Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Сурвіла сустрэлася з эстонскімі міністрамі У.Паэтам і П.-Э.Румма


Сяргей Навумчык, Талін Сёньня раніцай Івонка Сурвіла выступіла ў прамым эфіры праграмы "Тэрэвізіён" – у адной з найбольш рэйтынгавых праграмаў эстонскага тэлебачаньня. Інфармацыя пра візыт кіраўніка ўраду ў выгнаньні падавалася ўсімі вядучымі сродкамі масавай інфармацыі Эстоніі. І гэта ня дзіўна, калі ўлічыць, што новаабраны прэзыдэнт Эстоніі паходзіць з дыяспары.

Падчас сустрэчы зь міністрам па справах нацыянальных меншасьцяў Паўлем Эрыкам Румма абмяркоўваліся праблемы беларускай дыяспары ў Эстоніі. Спадара Румма, дарэчы, добра вядомага літаратара, цікавілі факты ліквідацыі ў Беларусі беларускага школьніцтва, перасьлед Саюза пісьменьнікаў.

Івонка Сурвіла была таксама прынятая міністрам замежных спраў Эстоніі Урмасам Паэтам. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства запэўніў яе ў падтрымцы беларускай дэмакратыі з боку эстонскага ўраду.

Падчас гутаркі закраналіся розныя аспэкты міжнароднай палітыкі афіцыйнага Менску. Івонка Сурвіла выказала меркаваньне пра мэтазгоднасьць зьменшыць кошт візаў для грамадзянаў Беларусі, як гэта зрабіла Латвія. Сваімі ўражаньнямі ад першага дня візыту дзеліцца Івонка Сурвіла:

(Сурвіла: ) " Вельмі карысна прайшлі нашыя спатканьні з двума эстонскімі міністрамі. Я мела нагоду адказаць на іхныя пытаньні, сярод іншага – пра саюз з Расеяй. Я сказала, безумоўна, што гэта была б сапраўдная катастрофа для беларускай нацыі і для беларускага народу. Яны гэта разумеюць, і, я думаю, што шмат ведаюць пра гэта. Іхныя пытаньні былі надзвычай разумныя, адэкватныя. Яны згаджаліся з нашымі поглядамі на гэтую тэму".

Разам са старшынёй рады БНР на сустрэчах зь сябрамі эстонскага ўраду была адна з кіраўнікоў Згуртаваньня беларускай культуры ў Эстоніі, сябра рады БНР Зінаіда Клыга.

Сёньня ўвечары Івонка Сурвіла возьме ўдзел у круглым стале, прысьвечаным праблемам беларуска-эстонскіх узаемадачыненьняў, а таксама сустрэнецца з актывістамі беларускай дыяспары ў Эстоніі.
XS
SM
MD
LG