Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва зьвярнулася па агрэман для Валёніса


Уладзімер Глод, Менск Улады Літвы афіцыйна зьвярнуліся да кіраўніцтва Беларусі з просьбай даць згоду на прызначэньне былога міністра замежных справаў Антанаса Валёніса амбасадарам у Рэспубліку Беларусь. .

Чалец камітэту замежных сувязяў літоўскага сэйму Вацлаў Станкевіч паведаміў нашаму радыё, што літоўскае кіраўніцтва просіць выдаць агрэман спадару Валёнісу. На дыпляматычнай мове гэта азначае – пагадзіцца з прызначэньне былога міністра амбасадарам.

Вацлаў Станкевіч так тлумачыць жаданьне літоўскай улады бачыць дасьведчанага дыплямата на працы ў Менску:

(Станкевіч: ) "Хоць ён цягам шасьці гадоў быў міністрам замежных справаў, але ягоная спэцыялізацыя -- усходняя палітыка (Расея, Украіна, Беларусь...). І таму і наша прэзыдэнтура, і МЗС, і камітэт замежных сувязяў сэйму пагадзіліся, што спадара Валёніса лепш выкарыстаць у Беларусі. Цяпер мы ня маем тут амбасадара, а Беларусь для нас вельмі важная краіна ў палітычным сэнсе. Гэта ня ёсьць нейкае паніжэньне. Колькі ён працаваў міністрам, столькі ён актыўна паводзіў сябе на ўсходнім кірунку. І ён лічыцца добрым спэцыялістам ня толькі ў Літве але і ў замежных колах".

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў падкрэсьлівае, што прызначэньне кіраўніка дыпмісіі перадусім справа той краіны, якая яго накіроўвае. Але ў шырокім кантэксьце афіцыйны прадстаўнік МЗС бачыць справу так:

(Папоў : ) "Беларусь па-ранейшаму застаецца на пазыцыях пабудаваньня максымальна шчыльных, прагматычных, узаемапаважлівых і прыязных дачыненьняў з нашым суседам -- Літвою. І ў палітычнай сфэры, дзе ўжо шмат чаго матэрыялізавалася ў якасьці вядомай канцэпцыі "пояс добрасуседзтва", якую Беларусь адбудоўвае ўздоўж сваіх межаў. І ў гандлёва-эканамічнай сфэры -- сьведчаньнем чаму можа служыць нязьменна добрая дынаміка гандлёва-эканамічных стасункаў паміж нашымі краінамі".

Беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў зазначае, што з пасады міністра замежных справаў дыплямат звычайна едзе амбасадарам у самыя значныя сталіцы. Нават Беларусь тут не выключэньне -- прыкладам, Уладзімер Сянько накіраваўся ў Парыж, Міхаіл Хвастоў -- у Вашынгтон. Як жа тады патлумачыць прызначэньне экс-міністра Валёніса амбасадарам у Беларусь?

(Фёдараў: ) "Трэба ведаць іх унутраныя абставіны, можа гэтыя месцы ў Парыжы, Брусэлі ці Вашынгтоне ўжо занятыя. Тое, што яго накіроўваюць сюды не таму, што Беларусь зьяўляецца галоўным прыярытэтам для Літвы, гэта, для мяне, безумоўна. Тое, што гэта важны кірунак, тут сумневу няма. Але, я думаю, калі б гэтыя прэстыжныя месцы былі свабодныя, альбо ў хуткім часе маглі вызваліцца, дык спадар Валёніс паехаў бы туды".

Папярэдні амбасадар Літвы ў Беларусі Пятрас Вайцякунас у ліпені 2006 году быў прызначаны міністрам замежных справаў сваёй краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG