Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Бабурын: Пуцін згодны, што сытуацыя ў адносінах зь Беларусьсю крытычная


Паводле БелаПАН Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін 4 кастрычніка сустрэўся зь лідэрамі фракцыяў Дзяржаўнай думы, зь якімі абмеркаваў у тым ліку і расейска-беларускія адносіны.

"Атрымалася змястоўная размова. Мы абмяркоўвалі шырокае кола праблем - ня толькі па Каўказе, але і расейска-беларускія адносіны. Усе пагадзіліся з тым, што сытуацыя склалася крытычная", - заявіў пасьля сустрэчы віцэ-сьпікер Дзярждумы Сяргей Бабурын.

Паводле словаў Бабурына, расейскі кіраўнік папрасіў лідэраў фракцыяў "прыняць закон, які дазваляе прэзыдэнту ўводзіць спэцыяльны рэжым у дачыненьні да недружалюбных Расеі краін". "Гэта будзе калька з амэрыканскага закона, які цяпер дзейнічае ў дачыненьні да Беларусі", -- патлумачыў віцэ-сьпікер Дзярждумы, маючы на ўвазе прыняты Кангрэсам ЗША ў 2004 годзе Акт аб дэмакратыі ў Беларусі.

Зараз Менск і Масква вядуць спрэчкі наконт цаны на расейскі газ у 2007 годзе, а таксама стварэньня сумеснага прадпрыемства на базе "Белтрансгазу", прыняцьця Канстытуцыйнага акта Саюзнай дзяржавы, увядзеньня адзінай валюты. З шэрагам жорсткіх заяў на адрас Расеі Аляксандр Лукашэнка выступіў 29 верасьня на прэсавай канфэрэнцыі для журналістаў расейскіх рэгіянальных СМІ.
XS
SM
MD
LG