Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты едуць да Казуліна


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў віцебскую калёнію выпраўляюцца адвакаты зьняволенага былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Галоўная мэты абаронцаў – падчас сустрэчы з палітыкам атрымаць зьвесткі пра ягонае здароўе ды абмеркаваць ягоны намер пачаць праз два тыдні бестэрміновую палітычную галадоўку.

Сёньня заканчваецца карантын, які Аляксандр Казулін праходзіў як новы вязень віцебскай калёніі. Экс-кандадыта на прэзыдэнта перавядуць ў іншае памяшканьне, гэтак званы атрад, дзе яму давядзецца пражыць наступныя 5 гадоў. Магчыма, адразу вызначыцца і працоўнае месца.

Нагадаю, раней з’явіліся зьвесткі, што былога рэктара БДУ прызначаць працаваць ў турэмнай бібліятэцы, але ў адміністрацыі калёніі гэтага пакуль не пацьвердзілі.

Завяршэньне карантыну азначае і тое, што да асуджанага зараз змогуць дапускаць наведвальнікаў – ягоных юрыстаў ці сваякоў. Сёньня на сустрэчу з Аляксандрам Казуліным плянавалі выехаць адвакаты. Сярод іх – Ігар Рынкевіч, які абараняў палітыка ў судзе. Напярэдадні Ігар Рынкевіч сказаў “Свабодзе”, што найперш іх цікавіць здароўе спадара Казуліна. Палітык раней заяўляў, што адчувае сябе горш, а дактары менскага сьледчага ізалятара на вуліцы Валадарскага, дзе яго трымалі пасьля суду, казалі адваротнае. Пытаньне пра здароўе вельмі важнае ў сэнсе плянаў Аляксандра Казуліна распачаць з 20 кастрычніка бестэрміновую палітычную галадоўку. Супраць чаго зьбіраецца пратэставаць Аляксандр Казулін, я папрасіў нагадаць абаронцу палітвязьня Ігара Рынкевіча.

( Рынкевіч: ) “Ягоныя патрабаваньні тычацца ня столькі незаконнага, як мы лічым, прысуду, колькі палітычнай сытуацыі ў краіне. Яшчэ 20 сакавіка спадар Казулін заявіў, што ў краіне адбыўся антыканстытуцыйны пераварот, выбары былі сфальшаваныя, нельга прызнаць, што яны ўвогуле адбыліся. Таму ён патрабуе шэрагу крокаў. Галоўны зь іх -- гэта тое, што абавязкі кіраўніка дзяржавы мусяць перайсьці прэм’еру Сідорскаму, якому належыць прызначыць дзень паўторных выбараў”.

Адвакат Ігар Рынкевіч сказаў, што пакуль ў яго няма дадзеных пра зьмены плянаў Аляксандра Казуліна адносна галадоўкі. Наадварот, зьвесткі, якія даходзяць з віцебскай калёніі, сьведчаць, што адступаць палітык не намераны.

Тым часам жонка палітыка Ірына Казуліна спадзяецца: да галадоўкі справа ня дойдзе: “Здароўе адзінае, і яго трэба берагчы”. Жанчыну вельмі непакоіць тое, што ад мужа няма лістоў, хаця правілы карантыну не забараняюць ліставаньня. Вось што распавядала напярэдадні Ірына Казуліна.

(Ірына Казуліна: ) “Мы яму накіравалі шмат лістоў за гэтыя два тыдні, а адказаў няма. Малодшая дачка казала, што адправіла 4 лісты, я напісала тры, яшчэ некалькі – старэйшая дачка. Чаму ён не адказвае, невядома. Магчыма, заўтра адвакаты і пра гэта раскажуць”.

Нагадаем, былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Аляксандр Казулін знаходзіцца за кратамі з 25 сакавіка. У ліпені палітыка асудзілі за хуліганства і арганізацыю вулічных беспарадкаў на 5,5 гадоў зьняволеньня. Месцам адбыцьця пакараньня Казуліна вызначана віцебская калёнія агульнага рэжыму “Віцьба-3”. 19 верасьня, за дзень да адпраўкі ў калёнію Аляксандр Казулін заявіў, што празь месяц намераны абвясьціць палітычную галадоўку. А ўчора ў Наваполацку, на знак салідарнасьці з Казуліным распачаў галадоўку актывіст КХП БНФ Анатоль Кулік.
XS
SM
MD
LG