Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты Грамады — пра галадоўку салідарнасьці з А.Казуліным


Радыё Свабода Пэнсіянэр з Наваполацку Анатоль Кулік пачаў палітычную галадоўку. Ён хоча прыцягнуць увагу да Аляксандра Казуліна.

Былы кандыдат на прэзыдэнта заявіў, што намерваецца распачаць бестэрміновую галадоўку з 20 кастрычніка. Як ацэньваюць акцыю салідарнасьці паплечнікі Аляксандра Казуліна зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада)?

Сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) сабралі адмысловае паседжаньне прэзыдыюму, каб абмеркаваць заяву лідэра. Галадоўку на знак салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным, якую распачаў спадар Кулік, камэнтуе намесьнік старшыні партыі Анатоль Ляўковіч:

(Ляўковіч: ) “Салідарнасьць — гэта моцны крок. Але на галадоўку я гляджу скептычна. Бо такі досьвед мы ўжо маем: улада на гэта мала рэагуе, а грамадзкасьць мала ведае. Усё ж я лічу, што нас, апазыцыянэраў, ня так і шмат, і мы павінны быць жывыя й здаровыя. Мы будзем зьвяртацца й да лідэра партыі — што ён нам патрэбны жывы й здаровы. І толькі тады можна будзе перамагчы гэтую ўладу”.

Скептычна да галадоўкі як акцыі пратэсту ставіцца й другі намесьнік кіраўніка партыі Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “У нас ужо адбываецца, як кажуць, крызіс жанру. Да гэтага прывыклі і народ, і ўлада, і нашыя партнэры за мяжой. Усё ж лёс Аляксандра Казуліна, як і іншых палітзьняволеных, знаходзіцца ў руках не беларусаў. Патрэбныя нейкія моцныя рашэньні на Захадзе: Эўразьвяз, Рада Эўропы, Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ. Вельмі небясьпечна рабіць тое, што робяць нашыя калегі. Голад — гэта пратэст, але ці ёсьць надзея, што гэта дасьць чаканы вынік?”

Галадоўку лічыць небясьпечнай і Алег Воўчак. Аднак, паводле ягоных словаў, да акцыі салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным гатовыя падключыцца іншыя партыйцы.

(Воўчак: ) “Галадоўкі — яны толькі спрыяюць гэтаму рэжыму, але мы павінны дапамагаць людзям. Таму ў нас яшчэ некалькі чалавек заявілі, што яны таксама з 20 кастрычніка пачнуць галадаць — каб прыцягнуць увагу ня толькі беларускай грамадзкасьці, але і замежнай”.

Яшчэ адзін сябра Грамады, Аляксей Кароль, называе галадоўку Анатоля Куліка і заяву Аляксандра Казуліна крокам адчаю — і вось як гэта камэнтуе:

(Кароль: ) “Я пакуль што не лічу мэтазгодным выкарыстоўваць галадоўку як сродак пратэсту і прыцягненьня ўвагі. Хаця таксама з павагай стаўлюся да гэтага мужнага кроку. Цяпер мы працягваем і ўзмацняем кампанію салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным, найперш інфармацыйную. Галадоўка — гэта апошні сродак, калі ўсё безнадзейна. Альбо, калі настрой у грамадзтве дасьпеў да таго, каб адгукнуцца, каб перавесьці гэтую акцыю ў масавы пратэст і выйсьці на перамогу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG