Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Дзянісаў: “Верхні горад перажывае агонію…”


Ігар Карней, Менск Гістарычная частка Менску панесла чарговыя страты. У Верхнім горадзе практычна зьнесеныя жылы дом і комплекс гаспадарчых пабудоваў на ўчастку вуліцы Рэвалюцыйнай, датаваныя яшчэ 16 стагодзьдзем. На інфармацыйным стэндзе, які замяняе пашпарт аб’екту, паведамляецца, што прадпрыемства “Минская спадчина” вядзе рэканструкцыю будынкаў.

Аднаўленчыя працы ў гістарычным цэнтры Менску шмат хто параўноўвае з “бульдозэрнай рэстаўрацыяй”. Як кажа намесьнік старшыні менскай гарадзкой рады Беларускага таварыства аховы помнікаў Уладзімер Дзянісаў, з такімі “рэстаўрацыйнымі” тэмпамі празь некалькі гадоў Верхні горад можна выводзіць па-за дзяржаўную ахову – аўтэнтычных помнікаў тут папросту не застанецца. Практычна зруйнаванаму дому на вуліцы Рэвалюцыйнай неўзабаве давядзецца падзяліць лёс іншых гістарычных аб’ектаў, якім не знайшлося месца ў плянах забудоўшчыкаў – ад трох паверхаў адзін ужо пераўтвораны ў пыл.

(Дзянісаў: ) “Гэты ўчастак вуліцы Рэвалюцыйнай – адзіны аўтэнтычны кавалак 16 стагодзьдзя, які дайшоў да нашага часу. І гэта быў адзін з самых старых дамоў на гэтай вуліцы. І так абыходзіцца зь ім – проста барбарства. Развальваюць не адзін, як можа падацца, дом. У дварох стаяў цэлы комплекс розных будынкаў. Яны былі ўнесеныя ў сьпіс дзяржаўных помнікаў яшчэ напачатку 1980-х: дасьледаваныя спэцыялістамі Акадэміі навук, была пацьверджана канкрэтная каштоўнасьць кожнага з гэтых аб’ектаў... Гэта вельмі стары, вельмі цікавы дом зь вялікай праязной аркай, з кантрафорсамі. Ён захаваў аўтэнтычны дэкор фасадаў, старажытныя муры, захаваліся старажытныя канструкцыі гэтых будынкаў. З улікам захаваньня плянавай канструкцыі, каштоўнасьць яго вялізная. Яшчэ раз паўтару, ён быў уключаны ў рэестар гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь”.

Як удакладняе спадар Дзянісаў, разам з гэтай часткай Верхняга гораду “прывідны дом” фармальна захоўвае адметны статус – “Катэгорыя №1”. То бок, аб’ект, які мае міжнародную цікавасьць пры ўмове захаваньне аўтэнтычнага паходжаньня матэрыялаў. Паводле Ўладзімера Дзянісава, у Заходняй Эўропе галоўны падыход да захаваньня спадчыны – нават не рэстаўрацыя, а кансэрвацыя. Што і пазначана ў Міжнароднай хартыі рэстаўрацыі помнікаў. Сучасныя рэстаўрацыйныя мэтодыкі насамрэч здольная захаваць аб’ект у любым тэхнічным стане. Нават калі ён у літаральным сэнсе рассыпаецца ў пясок. Аднак беларускі досьвед грунтуецца на іншых мэтодыках.

(Дзянісаў: ) “Калі казаць пра гэты дамок – канешне, гэта вельмі непрыемна для Менску. Але самае галоўнае, што зараз пачынаюць такім жа чынам “рэстаўраваць” Нясьвіскі замак, калі пачынаюць бурыць цэлыя карпусы старажытныя 17-18 стагодзьдзяў. Нягледзячы на тое, што аб’ект унесены ў сьпіс усясьветнай спадчыны і катэгарычна забароненая такая мэтодыка правядзеньня працаў. Гэта проста абсалютная непісьменнасьць людзей, якія займаюцца канкрэтнымі работамі на гэтых аб’ектах. Таму што галоўная задача ўсіх працаў, якія вядуцца на любым помніку (калі прызнана афіцыйна, што гэта помнік) – захаваньне ягонай аўтэнтычнасьці. І, у першую чаргу, захаваньне сапраўднасьці матэрыялу, зь якога складзены гэты помнік”.

Начальнік аддзелу рэканструкцыі арганізацыі “Мінскпраект” Дзьмітрый Бубноўскі кажа, што адпаведную экспэртную ацэнку мусіць атрымаць літаральна кожны кавалак гістарычнага цэнтру, які падлягае рэстаўрацыі. Але грунтоўным дасьледаваньням перашкаджаюць сьціслыя тэрміны рэалізацыі праекту.

(Бубноўскі: ) “Зважаючы на сьціслыя тэрміны распрацоўкі праекту, яны праводзяцца паралельна з праектаваньнем. Але трэба сказаць, што першыя набліжэньні да гістарычнай даведкі ўжо праводзіліся. Распрацоўваліся, па-першае, праекты рэгенэрацыі і Траецкага прадмесьця, і Верхняга гораду. Гэта ў свой час было. У свой час распрацоўваўся таксама праект зоны аховы гістарычнага цэнтру гораду Менску. Гэта таксама было”.

Уладзімер Дзянісаў кажа: зараз Верхні горад перажывае агонію. Як сапраўдны помнік ён зьнікае: на месцы старых дамоў узводзяцца навабуды, цалкам парушаецца пляніровачная структура, гістарычны ляндшафт. Тут галоўны прынцып, лічыць экспэрт, – не захаваць помнікі, а прыстасаваць іх дзеля атрыманьня прыбытку. Бо, заўважае гісторык, калі зрабіць нават самую таленавітую копію палотнішча Рэмбранда, яна ўсё роўна ня стане арыгіналам. А гістарычную беларускую спадчыну імкнуцца менавіта падрабіць.

На здымках: чарговая ахвяра “бульдозэрнай рэстаўрацыі”.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG