Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея працягвае ціск на Грузію


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Канфлікт паміж Масквой і Тбілісі, які пачаўся на мінулым тыдні з арышту расейскіх афіцэраў паводле абвінавачваньня ў шпіянажы, працягваецца. Нягледзячы на тое, што Грузія пры пасярэдніцтве АБСЭ выдала Расеі затрыманых грамадзянаў, учора была ўведзеная транспартная і паштовая блякада Грузіі. Сёньня Масква працягвала ціск на Тбілісі.

Сваё слова сказалі расейскія заканадаўцы. Дзяржаўная Дума прыняла заяву, у якой падтрымала эканамічныя санкцыі супраць Грузіі. У заяве дзеяньні грузінскіх уладаў названыя “дзяржаўным тэрарызмам”. Раней так іх назваў расейскі прэзыдэнт. А сёньня перад абмеркаваньнем пытаньня ў Думе на сустрэчы з кіраўнікамі яе фракцыяў прэзыдэнт Ўладзімір Пуцін адзначыў, што расейскае грамадзтва аднадушнае ў сваёй ацэнцы сытуацыі.

(Пуцін:) “Такая кансалідацыя ўсіх грамадзкіх сілаў у краіне знаходзіць зусім відавочную падтрымку ў бальшыні грамадзянаў Расеі, што будзе спрыяць забесьпячэньню правоў нашых грамадзянаў у блізкім і далёкім замежжы. Я, натуральна, гавару гэта, маючы на ўвазе Грузію. І я нікому б ня раіў размаўляць з Расеяй мовай правакацыяў і шантажу.”

Расея таксама спрабуе націснуць на Грузію праз Арганізацыю Аб’яднаных Нацыяў. Яна перадала на разгляд Рады бясьпекі праект рэзалюцыі, у якім сярод іншага ўтрымліваюцца патрабаваньні спыніць, як там запісана, “правакацыйныя дзеяньні” Тбілісі адносна Абхазіі і вывесьці войскі з Кадорскай цясьніны. А ў сваім выступе на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры міністар замежных справаў Расеі абвінаваціў кіраўніцтва Грузіі ў падрыхтоўцы “сілавога варыянту” разьвязаньня канфліктаў з Абхазіяй і Паўднёвай Асэтыяй.

У Маскве міліцыя зачыніла ўстановы, якія належаць грузінам, -- казіно, рэстараны, кафэ. Праваабаронцы выказваюць занепакоенасьць затрымкай у Маскве этнічных грузінаў паводле абвінавачаньня ў парушэньні міграцыйнага заканадаўства і ў незаконным знаходжаньні на тэрыторыі Расеі. Тры школы Групы расейскіх войскаў у Закаўказьзі – ў Тбілісі, Батумі і Ахалкалакі – абвясьцілі, што больш ня будуць навучаць грузінскіх дзяцей.

Транспартная блякада Расеяй Грузіі ўдарыла і па расейскіх грамадзянах. Тыя, хто, зьбіраўся гэтымі днямі, вылецець з Грузіі на радзіму, ня могуць гэтага зрабіць наўпрост. Грузінскія авіялініі арганізоўваюць альтэрнатыўныя схемы перавозкі пасажыраў, праз трэція краіны. Вымушаныя здаваць квіткі пасажыры, якія зьбіраліся ехаць у Расею чыгункай ці марскім шляхам.

Тым часам грузінскае міністэрства замежных справаў заявіла, што не зьбіраецца прымаць у адказ ніякіх захадаў супраць Расеі. Прыкладам, Грузія не зачыняе сваю паветраную прастору для транзыту расейскіх лайнэраў, як і раней, расейскія грамадзяне могуць атрымаць грузінскую візу непасрэдна на мяжы. Пакуль не плянуецца абмежаваньне і імпарту расейскіх тавараў. Аднак, як заявіў міністар абароны Грузіі Іраклій Акруашвілі, кантроль за перамяшчэньнем расейскіх вайскоўцаў і зброі можа стаць больш пільным. Карэспандэнт Радыё Свабода ў Тбілісі паведамляе, што парлямэнцкая апазыцыя падтрымлівае прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі, і нават заяўляе, што наступным крокам павінен стаць выхад Грузіі з СНД і поўнае спыненьне мандату расейскіх міратворцаў у Абхазіі і Паўднёвай Асэтыіі.

Міжнародная супольнасьць выказвае занепакоенасьць нарастаньнем канфлікту паміж Тбілісі і Масквой і заклікае абодва бакі да дыялёгу. Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Том Кэйсі такім чынам выказаў пазыцыю сваёй краіны.

(Кэйсі:) “Мы лічым сябе сябрамі як Грузіі, гэтак і Расеі, і мы хочам, каб супярэчнасьці паміж дзьвюма дзяржавамі былі разьвязаныя хутка і мірна. Вось чаму мы ня робім ніякіх крокаў, якія б уступілі ў супярэчнасьць з гэтай галоўнай, жыцьцёва важнай задачай”.
XS
SM
MD
LG