Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Лукашэнка сьвядома ідзе на абвастрэньне стасункаў з Расеяй”


Ганна Соўсь, Менск 4 кастрычніка віцэ-сьпікер расейскай дзяржаўнай Думы Сяргей Бабурын па завяршэньні сустрэчы прэзыдэнта Пуціна зь лідэрамі думскіх фракцыяў паведаміў, што кіраўнік Расеі назваў крытычнай сытуацыю, якая склалася ў расейска-беларускіх дачыненьнях. Гэтую ацэнку расейска-беларускіх стасункаў камэнтуюць беларускія палітыкі і палітолягі.

“Усе пагадзіліся з тым, што сытуацыя склалася крытычная. Мы абмяркоўвалі шырокае кола праблемаў — ня толькі па Каўказе, але і ў расейска-беларускіх дачыненьнях”, паведаміў віцэ-сьпікер Дзярждумы Сяргей Бабурын.

У беларускім Міністэрстве замежных справаў пакуль вывучаюць гэтыя выказваньні. Гаворыць прадстаўнік МЗС Андрэй Папоў:

(Папоў: ) “Гэткіх заяваў ад самаго прэзыдэнта мы ня чулі. Хіба толькі зьвесткі ў некаторых СМІ ад імя некаторых дэпутатаў Дзяржаўнай думы. Пакуль што гэтыя зьвесткі мы вывучаем, таму на дадзеным этапе ня будзем гэта камэнтаваць”.

У прэсавай службе расейскага прэзыдэнта Радыё Свабода паведамілі, што ўсе афіцыйныя заявы Ўладзімера Пуціна зьмяшчаюцца на ягоным сайце. Згаданай ацэнкі беларуска-расейскіх стасункаў там не было.

Адзін з актывістаў беларускага сацыял-дэмакратычнага руху Аляксей Кароль канстатуе пэўнае абвастрэньне беларуска-расейскіх стасункаў апошнім часам.

(Кароль: ) “Зьвязана гэта найперш з падвышэньнем цэнаў на газ і нафту. Калі гаварыць пра Лукашэнку, то я думаю, што ён ідзе на гэтае абвастрэньне сьвядома, таму што падвышэньне цэнаў для яго ўлады мае сьмяротны характар. Адзін з плянаў — гэта не пагадзіцца на падвышэньне цэнаў, прымусіць Расею перакрыць газ, і такім чынам схіліць на свой бок Захад. З боку Расеі, хутчэй за ўсё, гэта пакуль што слоўны ціск. Таму што свайму, хоць і дрэннаму хаўрусьніку, якім зьяўляецца Лукашэнка для Пуціна, даруюць слоўныя выпады, але не даруюць канкрэтных дзеяньняў”.

Палітоляг Андрэй Фёдараў назваў такую ацэнку беларуска-расейскіх стасункаў нечакана жорсткай і зьвязанай зь нядаўнімі заявамі Аляксандра Лукашэнкі. Нагадаем, кіраўнік Беларусі заявіў на прэсавай канфэрэнцыі расейскім журналістам, што рынкавы кошт на газ для Беларусі можа выклікаць разрыў беларуска-расейскіх дачыненьняў, асабліва ў эканоміцы.

(Фёдараў: ) “Калі тое, што сказаў Бабурын, адпавядае рэчаіснасьці, то гэта ня тое што занадта жорстка, але і нечакана жорстка. Яно, можа, якраз і адпавядае тым выказваньням, якія зрабіў Аляксандар Лукашэнка. Але раней, як мы ведаем, Расея значна больш спакойна ставілася да такога кшталту заяваў. Я думаю, што Беларусь у цэлым і яе кіраўніка чакае нялёгкі час”.

Сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай Валеры Ўхналёў расейска-беларускія стасункі называе хутчэй напружанымі, чым крытычнымі.

(Ухналёў: ) “Гэта было прагназавана. Да канца гэтага году Расея ставіла пытаньне, каб правесьці рэфэрэндум па Канстытуцыйнаму акце, а беларускі прэзыдэнт заявіў адназначна, што гэтага ня будзе. Ня думаю, што будзе нейкі жорсткі нарматыўны акт, пастанова ўраду ў дачыненьні да Беларусі. Хутчэй за ўсё, гэтыя словы разьлічаныя на рэакцыю з боку Беларусі”.

Як паведамляюць расейскія мэдыі, спасылаючыся на Сяргея Бабурына, расейскі кіраўнік папрасіў лідэраў фракцыяў Дзяржаўнай думы “прыняць закон, які дазваляе прэзыдэнту ўводзіць спэцыяльны рэжым у дачыненьні да недружалюбных Расеі краінаў”. “Гэта будзе калька з амэрыканскага закону, які цяпер дзейнічае ў дачыненьні да Беларусі”, — патлумачыў віцэ-сьпікер, маючы на ўвазе прыняты Кангрэсам ЗША ў 2004 годзе “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG