Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як ацэньваюць беларускую мэдыцыну пацыенты ў Бараўлянах?


Радыё Свабода Якую ацэнку паводле 5-бальнай сыстэмы вы б паставілі беларускай мэдыцыне? Гэтае пытаньне тыдня наш карэспандэнт Міхал Стэльмак задаваў пацыентам, якія лечацца ў мэдустановах пасёлку Бараўляны, што пад Менскам.

(Спадарыня Галіна: ) “Тройку”.

(Спадарыня Вера: ) “Я думаю, што трэба вышэй. Таму што нашы дзяўчаткі, нашы лекары вельмі добра працуюць”.

(Спадар Іван: ) “Калі тут — пяцёрку. Таму што тут абслугоўваньне нашмат лепшае, чымсьці ў раёнах: і ў харчаваньні, і ў стаўленьні. Ва ўсім лепш, чым у раёне”.

(Спадарыня Натальля: ) “Ацэнку? Чатыры. Таму што цяпер зрабілі ўсё платным. Гэта настолькі нечакана атрымалася. Я вось толькі ляжала ў лякарні — я прыехала і разьлічвала на адно, а атрымалася, што за ўсё трэба заплаціць. Здаецца, у нас і бясплатная мэдыцына, але за кожны крок трэба плаціць”.

(Спадарыня Святлана: ) “Мне здаецца, тройку трэба паставіць. Таму што вялікія чэргі. Людзі часта прыяжджаюць хворымі, але трэба вельмі шмат бегаць па кабінэтах, каб легчы ў прыёмны пакой. Вельмі шмат лішніх кабінэтаў”.

(Спадар Віктар: ) “Два балы. Зь Міністэрства аховы здароўя прыяжджаюць сюды з праверкамі. Здымаюць зь людзей прэміі, і гэтыя грошы бяруць сабе на сьвята”.

(Спадарыня Насьця: ) “Напэўна, тры па 5-бальнай сыстэме. Я зь іншага гораду. Тут мяне выпраўляюць па коле, ніхто ня хоча мной займацца. Ад уроляга да тэрапэўта, ад тэрапэўта да ўроляга, да анколяга. Тут дакумэнты ў мяне ёсьць, прафэсар расьпісаўся, а тут кажуць, што давай пераправяраць. На мне шнар ёсьць. Ня ведаю, чым усё гэта скончыцца. Ужо і ціск падняўся. Вось вам і ацэнка”.

(Спадар Аляксей: ) “На чатыры. Хацелася б лепш, але ня ўсё атрымліваецца”.

(Спадар Уладзімер: ) “Ня цягне нават на чацьверку. Вось я знаходжуся ў шпіталі. Я ня ведаю, чаму гэты шпіталь называецца шпіталём інвалідаў Айчыннай вайны. Тут інвалідаў Айчыннай вайны няма і дзесяці працэнтаў. У асноўным тут лечацца маладыя людзі. Ніякай розьніцы ў лячэньні інвалідаў вайны і гэтых маладых 19-гадовых хлопцаў няма. Шпіталь называецца імя Машэрава. Ня трэба ганьбіць імя Машэрава. Нам не даюць дарагіх лекаў, а даюць толькі танныя”.
XS
SM
MD
LG