Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чэслаў Сіповіч


Уладзімер Арлоў, Менск

8.12.1914, в. Дзедзіна (цяпер Мёрскі раён) — 4.10.1981, Лёндан.

На лёнданскіх могілках сьвятога Панкраца ёсьць невялікі беларускі нэкропаль. Побач з агульным помнікам айцам Льву Гарошку і Язэпу Германовічу, вядомаму як паэт Вінцук Адважны, спачывае прах уладыкі Чэслава Сіповіча, першага беларускага грэка-каталіцкага біскупа ХХ стагодзьдзя. На надмагільлі надпіс лацінкаю: “Кab usje byli jak adno”.

Пакліканьне да царкоўнага жыцьця Чэсь адчуў зь дзяцінства, што і прывяло яго ў гімназію пры Друйскім кляштары беларускіх айцоў-марыянаў. Як самыя блаславёныя гады прыгадваў Сіповіч час, калі слухаў у Віленскай alma mater курсы філязофіі й тэалёгіі й жыў у доме марыянаў, якім кіраваў а.Язэп Германовіч. Атрымаўшы магчымасьць працягваць навучаньне ў Рыме, Чэслаў прыняў бізантыйскі абрад. Папскі Грыгарыянскі ўнівэрсытэт ён скончыў ужо сьвятаром.

Пасьля Другой сусьветнай вайны а.Чэслаў Сіповіч стаў заснавальнікам і першым рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане, дзе браў чынны ўдзел у дзейнасьці Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі і Ангелька-беларускага таварыства, шмат гадоў супрацоўнічаў з часопісам “Божым шляхам”. Як апостальскі візытатар беларусаў-католікаў абодвух абрадаў у эміграцыі ён зьдзейсьніў два падарожжы вакол сьвету, прывозячы адусюль архівы й бібліяграфічныя рэдкасьці для фондаў будучай Лёнданскай бібліятэкі імя Францішка Скарыны, сваёй даўняй запаветнай мары.

Адкрыцьцё Скарынаўкі ў траўні 1971-га падаравала яму адзін з самых шчасьлівых дзён жыцьця. Ёсьць нешта сымбалічнае ў тым, што якраз у дзень адзначэньня 10-годзьдзя бібліятэкі, якая зрабілася найбагацейшым беларускім кнігазборам па-за межамі Беларусі, уладыка адышоў у лепшы сьвет. Гэта здарылася роўна чвэрць стагодзьдзя таму. Сіповіч толькі-толькі пасьпеў адслужыць сьвяточную літургію ў лёнданскай Беларускай царкве сьвятых апосталаў Пятра і Паўла.

Своеасаблівым помнікам нашаму грэка-каталіцкаму ўладыку сталася кніга айца Аляксандра Надсана “Біскуп Чэслаў Сіповіч. Сьвятар і беларус”, якая выйшла ў 2004-м у Менску і амаль адразу трапіла ў разрад рарытэтаў.
XS
SM
MD
LG