Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць у Беларусі "палітычная псыхіятрыя"?


Галіна Абакунчык, Менск У Беларусі праводзіцца шэраг афіцыйных імпрэзаў, прымеркаваных да Міжнароднага дня псыхічнага здароўя. У савецкія часы псыхіятрыя заставалася па-за грамадзкім кантролем і актыўна выкарыстоўвалася ў палітычных мэтах. Ці застаецца псыхіятрыя сродкам у змаганьні з іншадумствам у сучаснай Беларусі?

Рэспубліканскі псыхіятрычны шпіталь у Навінках пад Менскам – адна з найбуйных клінічных установаў краіны, дзе праходзяць лекаваньне тысячы псыхічна неўранаважаных асобаў. На пытаньне, ці існуе ў сучаснай Беларусі палітычная псыхіятрыя, галоўная мэдсястра Гардзіена Калесьнікава не паведаміла нічога пэўнага.

(Калесьнікава: ) “Такой інфармацыі ў мяне няма. Такой няма. Прабачце”.

Аднак дзеячы палітычнай апазыцыі заяўляюць, што выкарыстаньне псыхіятрыі ў змаганьні з іншадумствам ў Беларусі апошнімі гадамі пашыраецца. Адным з прыкладаў ёсьць справа аршанскага актывіста Мікалая Разумава, якога сёлета ў красавіку шпіталізавалі ў Навінкі за тое, што ён выказаў меркаваньне пра датычнасьць вышэйшых уладных асобаў да зьнікненьня вядомых людзей. Гаворыць Мікалай Разумаў.

(Разумаў: ) “Адносна мяне, каб зьмясьціць у такую клініку, паляваньне вялася вельмі даўно. І туды зьмяшчаюць палітычных асобаў ня проста так. Па-першае, там праводзіцца так званы моцны прэсінг. Складаюць умовы, каб чалавек упершыню не пазнаў сябе чалавекам. Мне неяк удалося ўсё гэта прайсьці, не зважаючы на тое, што мне і параною прыпісвалі і гэтак далей. Але яны мяне не зламалі. Хоць на гэты час адбылося тое, што адбылося”.

Нагадаю, што за сваё выказваньне спадар Разумаў атрымаў тры гады так званай хіміі і зараз мусіць быць адпраўлены адбываць пакараньне. Таксама сёлета, у ліпені, у аддзяленьні судова-мэдычнай экспэртызы Навінак каля месяца пратрымалі кіраўніцу беларускага адзьдзяленьня расейскага грамадзкага руху «Веча» Кацярыну Садоўскую. Як яна лічыць, за актыўную праваабарончую дзейнасьць. А старшыня жыльлёвага каапэратыву зь Віцебску Жана Папова апынулася ў Навінках пасьля таго, як выявіла факты фінансавага махлярства мясцовых чыноўнікаў. Гаворыць Жана Папова.

(Папова: ) “Міліцыя ўварвалася да мяне ў кватэру, а пасьля мне інкрымінавалі артыкул аб гвалце над міліцыяй. Усе дагэтуль сьмяюцца, як я, жанчына, магла гвалціць чатырох міліцыянэраў. Суд вынес пастанову пра пяць месяцаў арышту і цягам месяца я мусіла прайсьці прымусовую стацыянарную псыхіятрычную экспэртызу”.

Як паведаміла спадарыня Папова, вінаватых за сваю зьнявагу яна намерваецца пакараць праз суд. Дэпутатка віцебскага гарсавету Вольга Карач перакананая, што гэтыя і іншыя прыклады сьведчаць на выкарыстаньне псыхіятрыі ў палітычных мэтах і ў змаганьні з іншадумствам у сучаснай Беларусі. І гэтая практыка толькі набірае моц, кажа спадарыня Карач.

(Карач: ) “На маю думку, гэта пачатак хвалі рэпрэсіяў. Бо і спадарыню Жану, і таго ж Разумава прызналі здаровымі. Гэта значыць, што дактары пакуль што змагаюцца, як яны гэта могуць. Але дзе гарантыя, што заўтра іх не зламаюць, і заўтра вы ці я, ці які-небудзь палітык не апынецца ў той жа псыхушцы з тым жа кляймом, што ён вар’ят? Гэтая тэндэнцыя да таго, каб проста вымазаць людзей у брудзе ў вачах грамадзкасьці. Вяртаюцца савецкія часы і гэта вельмі сумна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG