Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Працаўніца “Белшыны” галадае трэція суткі


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня трэція суткі трымае галадоўку Алена Захожая, актывістка Беларускага незалежнага прафсаюзу, якая працуе на Бабруйскім шынным камбінаце.

Як і два папярэднія працоўныя дні, сёньня з раніцы электрык Алена Захожая працавала ў цэху звышгабарытных шынаў адкрытага акцыянэрнага таварыства “Белшына”. У гутарцы з галадоўніцай пытаюся найперш пра яе здароўе.

(Захожая: ) “Я інвалід 3-й групы. Гіпэртонік, хворая на сэрца. У сувязі з тым, што я цяпер адмовілася ад ежы, то спыніла ўжываньне лекаў, і пакуль буду ў стане, ніякіх лекараў да сябе я блізка не дапушчу!”

Алена Захожая патлумачыла, што змусіла яе да гэткай катэгарычнай формы пратэсту:

(Захожая: ) “Ва ўмовах зьнявагі канстытуцыі, законаў і правоў чалавека, ва ўмовах дыскрымінацыі я жыць не магу і ня буду! Альбо зьменяцца ўмовы, ці я ня буду жыць!”

Як тлумачыць старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Васіль Корабаў, раней адміністрацыя “Белшына” адмовілася працягваць дамову арэнды на памяшканьне для суполкі незалежнага прафсаюзу. Суразмоўца таксама кажа пра дыскрымінацыю актывістаў, прозьвішчы якіх начальства выкрэсьлівае са сьпісаў на прэміі ды матэрыяльныя заахвочваньні.

(Корабаў: ) “Я падтрымліваю рашэньне Алены Паўлаўны, бо кіраўніцтва “Белшыны” ды мясцовыя ўлады даволі нядобра ставяцца на незалежнага прафсаюзу. Такая акцыя неабходная”.

У адміністрацыі “Белшыны” пакуль адмаўляюцца камэнтаваць канфліктную сытуацыю на прадпрыемстве. Пра незвычайную занятасьць начальства цьвердзіць супрацоўніца канцылярыі Ніна Еўтух:

(Еўтух: ) “Сёньня ў нас па “Дажынках” нарада. Ужо заезды пачаліся. Дэлегацыю сустракаем. Рыхтуемся”.

У траўні 2001 году Радыё Свабода паведамляла пра першую галадоўку Алены Захожай. Акцыя пратэсту доўжылася 15 сутак, пасьля чаго галадоўніца трапіла ў лякарню. Але ў той час адміністрацыя “Белшыны” мусіла дазволіць суполцы незалежнага прафсаюзу арандаваць памяшканьне. Пасьля Бабруйскі гарвыканкам зарэгістраваў юрыдычны адрас арганізацыі.
XS
SM
MD
LG