Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Aндрэй Фёдараў: “Беларусь і яе кіраўніка чакаюць нялёгкія часы”


Ганна Соўсь, Менск Прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін прызнаў, што ў расейска-беларускіх дачыненьнях склалася крытычная сытуацыя. Пра гэта заявіў віцэ-сьпікер Расейскай дзяржаўнай Думы Сяргей Бабурын па завяршэньні сустрэчы кіраўніка Расеі з лідэрамі думскіх фракцый.

“Усе пагадзіліся з тым, што сытуацыя склалася крытычная. Мы абмяркоўвалі шырокае кола праблем – ня толькі па Каўказе, але і па расейска-беларускіх адносінах”, паведаміў віцэ-сьпікер Дзярждумы Сяргей Бабурын. У беларускім Міністэрстве замежных справаў пакуль вывучаюць гэтыя выказваньні. Гаворыць прадстаўнік МЗС Андрэй Папоў.

(Папоў: ) “Гэткіх заяваў ад самога прэзыдэнта мы ня чулі. Хіба толькі зьвесткі ў некаторых СМІ ад імя некаторых дэпутатаў Дзяржаўнай Думы. Пакуль што гэтыя зьвесткі мы вывучаем, таму на дадзеным этапе ня будзем гэта камэнтаваць”.

Палітоляг Андрэй Фёдараў назваў такую ацэнку беларуска-расейскіх стасункаў нечакана жорсткай, і зьвязанай з нядаўнімі заявамі Аляксандра Лукашэнкі. Нагадаем, што кіраўнік Беларусі на прэсавай канфэрэнцыі з расейскімі журналістамі заявіў, што рынкавы кошт на газ для Беларусі можа выклікаць разрыў беларуска-расейскіх дачыненьняў, асабліва ў эканоміцы.

(Фёдараў: ) “Калі тое, што сказаў Бабурын, адпавядае рэчаіснасьці, то гэта ня тое што занадта жорстка, але і нечакана жорстка. Яно, можа, як раз і адпавядае тым выказваньням, які зрабіў Аляксандар Лукашэнка. Але раней, як мы ведаем, Расея значна больш спакойна ставілася да такога кшталту заяваў. Нечакана жорстка. Я думаю, што Беларусь у цэлым і яе кіраўніка чакаюць нялёгкія часы”.
XS
SM
MD
LG