Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Салідарнасьць”: “Як прэзыдэнт даярак насьмяшыў”


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ 4 кастрычніка

"Витебский курьер". 12 сутак правяла ў лесе, на мяжы Расеі і Беларусі, жыхарка Тулы, якая прыехала пагасьціць да сваякоў у Віцебск. Жанчына пайшла ў лес па журавіны і заблудзілася. Некалькі дзён яе шукалі расейскія і беларускія выратавальнікі, міліцыя. Знайшлі жанчыну на 13-ы дзень. Харчавалася яна лістамі чарніцаў, маліны, ягадамі крушыны, сырымі грыбамі, яе моцна пакусалі камары і кляшчы. Зараз жанчына знаходзіцца ў Віцебскім абласным шпіталі.

У Наваполацку пачаў працаваць гарадзкі вучнёўскі парлямэнт, куды увайшлі 27 актывістаў школьнага самакіраваньня, выдатнікаў, пераможцаў алімпіяд. Аналягаў новастворанаму органу самакіраваньня ў Беларусі няма. Дэпутаты вучнёўскага парлямэнту маюць права прысутнічаць на паседжаньнях гарвыканкама і гарадскога Савета і нават уносіць свае прапановы, піша "Витебский курьер".

“Бабруйскі кур’ер” правёў экспрэс-апытаньне “Ці можа Масква адрэагаваць на рэзкія выказваньні Лукашэнкі?” Пра найбольш цікавыя адказы бабруйчан распавядае Віктар Качан.

(Качан: ) “У тое, што будзе якая-небудзь нэгатыўная рэакцыя, я ня веру. Масква, як заўсёды, усё праглыне, бо яна спадзяецца, што рана ці позна Беларусь увойдзе ў склад Расеі. Былі такія меркаваньні, што Расея можа павысіць кошты на газ. Напрыклад, адзначылі бабруйчане, гэта як родныя: спачатку пасварацца, потым памірацца”.

“Вольнае Глыбокае”. У выходныя на вуліцах Энгельса, Вольнай і Савецкай былі паваленыя ўсе слупы з дарожнымі знакамі і платы. Паколькі многія знакі маюць папяраджальны характар, гэта стварыла небясьпеку для кіроўцаў. Паводле меркаваньняў глыбоцкіх міліцыянтаў, вандалізмам у начны час займаецца моладзь. Але вінаватыя ня знойдзеныя.

Інтэрнет-выданьне “Салідарнасьць” правяло журналісцкае расьследаваньне пра фантастычныя заробкі даярак ў 600 даляраў і навукоўцаў у 2 тысячы “зялёных”, пра якія паведаміў Лукашэнка. На Шклоўшчыне, у падшэфнай гаспадарцы Нацбанку “Александрыйскае”, дзе добра плацяць, сярэдні заробак даяркі за 8 месяцаў склаў каля 600 тысяч. Паводле афіцыйных дадзеных Мінфіну, сярэдні заробак ў сельскай гаспадарцы ў першым паўгодзьдзі – 327 тысяч рублёў. Сярэдняя зарплата па Акадэміі навук за студзень – жнівень 602 тысячы. У Інстытуце агульнай неарганічнай хіміі заробак за трэці квартал склаў каля мільёна рублёў. Матэрыял называецца “Як прэзыдэнт даярак насьмяшыў”.
XS
SM
MD
LG