Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч камэнтуе апытаньне "Свабоды"


Радыё Свабода “Што вы чулі пра рух Аляксандра Мілінкевіча “За свабоду!” і пры якіх умовах вы б да яго далучыліся?” – гэтае пытаньне мы задавалі мінакам у пераходзе каля станцыі мэтро “Акадэмія навук” у Менску.

(Спадарыня: ) “Нічога ня чула, не цікаўлюся Мілінкевічам увогуле. Павінен здарыцца канец сьвету, каб я ўзяла ўдзел у гэтым руху!”

(Спадар: ) “Пра рух “За свабоду!” я чуў вельмі шмат. Напэўна, гэта самая нашумелая праграма апазыцыі. Але на сёньняшні дзень усе акцыі выклікаюць у мяне нэгатыўныя эмоцыі, бо апазыцыя вельмі раздробленая, няма адзінага цэнтру. І як бы Мілінкевіч не імкнуўся яго стварыць, усё ж такі яго няма. Да руху Мілінкевіча я б далучыўся, калі б ён на праўдзе аб’яднаў усе сілы апазыцыі. І калі б мяне задаволіла іх праграма дзеяньняў…”

(Дзяўчына: ) “Не далучалася б. Я ня ведаю – навошта?”

(Спадар: ) “Я, прызнацца, нічога ня чуў. Адзінае, што бачыў людзей са значакамі. Каб пра гэты рух ведалі, неабходна інфармаваць насельніцтва. Каб людзі ведалі, што гэта за рух, якія ў яго мэты. Пры якіх умовах я б далучыўся? Калі б, мабыць, так жыцьцё прыціснула, што іншага б выйсьця ўжо не было!”

(Дзяўчына: ) “Нічога ня чула. Можа быць, далучылася, каб лепей іх ведала!”

(Спадарыня: ) “Гэта нейкі невялікі рух, які прыцягвае ўвагу. Мне проста сумна, таму ня ведаю, якія павінны быць умовы для майго там удзелу…”

(Хлопец: ) “Не цікавіць мяне рух гэты і на яго падобныя. І ні пры якіх умовах я б не ўдзельнічаў. Я ні ад чаго не пакутую пры нашым прэзыдэнце. Ён мне ўсім падабаецца…”

(Хлопец: ) “Моладзь, якая ня згодная з палітыкай нашай дзяржавы так аб’ядноўваецца. Я і без усяго бяру ўдзел у руху. На мітынгі хаджу, на дзень салідарнасьці…”

Мы папрасілі пракамэнтаваць гэтае апытаньне Аляксандра Мілінкевіча.

(Мілінкевіч: ) “Было б дзіўна, калі б усе адразу сказалі, што гэта “рух, у які я хацеў бы ўступіць”. Мы такой мэты ня ставім. Для нас самае галоўнае – далучыць да супольнай працы актывістаў, тых, што за нас прагаласавалі ўжо і зрабілі свой выбар на карысьць свабоды.

Там былі адны словы, якія я б хацеў спэцыяльна пракамэнтаваць. Малады чалавек казаў, што ён бы далучыўся да руху, калі б я аб’яднаў усе дэмакратычныя сілы. Я выдатна ведаю, як гэта важна. Але такую ўмову нельга ставіць. Мая мэта – далучыць большасьць. Калі хто не далучыцца – прыйдзе пазьней. Але сёньня мы павінны працаваць і ісьці наперад не чакаючы на тых, што ня маюць адвагі ці спаборнічаюць паміж сабой, ці ўвогуле ня маюць пляна ў галаве. Мы ідзем наперад, далучацца астатнія і – мы пераможам!”
XS
SM
MD
LG