Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нас зьбіраюцца павесіць, а ў нас адно пытаньне: “Вяроўку браць сваю, ці будзе казённая?”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Тэма, якая хвалюе й цікавіць многіх нашых слухачоў — кантрактная сыстэма найму на працу й безабароннасьць наёмнага работніка перад адміністрацыяй, якая нярэдка карыстаеццца гэтай сыстэмай дзеля перасьледу нязручных падначаленых.

Ва ўмовах, калі на прадпрыемстве няма незалежнага прафсаюзу, людзям фактычна няма да каго зьвяртацца па дапамогу. Разьлічваць даводзіцца хіба што на ўмяшаньне чыноўнікаў уладанай вэртыкалі. Людзі да іх і зьвяртаюцца. На адрас мясцовых выканкамаў прыходзяць тысячы лістоў ад работнікаў, якіх звольнілі альбо зьбіраюцца звольніць са спасылкай на заканчэньне тэрміну кантракту.

Наша слухачка Марыя Лапіцкая даслала вялікі стос лістоў — сваю шматмесячную перапіску са многімі вялікімі й малымі начальнікамі, якім яна скардзілася на адміністрацыю свайго прадпрыемства. У лісьце на “Свабоду” слухачка піша:

“Ніводным адказам, атрыманым на мае звароты, я не задаволеная. На прадпрыемстве “Сьветатэхніка” працую вельмі даўно. Прэтэнзіяў з боку адміністрацыі ніколі ня мела. Але, нягледзячы на гэта, цяпер вымушаная сядзець бяз працы, дома. Бо адміністрацыя, выкарыстоўваючы дырэктыву прэзыдэнта, звольніла мяне празь непрацягненьня кантракту. Хоць, выдаючы ўказ, наш прэзыдэнт яўна меў на мэце зусім іншае.

Атрымліваецца, што кантракт не абараняе правы працоўнага інваліда, а дапамагае адміністрацыі пазбавіцца ад няўгодных людзей. І чаму звольнілі менавіта мяне? Колькі на заводзе было праверак, колькі выявілі парушэньняў. А парушальнікі й сёньня спакойна працуюць. Словам, што хочуць, тое і робяць, і няма на іх ніякай управы.

Нашы просьбы й звароты да прэзыдэнта не даходзяць, а вяртаюцца ў нашую ж адміністрацыю, якая потым пачынае нас заціскаць. А па сутнасьці, нас, інвалідаў па зроку, пазбаўляюць магчымасьці звычайных чалавечых зносінаў”.

З дасланай вамі, спадарыня Лапіцкая, перапіскі з рознымі дзяржаўнымі інстанцыямі зразумела, што кантракт не працягнулі ў сувязі з тым, што вы дасягнулі пэнсійнага веку. Дырэктар прадпрыемства ў гэтым выпадку, згодна зь беларускім заканадаўствам, мае права самастойна прымаць рашэньне, ці пакідаць пэнсіянэра на працы. У вашай сытуацыі сваю ролю, відавочна, адыграла яшчэ і тое, што прадпрыемства працуе нестабільна, попыт на ягоную прадукцыю няўстойлівы.

І калі паўстае патрэба ў скарачэньні кадраў, зразумела, што выбар найперш падае на тых, хто мае права на пэнсію, а не на тых, хто, апынуўшыся за прахадной прадпрыемства, застанецца бяз сродкаў для існаваньня. У Беларусі ня так шмат прадпрыемстваў, дзе інвалід па зроку можа знайсьці працу. Вядома, сумна, калі цябе прымусова выпраўляюць на пэнсію. Але куды больш драматычная сытуацыя, калі на працу ня можа ўладкавацца малады інвалід, у якога ўвогуле не было ніякага працоўнага месца й які адчувае сябе нікому не патрэбным.

Зрэшты, зразумела, што ва ўсіх тонкасьцях падобнага канфлікту павінен быў бы разабрацца спачатку прафсаюзны камітэт, а потым — суд.

Кароткі ліст ад Усевалада Канецкага з Рагачова — водгук на нядаўнюю прэсавую канфэрэнцыю Аляксандра Лукашэнкі, падчас якой ён заявіў пра магчымасць разрыву дачыненьняў з Расеяй у выпадку, калі тая падніме кошт газу для Беларусі. Слухач з гэтай нагоды піша:

“Лукашэнку ў свой час выбралі таму, што ён абяцаў аднаўленьне саюзу з Расеяй, адзіны рубель, адсутнасьць межаў. І дзе той адзіны саюз? Людзям, якія галасавалі за Лукашэнку, усё роўна, як будзе называцца адзіная дзяржава: Русабелія, Беларосія ці няхай нават Расейская Фэдэрацыя. Галоўнае, каб былі нізкія цэны і каб рос узровень жыцьця. А Лукашэнка цяпер падманвае гэтых сваіх выбаршчыкаў і агучвае лёзунгі нацыяналістаў пра сувэрэнітэт і незалежнасьць”.

Вы ня маеце рацыі, спадар Канецкі: большасьці сёньняшніх беларускіх грамадзянаў неабыякава, як называецца краіна, у якой яны жывуць. Тых, хто марыць пра аднаўленьне СССР альбо пра ўваходжаньне ў склад Расеі — меншасьць. І колькасьць такіх людзей з гадамі толькі зьмяншаецца. Гэта ўлічвае і прэзыдэнт Лукашэнка. Не ў апошнюю чаргу таму так зьмянілася ягоная рыторыка адносна незалежнасьці й сувэрэнітэту Беларусі ў параўнаньні з тым, што ён гаварыў у 1994 годзе, перад першымі прэзыдэнцкімі выбарамі.

Наш даўні слухач Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну ў сваім новым лісьце на “Свабоду” разважае пра тое, ці магчымыя ў Беларусі ў блізкім часе масавыя пратэсты — падобныя на тыя, што ў іншых постсавецкіх краінах ператварыліся ў каляровыя рэвалюцыі.

“Тут можна сказаць словамі Лукашэнкі: у Беларусі ніякая рэвалюцыя ня пройдзе. Я б яшчэ дадаў, што не адбудзецца нічога падобнага і ў блізкай будучыні. У нас нават самыя нязначныя й нешматлюдныя акцыі заканчваюцца пабоямі, разгонамі й арыштамі. А паглядзіце, колькі ў нас спэцслужбаў і спэцаддзелаў міліцыі, што займаюцца менавіта ўдушэньнем такіх акцыяў; якія ў іх зарплаты і пэнсіі. Было б чымсьці неверагодным, калі б наш памяркоўны і запалоханы народ у такіх умовах раптам выйшаў на вуліцу. Але калі б нават такое і здарылася, то я зусім упэўнены, што ўлады не спыніліся б перад ужываньнем сілы. Лукашэнка неяк заявіў, што будзе абараняць уладу са зброяй у руках. Паверце, так яно і было б.

Што ў нас адбылося пасьля таго, як Аляксандра Казуліна пасадзілі на пяць з паловай гадоў? Ды нічога. Думаю, калі б у Францыі ці Англіі пасадзілі ў турму “за палітыку” аднаго з кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, дык там на вуліцы выйшлі б мільёны людзей — прычым, ня толькі прыхільнікаў, але і праціўнікаў гэтага кандыдата. А ў нас, як у тым анэкдоце: улада прапануе павесіцца, а мы ёй на гэта — толькі адно пытаньне: “Вяроўку браць сваю, ці будзе казённая?”. Гэты анэкдот — пра нас. Вось таму і пытаньне аб рэвалюцыі ў нашай краіне можна ўвогуле не паднімаць”.

Вядома, спадар Валошка, усе гэтыя фактары — вельмі істотныя. І сапраўды, многае ў сёньняшняй беларускай дзяржаве і грамадзтве грунтуецца на страху, запалоханасьці, прымусе. Вонкава гэтая сыстэма выглядае даўгавечнай і непарушнай якраз таму, што рэагуе на найменшыя праявы незадаволенасьці, пратэсту, іншадумства. Але гэтыя безадмоўнасьць і адладжанасьць перастаюць дзейнічаць, калі на вуліцу выходзяць ня некалькі чалавек, а дзясяткі й сотні тысяч. Гэта ня раз засьведчвалі падзеі ў розных краінах Усходняй Эўропы, у тым ліку і ў Беларусі — згадайма, напрыклад, сярэдзіну 1990-х гадоў.

Іншая рэч, ці гатовае да такога павароту само грамадзтва, ці насьпела ўнутры яго жаданьне, прага зьменаў, гатовасьць дзеля гэтых зьменаў прыкласьці ўласныя намаганьні й чымсьці ахвяраваць?

Ліст ад нашай юнай слухачкі зь Берасьця, школьніцы Ганьнюты. На пачатку новага навучальнага году ва ўсіх беларускіх школах дзеці пісалі сачыненьне на тэму “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Як гэта адбывалася ў клясе, дзе вучыцца Ганьнюта?

“Праседзеўшы хвілін трыццаць, я (і не адна я — амаль палова клясы) не згадалі, чым жа можна ганарыцца. І сапраўды, пісаць пра прыроду — па-дзіцячаму наіўна. (У кожнай краіне ёсьць прыгожыя краявіды.) Пісаць пра чыстыя вуліцы і пафарбаваныя фасады — тупа, і на два аркушы не напішаш. Дык чым жа ганарыцца?

Можа, тым, што ў нас забараняецца беларуская мова, у заняпадзе нацыянальная літаратура, не паважаецца гісторыя? Можа, так званай эканамічнай “пасьпяховасьцю”, якая насамрэч пад вялікім пытаньнем? Можа, сацыяльным разьвіцьцём і народным дабрабытам у казачнай дзяржаве, калі ў сапраўднасьці многім сем’ям няма дзе жыць і не хапае зарплаты, каб пракарміць дзяцей? А можа, палітычнай стабільнасьцю (усе ведаюць, што пад гэтым тэрмінам маюць на ўвазе застой ва ўсіх сфэрах жыцьця, як у савецкі час).

Не знайшоўшы, чым ганарыцца ў Беларусі, я напісала пра тое, што ганаруся дынамічным разьвіцьцём Украіны. Я была там на сьвяткаваньні 15-годзьдзя ўкраінскай незалежнасьці й бачыла, як шмат значыць незалежнасьць сваёй дзяржавы для ўкраінцаў. А назву свайго сачыненьня я перарабіла: “Жыву ў Беларусі і тым не ганаруся”. Я ўпэўненая, што ў будучыні ўсё будзе па-іншаму, і такое пытаньне для юных беларусаў ня будзе выклікаць цяжкасьцяў. Я змагаюся за гэта ўжо сёньня”.

Напэўна, у няпростую сытуацыю паставілі вы, Ганьнюта, сваю настаўніцу беларускай мовы, якой выпала правяраць такое сачыненьне. Хоць насамрэч, прастора для фантазіі й творчасьці пры такой тэме сачыненьня даволі шырокая. Напэўна, кожны, хто нарадзіўся і вырас на гэтай зямлі, можа згадаць тое, што яму тут дарагое і блізкае сэрцу, што грэе душу. Наўрад ці пры гэтым чалавек у цьвярозым розуме будзе называць рост прамысловай вытворчасьці і ўстойлівасьць вэртыкалі ўлады. Але кожны згадае блізкіх і дарагіх людзей, гісторыю сваёй сям’і, свайго роду, сваёй краіны, мясьціны свайго маленства…

Зрэшты, школьнае сачыненьне — справа самастойная і творчая. І вы, Ганьнюта, мелі поўнае права напісаць тое, што лічыце патрэбным і важным.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG