Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні Альбом. Людміла Зыкіна


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні Альбом".

На пачатку шасьцідзясятых гадоў заявіла пра сябе сьпявачка Людміла Зыкіна, і адразу завалодала слыхам беларускіх жанчын. Сьпявачка стварыла сцэнічны вобраз кабеты, якая з прыхаванай сьлязой апавядала пра штосьці назаўсёды страчанае, падступна забытае, згубленае ў мітусьлівым гарадзкім жыцьці. Фальклёрна-напеўны вакал апанаваў жаночыя душы ўжо ў першым гіту, які Зыкіна выканала дуэтам з папулярнай на той час сьпявачкай Рабінкінай. Гэта была песьня “Огней так много золотых”, безь якой потым не абыходзілася аніводная бяседа і гулянка.

Людміла Зыкіна была ўлюбёнай сьпявачкай маёй маці. Памятаю, зь якім захапленьнем слухала маці гарэзьлівую песеньку пра маладога марымана, што прыехаў на пабыўку. “От чего у нас в посёлке у девчат переполох?” Кружэлка з запісам гэтай песьні не здымалася з дыску прайгравальніку, і за часамі свайго юнацтва мне давялося пачуць яе безьліч разоў. Яе таксама сьпявалі на гулянках і аднойчы, з вуснаў дарэшты ўпітага дзядзькі, пачуў яе фальклёрны фінал. “Где под солнцем вьюга, ширь безбрежная, ждёт меня подруга – жонка Брежнева”.

А вось бацька Зыкіну ня надта мілаваў. Кожнага разу, пабачыўшы яе на тэлеэкране, выдыхаў: “Ужо і сцэна прагінаецца”: Людміла Георгіеўна кожнага году набірала ня толькі грамадзкай, але й фізычнай вагі. Ну а мяне з гэтай сьпявачкай зьвязвала адна прыгода. Аднойчы, калі мы зь сябрамі пускалі па ветры грамафонныя кружэлкі – была ў нас такая забава, -- я выпадкова заехаў “саракапяткай” зь песьняй “Край наш пензенскі”, якую выконвала Зыкіна, у лоб суседу з восьмай кватэры.

Без удзелу згаданай сьпявачкі не абыходзіўся аніводны сьвяточны канцэрт у крамлёўскім палацы зьездаў. Людміла Георгіеўна поўніла этэр песьнямі-плачкамі пра разанскіх мадонаў, пра волскія прасторы і арэнбурскія пуховыя хусткі. Напачатку сьпевы ейныя суправаджалі два баяністы, а потым падключыўся аркестар усесаюзнага радыё і тэлебачаньня. Неўзабаве Зыкіна запела кантаты пра Леніна, і ў 1970 годзе атрымала за сваю канцэртную дзейнасьць Ленінскую прэмію. Тым часам пайшлі гуляць чуткі, што Людміла Георгіеўна мае інтымную сувязь з савецкім прэм’ерам Аляксеем Касыгіным. Што да Касыгіна, дык гэта справа цёмная, а вось што Людміла Георгіеўна сябравала зь міністрам культуры Кацярынай Аляксееўнай Фурцавай, дык гэта дакладна. Жанчыны разам бавілі час, разам езьдзілі за мяжу і, вазьму на сябе сьмеласьць сьцьвярджаць, час ад часу, нястройным дуэтам, сьпявалі песьню пра залатыя агні на вуліцах Саратава ды іншыя песьні з рэпэртуару Людмілы Зыкінай.
XS
SM
MD
LG