Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: чаму інвэстары абмінаюць Эўрарэгіён “Нёман”?


Радыё Свабода У Горадні адкрылася шматгаліновая выстава-кірмаш “Эўрарэгіён “Нёман 2006”. Асноўная яе мэта — актывізаваць гандлёва-эканамічныя сувязі памежных рэгіёнаў Беларусі, Літвы, Польшчы й Расеі. Аднак сярод удзельнікаў толькі дзьве турыстычныя фірмы зь Літвы й адна польская фірма, вытворца кавы.

Як і звычайна, на выставе прадстаўленыя пераважна прадпрыемствы Гарадзеншчыны. Наведнікі частуюцца ваўкавыскімі каўбасамі, гарадзенскім хлебам, лідзкім півам.

Генэральны консул Рэспублікі Польшча ў Горадні Анджэй Крэнтоўскі ледзь знайшоў прадстаўніцтва адзінай польскай фірмы. І вось што ён сказаў нашаму радыё:

(Крэнтоўскі: ) “Польскі бізнэс прысутнічае ў Беларусі й прысутнічае ў выглядзе капіталу, бо так дзейнічаць зручней, чым засноўваць новыя фірмы. Магчыма, тут зьменяцца законы датычна інвэстараў, капіталу, фірмаў — і тады, напэўна, іх зьявіцца больш”.

Дырэктар грамадзкай асацыяцыі літоўскіх муніцыпалітэтаў “Эўрарэгіёну “Нёман” Гінтарас Скамарочыўс заўважае, што буйныя літоўскія фірмы прысутнічаюць у Беларусі й даволі пасьпяхова працуюць. Але прадстаўнікі дробнага й сярэдняга бізнэсу спрабуюць зарабіць на Захадзе, абмінаючы кантакты з суседзямі. І вось як ён гэта тлумачыць:

(Скамарочыўс: ) “Сёньня можна казаць, што, з аднаго боку, гэта было памылкай, але, з другога боку, умовы для вядзеньня бізнэсу ў Беларусі пакуль далёка не ідэальныя”.

Упершыню ў выставе ўдзельнічалі вытворцы паўночна-заходняй адміністрацыйнай акругі Масквы. Іхная дэлегацыя выглядала колькасна прадстаўніча, аднак сярод прадукцыі былі пераважна матрошкі, малочныя вырабы, дзіцячае адзеньне.

Я пацікавіўся ў прадстаўніцы прэфэктуры паўночна-заходняй адміністрацыйнай акругі Масквы Марыны Трыкоз: чаму ў іхнай дэлегацыі няма буйных маскоўскіх бізнэсоўцаў?

(Трыкоз: ) “Мы гатовыя ўкладваць інвэстыцыі. Я ведаю, што Беларусі яны патрэбныя, але нарматыўная база ў вашай краіне трохі нас турбуе.Нашы прадпрымальнікі баяцца ўкладваць грошы. У вас няма магчымасьці для прыватызацыі ўласнасьці”.
XS
SM
MD
LG