Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі прэм''ер: санкцыі і дарагія візы – на карысьць дыктатуры


Тацяна Поклад, Вільня У двух інтэрвію сёньня літоўскі прэм''ер падрабязна выказаўся пра дачыненьні Літвы і Беларусі. Гедымінас Кіркілас заявіў, што не падтрымае увядзеньне Эўразьвязам эканамічных санкцыяў супраць Беларусі.

І эканамічныя санкцыі, і павелічэньне коштаў на візы да 60 эўра ў краіны Эўразьвязу толькі павялічаць ізаляцыю Беларусі. “А гэта вельмі карысна рэжыму”, – заявіў літоўскі прэм''ер.

Паводле літоўскага прэм''ера, такія санкцыі пашкодзяць звычайным жыхарам краіны, аднак ніякім чынам не паўплываюць на рэжым Лукашэнкі.

Гедымінас Кіркілас заявіў гэта, камэнтуючы балтыйскаму агенцтву БНС прапановы Эўразьвязу часова выключыць Беларусь з сыстэмы агульных ільготаў у гандлі. Ён дадаў у другім сваім сёньняшнім інтэрвію – агенцтву “Інтэрфакс”, што эканамічныя санкцыі могуць ужывацца толькі ў крайніх выпадках – калі, напрыклад, ёсьць пагроза зброі масавага зьнішчэньня.

На мінулым тыдні ў часе сустрэчы групы экспэртаў Эўразьвязу Літва, Польшча, Латвія, Грэцыя і Кіпр галасавалі супраць гэтай прапановы, а Італія, Чэхія і Славакія ўстрымаліся. Цяпер амбасадары Эўразьвязу маюць ізноў абмеркаваць гэтае пытаньне ў Брусэлі 12 кастрычніка.

Літоўскі прэм''ер заявіў сёньня агенцтву БНС:

(Кіркілас: ) “Мы выказваемся за больш жорсткія палітычныя меры ў дачыненьні да Беларусі, але не падтрымаем эканамічныя санкцыі, якія гэтак абцяжараць жыцьцё людзей ў Беларусі. Калі трэба ўзмацняць санкцыі супраць Менску, то давайце павялічым колькасьць беларускіх чыноўнікаў, якім забароненыя ўезд у Эўразьвяз, ад адной тысячы да дзьвюх тысяч. Мы прапануем лепш ажывіць, аднавіць палітыку суседзтва Эўразьвязу, а палітычнымі санкцыямі паказаць, што ня людзі Беларусі, а дыктатура Лукашэнкі па-за законам ”.

Але Літва далучыцца да агульнай пазыцыі Эўразьвязу, калі эканамічныя санкцыі ўсё ж такі будуць прынятыя.

У інтэрвію “Інтэрфаксу” Г.Кіркілас дадаў, што Літва супраць палітыкі супрацьпастаўленьня блёкаў НАТО і Арганізацыі калектыўнай бясьпекі, а таксама заклікаў Беларусь у справе выбару партоў-партнэраў, – Калінінграда ці Клайпеды, – кіравацца эканамічнымі, а не палітычнымі аргумэнтамі. Г.Кіркілас падкрэсьліў, што Клайпедзкі порт “працуе пад беларускія грузы” і шмат інвэстуе ў сваю інфраструктуру.

Літоўскі прэм''ер закрануў і тэму “радыеактыўнага магільніка” каля Ігналінскай АЭС, у камісіі па пабудове якога бяруць удзел і экспэрты зь Беларусі. Літоўскі прэм''ер сказаў, што сховішча будзе будавацца паводле навейшых швэдзкіх тэхналёгіяў, будзе цалкам бясьпечнае і нават адкрытае для турыстаў.
XS
SM
MD
LG