Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік старшыні БАЖ сьпявае пра сакавіцкія пратэсты


Любоў Лунёва, Менск Юрыст Андрэй Бастунец, намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, у хуткім часе будзе прэзэнтаваць альбом сваіх песень. Ён паведаміў “Свабодзе”, што сёлетнія сакавіцкія падзеі паўплывалі на яго творчасьць. Аўтар пакуль не прыдумаў назву для свайго першага альбому.

Андрэй Бастунец заплянаваў выдаць альбом на кампакт-дысках. Ён разьлічвае падарыць свае песьні сябрам, журналістам і маладым людзям, якія ўдзельнічалі ў сакавіцкай акцыі на Кастрычніцкай плошчы.

(Бастунец:) “Калі рабіліся нейкія запісы для пікетаў Мілінкевіча, тым, якія гэтым займаліся, адна мая песьня спадабалася, падалася цікавай і я яе запісаў. Потым узьнікла жаданьне запісаць альбом. Больш за тое, той настрой, які панаваў на плошчы вясной, стаў вырашаючым і вызначаючым”.

Андрэй Бастунец працуе ў БАЖ некалькі гадоў. Ён на практыцы пераканаўся ў тым, што быць незалежным журналістам у Беларусі даволі небясьпечна. Ягоныя думкі на гэты конт знайшлі адлюстраваньне ў творчасьці.

(Бастунец:) “Песьня “Начальнік” мае такія радкі: “…але яшчэ ёсьць людзі, якім усяго гэтага мала”. Я лічу, што гэта людзі, якія выходзілі на плошчу; і тыя журналісты, якія займаюцца сваёй працай, нягледзячы на тое, што, магчыма, не атрымліваюць таго матэрыяльнага ўзнагароджаньня, якое заслугоўваюць. Яны рызыкуюць нават і жыццём, і здароўем, і маёмасьцю, і асабістай свабодай”.

Некалькі месяцаў таму ў журнале “Абажур” былі надрукаваныя вершы Андрэя Бастунца. Некаторыя зь іх былі пакладзеныя на музыку і ўвайшлі ў альбом песень.

Для сяброў Андрэя Бастунца было нечаканым даведацца аб тым, што ён напісаў альбом песень. Ён тлумачыць гэта тым, што Кастрычніцкая плошча моцна паўплывала на ягоны настрой.

Сакавіцкія падзеі паштурхнулі шмат каго з творцаў да напісаньня песень, вершаў, стварэньня мультымедыйных кніг і кінафільмаў.
XS
SM
MD
LG