля, з г.п. Парычы: ) “Я пра жыцьцё. Калі не магу адстаяць як інвалід свае правы, значыць, гэта краіна гвалту, пагрозаў, забойстваў, зьдзекаў. Я застаюся супраць гэтага прэсінгу, гэтай улады безабаронным. Я дасылаў Вам 19-га пісьмо з анкетай і з паведамленьнем. Але паведамленьне да гэтага часу не атрымаў. Я ня ведаю, магчыма, з гэтым прэсінгам мой ліст зьнішчаны. Прашу мець сувязь з чалавекам, які спрабуе адстойваць свае правы, гэта ўлада можа рабіць што заўгодна. Такая ўлада здольная красьці, забіваць, паліць, гвалтаваць, рабіць ворагам і гэтак далей. У гэтай краіне немагчыма жыць. І пакуль правіць гэты ўрад, лепшага жыцьця няма чаго чакаць. Дзякую за ўвагу”.

(Спадар: ) “Я толькі што пачуў па Вашаму радыё пра Казуліна. Я хачу выказаць сваё меркаваньне, што яму мала далі. Вы пазвалі карэспандэнтаў да ўсіх злачынцаў на іх кватэры. А не паслалі да тых людзей, каму Казулін паразьбіваў галовы, калі вёў банду вызваляць злачынцаў. Ва Ўзбэкістане такім чынам паставілі кулямёт і расстралялі, а ў нас яшчэ мала далі гэтаму Казуліну. Чаму не пайшлі вашыя карэспандэнты да людзей, якім ён паразьбіваў галовы, да салдатаў, якія бяз зброі не пусьцілі да турмы, каб вызвалілі злачынцаў?”

(Ільля Копыл: ) “Добры вечар, “Свабода”! Назіраючы за адносінамі між Расеяй і Грузіяй, я прыйшоў да высновы, што Расея мае завышаныя амбіцыі, прэтэндуючы на ролю адной зь вядучых краін сьвету. Яна і яе кіраўнікі знаходзяцца на ўзроўні Ірану, Лівіі, Беларусі і Вэнэсуэлы. Расея не паважае сваіх суседзяў, аказвае на іх эканамічны і палітычны ціск. Ганьба Расеі”.

(Спадар: ) “Добры дзень, “Свабода.” Тэлефануе Вам настаўнік зь вясковай беларускамоўнай школы, дзе вучні чуюць сваю родную мову толькі на ўроках. У астатні час з вуснаў настаўнікаў гучыць толькі расейская мова альбо “трасянка”. Я ведаю, што такая сытуацыя шмат у якіх школах. Сцэнары школьных сьвятаў і мерапрыемстваў праводзяцца толькі на расейскай мове. Я б хацеў, каб на гэтых сьвятах дзеці чулі сваю родную мову. Але ня ведаю, дзе можна дастаць беларускамоўныя сцэнары. Можа быць, Радыё Свабода дапаможа мне зьвязацца з настаўнікамі і вучнямі ліквідаванага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю. У іх, напэўна, павінны быць гэтыя сцэнары”.

(Спадарыня з Магілёву: ) “Каб разьлічваць на адзнаку “пяць” за мэдычную дапамогу, неабходна мець мэдычную страхоўку, якая, у асноўным, простым беларусам не па кішэні. Той, хто ня мае мэдычнай страхоўкі, можа разьлічваць на звычайную дапамогу Чырвонага Крыжа, так званую бясплатную мэдыцыну”.

“Адзін расейскі палітык выказаў такую думку, што павялічэньне Расеяй кошту газу для Беларусі да 200 даляраў выгадна Лукашенку. Што можа на гэта сказаць Аляксандр Мілінкевіч?”

“Разумееце, да якога адчаю дайшоў пэнсіянэр Анатоль Кулік з Наваполацку, які вырашыў паўплываць на лёс Аляксандра Казуліна сваім галадаваньнем? Хачу, каб кожная гадзіна Вашай акцыі, Анатоль, падняла на абарону і вызваленьне Аляксандра Казуліна ня менш дзесяці чалавек. Жыцьцё пэнсіянэра поўнасьцю залежыць ад Лукашэнкі і ад беларускага народу. Свабоду Аляксандру Казуліну!”

(Васіль Цюхай зь Беразіна: ) “Таварыш Маўзэр” прамаўляў прыгожа. Але я хацеў бы ўдакладніць некаторыя тэмы зь яго эсэ. Дабро не перамагае, дабро заўсёды прайграе. Зло перамагае. Перамагае хлусьня, а ня праўда. Калі б дабро перамагала само па сабе, Госпаду Богу не было б патрэбы ўмешвацца ў людзкія справы час ад часу. Спадзявацца на перамогу можа толькі той чалавек, які прыносіць самога сябе ў ахвяру. Але, калі ён загіне, якая ж гэта перамога? Хіба што прыйдзе Гасподзь і ажывіць яго. Казаць, што дабро заўсёды перамагае, можна, толькі дапускаючы, што Бог абавязаны дапамагаць сваім героям. Хутчэй я пагаджуся з Васілём Быкавым, які сказаў аднойчы: “Перамога за імі, а ісьціна за намі”.

(Яськевіч зь Віцебску: ) “Добрай раніцы. Неяк па Вашым радыё прагучаў голас аднаго бацькі, якому прыйшлося пахаваць сына, таму што ўрачы выдалілі органы. Я Вам скажу ад сябе. Адназначна нельга ставіцца да сёньняшняй мэдыцыны. Сярод мэдыкаў ёсьць людзі, чые імёны можна пісаць вялікі залатымі літарамі, каб было відаць на ўвесь сьвет. Але ёсьць тая банда нягоднікаў, якая, прыкрытая на самым вышэйшым узроўні, можа займацца такой справай. Калі майму сыну зрабілі апэрацыю ў Менску, гаварылі адно, а зрабілі потым іншае, то я зразумеў, расьсьледуючы гэтае пытаньне, што ўсё прыкрыта Адміністрацыяй прэзыдэнта. Калі я зьвярнуўся да Шэймана, той нібы схаваўся ў цень і нічога не зрабіў. Паслухайце мой верш:

Живой и мертвый, встань и кричи, Есть в медицине врачи-палачи. Есть коновалы, есть ловкачи, Где по призванию наши врачи? Живой и мертвый, встань и кричи.

Живой и мертвый, встань и кричи, Врач-палач – то неистовый врач, Будет последнюю шкуру снимать, Будет взятку с тебя вымогать, Жертву-больного подчас истязать. Живой и мертвый, встань и кричи.

Живой и мертвый, встань и кричи. Врач-коновал – это бездарь врач. Это, как правило, просто блатарь, Это без всяких идей человек. Видно, так было и будет во век. Живой и мертвый, встань и кричи.

Живой и мертвый, встань и кричи. Врач-ловкач, не подарок врач, Много здоровья Вам он не даст. Он свою шкуру любому продаст, Будет, как сволочь, юлить, лебезить, Может болезнью любой заразить. После попросит почаще ходить, Те же поборы побольше носить. Живой и мертвый, встань и кричи.

Живой и мертвый, встань и кричи. Где по призванию наши врачи? Это, как правило, прежде талант, Это не деляга, не блатарь-дилетант. Этот диагноз определит, Этот порою ночами не спит. Этот свое здоровье отдаст, Но помереть другому не даст. Живой и мертвый, встань и кричи. Где по призванию наши врачи?

Хачу дадаць. Калі б я лячэньне свайго дзіцяці пусьціў на самацёк і даверыўся, то ня выключана, што з маім дзіцём было б тое самае. Цэнтар па трансплянтацыі органаў, падпольны, можа знаходзіцца ў Бараўлянах, можа знаходзіцца пры любой клініцы ў горадзе Менску ці ў абласных цэнтрах. І яшчэ дзіцячыя сады, дзе дзеці знаходзяцца, “адказьнічкі”, іх ніхто не кантралюе. І дзе чыя магіла, якія органы выдаляюцца, ніхто ня ведае. А за органы плацяць вельмі вялікія грошы на сусьветным рынку. Дзякуй”.

(Уладзімер: ) “Прывітаньне. Наконт пытаньня тыдня. Справа ў тым, што ў нас усё залежыць ад таго, менавіта да якога спэцыяліста ты трапіў, што ў дзяржаўнай мэдыцыне, што ў прыватнай. Можна пайсьці ў шыкоўны мэдцэнтар прыватны, аддаць вялікую суму грошай і ў выніку атрымаецца вельмі малы эфэкт. А можна і ў дзяржаўнай сыстэме трапіць да чалавека, які вельмі добра разьбіраецца ў мэдычных праблемах. Уся справа ў тым, што нашая праблема ў выпадку. І ты прымацаваны да адпаведнай паліклінікі і ня ведаеш, якія там спэцыялісты працуюць, выбару няма. У прыватнай мэдыцыне выбару таксама няма. Калі спэцыяліст лічыцца добрым, ён каштуе занадта многа, не даступна нават для сярэдняга беларуса. А тыя, паслугі якіх каштуюць даволі танна ў мэдычных цэнтрах, то яны па якасьці абслугоўваньня амаль не адрозьніваюцца ад дзяржаўных мэдычных устаноў.

Можна таксама сказаць, што сытуацыя ў мэдыцыне мала зьмянілася з пачатку 1980-х гадоў, калі існавала толькі адна дзяржаўная мэдыцына, і мала было выбару. Калі я ўспамінаю свае дзіцячыя гады, дык я рос хваравітым дзіцёнкам. Бацькоў гэта вельмі непакоіла. І мы некалькі разоў зьвярталіся да вядомых дактароў. Але выніку не было. І вось высьветлілася, што побач з намі жыве лекарка, якая працуе ў звычайнай паліклініцы. Яна прапанавала актыўна загартоўвацца для таго, каб пазбавіцца хваробаў. І вось я і яшчэ некалькі хлопчыкаў актыўна загартоўваліся. У адных шортах займаліся і на марозе, і пад дожджыкам, і пад сьнегападам. Проста пад адкрытым небам пабудавалі дзьве швэдзкія лесьвіцы, на якіх выконвалі вельмі складаныя практыкаваньні. Эфэкт атрымаўся такі, што мы нават і не думалі, што гэта можа быць такое”.

(Спадар зь Менску: ) “Я хачу сказаць наступнае. Савецкі саюз – гэта бандыцкая, злачынная, хлусьлівая дзяржава. Гэта датычыцца і Расеі цяпер. На чале гэтай дзяржавы ўвесь час знаходзіліся “чэкісты,” і цяпер таксама яны знаходзяцца ва ўладзе на ўсёй постсавецкай прасторы. І ім усё роўна, ці гэта Грузія, Украіна, Беларусь. Яны гатовыя праглынуць любую рэспубліку, у тым ліку і Грузію, і Ўкраіну, і Беларусь. Паглядзіце, усе чэкісты ў парлямэнце ў любой рэспубліцы, усе чэкісты ва ўладзе. Былі, ёсьць і будуць. Пры тым усе камуністы, як адзін. І яны маскіруюцца пад “любым соўсам,” але адмахваюцца ад камуністаў.

Хачу сказаць па пытаньню сыстэмы аховы здароўя Беларусі. Ня толькі Беларусі, а ўсёй постсавецкай прасторы. У нас няма мэдыцыны наагул, то бок няма ў нас дзяржаўных кіраўнікоў. Нашай мэдыцыне можна ледзь “двойку” паставіць”.

(Анастас Семяновіч: ) “Паважанае спадарства Радыё Свабоды. Добры дзень. Што можна сказаць наконт канфлікту паміж Грузіяй і Расеяй? Гэта мафіёзная краіна. Яна лічыць, што можа засунуць свой брудны нос у любую дзяржаву сьвету. Усё пачалося з Малдовы. Ім усё мала. Грузія заняла вельмі слушную пазыцыю ў дачыненьні да Расеі. Як толькі яна аб’яднае ўсе свае законныя тэрыторыі, канфлікт будзе потым зьняты. У дадзены момант ёй трэба хутчэй далучыцца да НАТО. З НАТО Расея канфліктаваць ня будзе. За НАТО стаіць уся Эўропа і, самае галоўнае, Амэрыка. Нас, беларусаў, чакае той самы канфлікт з Расеяй. Як толькі прад’явяць рахунак за ўсё, чым карыстаецца Расея ў нас, яны тут жа стануць на дыбы. Я даўно гавару, ня трэба нам танны газ, усё павінна быць пастаўлена на рынкавую аснову. Канечне, як прыйдзе апазыцыя да ўлады пасьля лукашыстаў, будзе вельмі цяжка, паколькі нічога з гэтым пытаньнем ня робіцца. Я з вамі, шаноўныя грузіны. Перамога будзе за вамі! Жыве Беларусь!”
XS
SM
MD
LG