Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа. 4 кастрычніка


Юлія Шарова, Менск

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць навіну пра тое, што сем польскіх ксяндзоў і пяць манашак з Гарадзенскай эпархіі больш ня будуць працаваць у Беларусі – ім не падоўжылі адпаведны дазвол. Улады матывуюць гэта тым, што ў касьцёлах павінна быць болей беларускіх сьвятароў. Вось як камэнтуюць навіну ўдзельнікі форуму:

“Упэўнены, што калі б Польшча ўсяляк дапамагала Беларусі, падтрымлівала яе інтарэсы ў Эўразьвязе, а ня гадзіла дзе толькі можна, дык і стаўленьне было б іншае”.

“Улады вельмі засьцерагаюцца, што польскія ксяндзы будуць весьці свае службы зусім ня ў іхных інтарэсах”.

“Гэта што? “Купляйце беларускае” на духоўны капыл?”

“А вось дарэчы малады ксёндз у Горадні ў Вішняўцы зьявіўся, ён увогуле расеец… ён таксама замежнік? Калі яго вышлюць, дык моладзь, якой ён гэтак пасьпяхова займаецца, можа вельмі адхіліцца ад каталіцкіх прынцыпаў…”

На форумах сайту Гомельскага абласнога камітэту БРСМ гаворка ідзе пра нацыянальную ідэю. Нехта Славянін выкладае свае думкі наконт “цудоўнага росквіту дзяржавы Расейскай, Беларускай, Славянаў”. Росквіт гэты зьвязаны са стварэньнем радавых маёнткаў на грунце звычайных лецішчаў. “Досьвед дачнікаў Расеі, – піша Славянін, – можа паслужыць яскравым прыкладам… Радавы маёнтак – месца, дзе будуць нараджацца й жыць вашыя нашчадкі, прыгадваць добрым словам заснавальніка, роданачальніка. Дзе вы пасадзіце дрэва, напрыклад, дуб ці кедр, які расьце да 550 год… Жывое ўладкаваньне, закладзенае вамі, будзе ўдасканальвацца, узмацняцца, разрастацца стагодзьдзямі… Толькі на ўласнай дзялцы можна вырасьціць дастатковую колькасьць смачнай і здаровай сельскагаспадарчай прадукцыі; насалоджвацца ўсё лета сьвежай, сапраўды экалягічна чыстай гароднінай, садавінай, а ўзімку цудоўнымі саленьнямі…”

А інтэрнэт-рэсурс Трэці шлях прапануе сваім наведнікам “паслухаць бацьку”. Нехта DJ Mikoz стварыў новую кампазыцыю на матыў беларускага дзяржаўнага гімну.

Ураджэнка Беларусі aneta_spb, якая цяпер жыве ў Санкт-Пецярбурзе, піша ў сваім блогу: “Разумны дырэктар навукова-вытворчага аб’яднаньня. Прыемны ў дачыненьнях, падцягнуты, нягледзячы на ўзрост. Мова правільная, пецярбургская. На разьвітаньне я запыталася: “А скажыце, адкуль вы родам?” – “Я – беларус, з Магілёўскай вобласьці…” Карацей, я адразу даўмелася па прозьвішчы – на “…еня”. І потым, я заўсёды адрозьніваю беларусаў, часта – па вельмі правільнай мове”. І вось адзін з камэнтароў да допісу aneta’y: “А ўвогуле ў савецкіх рэспубліках размаўлялі правільней, чым на бясконцых абшарах тытульнай. У якойсьці Алма-Аце ў рэйсавым аўтобусе выпадковы пасажыр мог дыктарскай тырадай папрасіць квіточак прабіць. І ў Кёнігсбэрзе дагэтуль яшчэ па інэрцыі правільна размаўляюць. Гіпотэза: калі сваёй мовы пазбаўляюць, на злосьць расейскую вучыш цот у цот”.

Пра “піцерскіх беларусаў” піша таксама палітоляг Аляксандар Фядута ў сваім блогу: “…сустрэў “Міколу Піцерскага” – прафэсара Мікалая Мікалаева зь Пецярбурга. Таго самага, які адшукаў рукапісную Біблію на старабеларускай мове, напісаную яшчэ да Скарыны… Мікола сказаў, што ў Валянціна Пятровіча Грыцкевіча, выбітнага нашага патрыёта – гісторыка, брата Анатоля Пятровіча, – інсульт. Ужо другі… І яшчэ адна сумная навіна. Памерла дачка Максіма Гарэцкага – там жа ж, у Піцеры, у сьціплай кватэры на праспэкце Бальшавікоў. Задоўга да сьмерці давяла свае справы да ладу. Вялікі архіў перадала у наш БДАМЛІМ (Музэй літаратуры і мастацтва) Ганьне Запартыцы. Кнігі раздарыла піцерскім беларусам. У пустой кватэры апроч тэлевізара з “раскошы” была толькі этажэрка са зборам твораў Максіма Гарэцкага, ейнага бацькі…”

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG