Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мечыслаў Яскевіч атрымаў 4 сутак арышту (фота)


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні паўторна адбыўся суд па адміністрацыйнай справе Мечыслава Яскевіча — актывіста Саюзу палякаў, не прызнаванага ўладамі. Судзьдзя Людміла Жук прызнала яго вінаватым у хуліганскіх дзеяньнях адносна здымачнай групы тэлебачаньня й арыштавала на 4 сутак. Але ён ужо адбыў пакараньне — у жніўні яго трымалі ў спэцпрыёмніку якраз 4 дні.

Паўтара месяца таму Мечыслава Яскевіча судзілі разам зь ягоным калегам Андрэем Пачобутам, але Яскевіча суд тады апраўдаў.

Сёньня высьветлілася, што супрацоўнікі тэлебачаньня Лобан і Бялятка мінулы раз у судзе засьведчылі, што перашкаджаў ім здымаць сюжэт для тэленавінаў толькі Пачобут, таму адносна Яскевіча справу спынілі. Але потым журналісты напісалі заяву ў Кастрычніцкую раённую пракуратуру, заяўляючы, што не задаволеныя судовым рашэньнем адносна Яскевіча. Адвакат Уладзімер Кісялевіч так ацаніў гэтыя дзеяньні:

(Кісялевіч: ) “Лобан і Бялятка, каб справу з абвінавачаньнем Яскевіча вярнуць у суд, напісалі заяву ў пракуратуру. Я думаю, што гэта было зроблена з ініцыятывы адпаведных спэцслужбаў або супрацоўнікаў міліцыі. Гэтая заява стала падставай для вынясеньня пратэсту з боку пракуратуры і ў выніку — адмены пастановы судзьдзі”.

Сёньня ў судзе апэратар Андрэй Бялятка сьцьвердзіў, што яму напраўду перашкаджалі працаваць, таксама Яскевіч. Судзьдзя Людміла Жук мусіла запытацца: калі Бялятка гаварыў у судзе праўду — мінулы раз ці сёньня? Апэратар спаслаўся на тое, што мінул раз актывісты Саюзу палякаў ціснулі на яго псыхалягічна пытаньнямі “Як вам ня сорамна? Дзе вашае сумленьне?”, таму ён ня здолеў даць праўдзівых паказаньняў.

У судзе былі таксама два новыя сьведкі з боку міліцыі. Участковы Віктар Масальскі сказаў, што жыве ў інтэрнаце насупраць вайсковых могілак. Аднойчы ён пачуў праз фортку польскія сьпевы, а затым праз акно на чацьвертым паверсе ўбачыў, што здымачнай групе тэлебачаньня перашкаджаюць працаваць, у тым ліку Мечыслаў Яскевіч. Другі сьведка — Валеры Тышчанка сказаў, што ішоў па вуліцы міма вайсковых могілак і ўбачыў з адлегласьці 100—150 мэтраў, што там адбываецца нейкая штурханіна і нехта захіляе відэакамэру газэтамі.

Пасьля заканчэньня судовага разбору адвакат Уладзімер Кісялевіч заявіў, што справа мае палітычны характар і Мечыслава Яскевіча перасьледуюць за ягоны ўдзел у польскім грамадзкім руху.



Мечыслаў Яскевіч у судовай залі



15 жніўня здымачная група мясцовага тэлебачаньня рабіла сюжэт на вайсковых могілках, дзе актывісты Саюзу палякаў і супрацоўнікі польскага консульства ўшаноўвалі памяць жаўнераў Войска польскага. Праз тры дні міліцыя затрымала Андрэя Пачобута і Мечыслава Яскевіча. Іх пратрымалі ў спэцпрыёмніку 4 дні, пакуль суд не пастанавіў арыштаваць Пачобута на 10 сутак, а справу адносна Яскевіча спыніць і выпусьціць яго на волю.

XS
SM
MD
LG