Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вянок памяці. Бэла Шарашэўская


Радыё Свабода Пайшла з жыцьця Бэла Шарашэўская. Нямногія людзі ведаюць Менск і яго гістарычна-культурную мінуўшчыну так, як ведала іх яна. Сваю любоў да гораду, у якім жылі некалькі пакаленьняў яе продкаў, яна пакінула ў кнізе “На старой Нямізе”. Кніга, як і аўтарка, амаль забытая менчукамі.

Бэла Шарашэўская належала да пакаленьня, якое адгуляла школьны выпускны баль у дзень пачатку вайны. І менская Няміга так і засталася ў яе сьвядомасьці не кранутаю ні нямецкімі бомбамі, ні савецкімі экскаватарамі. Гэтая мінуўшчына яе вачыма абудзіла ў маладым архітэктару Ўладзімеру Папругу ня толькі прафэсійнае жаданьне захоўваць воблік роднага гораду, але і зразумець ягоны дух.

(Папруга: ) “Бэла Міронаўна належала да тых людзей, якія зьяўляюцца жывымі носьбітамі душы гораду ці вёскі, паселішча, у якім яны нарадзіліся, жывуць і перадаюць гэта іншым”.

Калі ў 1965 годзе мясьціну жыцьця яе продкаў пачалі пад выглядам рэстаўрацыі руйнаваць, спадарыня Шарашэўская ўспрыняла гэта як вялікую асабістую трагедыю. Народжаная ў сям’і рабінаў, якія ня толькі жылі на Нямізе, але й служылі там у так званай халоднай сынагозе, яна хацела, каб дух продкаў ня зьнік пад друзам разбураных хат і сьвятыняў. Усё, што яна магла рэальна зрабіць, гэта напісаць пра сваю радзіму.

Кніга Шарашэўскай “На старой Нямізе” выйшла на пачатку 1980-х і адразу стала бібліяграфічнай рэдкасьцю. Уладзімеру Папругу далі пачытаць яе падчас кампаніі пратэстаў супраць новае хвалі разбурэньняў на Нямізе ў 2004 годзе старажылы гэтага месца.

(Папруга: ) “Я нічога больш з душой напісанага пра Менск, пра гісторыю канкрэтных людзей, якія жылі на гэтым месцы — маецца на ўвазе Няміга — не чытаў. Простыя чалавечыя гісторыі, але столькі сэрца, столькі пачуцьцяў, столькі рэфлексіяў, успамінаў! Мяне гэта ўразіла, і я пазнаёміўся зь ёй. Таму гэты чалавек проста незаменны, калі азірацца на тую пустэльню, якая існуе цяпер у культурнай прасторы”.

Бэла Шарашэўская працавала на дзяржаўным радыё, і пісьменьніку Валянціну Тарасу яна запомнілася з агульных колісь журналісцкіх кампаніяў як чалавек няпростага лёсу, не зразуметы блізкімі.

(Тарас: ) “Яна мне запомнілася чалавекам ня з гэтага сьвету, чалавекам абсалютна такога ідэалістычнага складу. Мне здаецца, што яна кепска разумела, што адбываецца вакол у паўсядзённым жыцьці, у тым ліку й грамадзкім жыцьці. Нездарма яна многа гадоў таму прыняла хрысьціянства і ў нейкім храме была служкай — здаецца, прыбіральшчыцай. Для яе гэта быў натуральны крок. Гэта быў крок у той сьвет, у той асяродак, у якім яна, відаць, найбольш адчувала сябе чалавекам, некаму і для нечага патрэбным”.
XS
SM
MD
LG