Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь жыве на парахавой бочцы


Уладзімер Глод, Менск Палата прадстаўнікоў ратыфікавала пагадненьне з НАТО ў галіне матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня. Згодна зь ім Паўночна-Атлянтычны альянс дапаможа Беларусі правесьці утылізацыю супрацьпяхотных мін.

Дырэктар аналітычнага цэнтру "Scaf" у Менску Юры Загумёнаў цьвердзіць, што запасы супрацьпяхотных мін у Беларусі прадстаўляюць велізарную пагрозу:

(Загумёнаў: ) "Нам дасталася спадчына ад Савецкага Саюзу -- 4 з паловай мільёна мін, зь якіх 3,6 мільёна -- з вадкім напаўняльнікам, якія па сутнасьці зьяўляюцца хімічнай зброяй. Узарваць іх адкрытым спосабам немагчыма, паколькі пачнецца атручваньне атмасфэры ня толькі Беларусі, але і краінаў-суседзяў. Тэрмін захоўваньня гэтых мін скончыўся ў 1999 годзе. Яны захоўваюцца на складах, там, быццам, парадак, але ж... Крый Божа, дэтануе адна міна, і гэта будзе такая экалягічная катастрофа -- страшнейшая за Чарнобыль".

Пра пагрозу ведаюць і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Гаворыць Мікалй Куцко:

(Куцко: ) "У нас, у Рэчыцы, існуе база захоўваньня. І гэтая праблема адна з самых актуальных для горада. Пажары ды іншыя катаклізмы, якія могуць здарыцца, могуць прывесьці да вельмі непрадказальных вынікаў. Мы з гэтым ужо сустракаліся за гады захоўваньня".

Міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў, які выступаў перад дэпутатамі, сказаў, што НАТО самым бліжэйшым часам праз краіны-донары (Канаду ды Літву) перадасьць Беларусі 200 тысяч эўра на ўтылізацыю мін. Назіраць за працэсам іх зьнішчэньня будуць міжнародныя інспэктары, што і прадугледжвае ратыфікаванае пагадненьне. Апошняе занепакоіла дэпутатку Ганну Бураву, якая запыталася ў міністра: няўжо 200 тысяч эўра каштуюць таго, каб натаўцы перамяшчаліся па Беларусі?

Міністру давялося патлумачыць, што ўмовы дапамогі абсалютна аднолькавыя для ўсіх дзяржаў:

(Мальцаў: ) "200 тысяч эўра на дарозе не валяюцца. І навошта нам выдаткаваць свае грошы, калі іх можна ўзяць зь іншых крыніц? Напісана "страшна" -- перамяшчэньне па тэрыторыі. Але ж гэта ўсяго тры чалавекі, з спэцыяльнай агенцыі".

Леанід Мальцаў падкрэсьліў, што да 1 сакавіка 2008 году ўсе супрацьпяхотныя міны, якія неабходна ўтылізаваць, патрэбна зьнішчыць. Я пацікавіўся ў спадара Загумёнова, наколькі, на ягоную думку, рэальны такі тэрмін і ці хопіць на гэта грошай? Дырэктар аналітычнага цэнтру не сумняваецца, што натаўскі праект будзе пасьпяхова выкананы:

(Загумёнаў: ) "Пытаньне ёсьць у іншым праекце -- з Эўракамісіяй, якая выдзяляе каля трох мільёнаў эўра на зьнішчэньне выключна мін з вадкім напаўняльнікам. Нядаўна ў Жэнэве прадстаўнік Эўракамісіі казаў, што да 1 студзеня наступнага году будзе праз тэндэр вызначана кампанія, якая прадставіць самую лепшую і экалягічна бясьпечную тэхналёгію. Гэтая кампанія мусіць зьнішчыць тры з гакам мільёна мін так, каб гэта не нанесла страт экалёгіі Беларусі. І за працэсам будуць сачыць эколягі, лекары ды іншыя. І яны не дапусьцяць тэхналёгію рызыкі".
XS
SM
MD
LG