Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цікеткі”


Вінцэсь Мудроў З надыходам восені ня скончыўся альбом успамінаў Вінцэся Мудрова. На хвалях Свабоды аўтар працягвае ўзгадваць рэчы – некалі страшныя, потым – сьмешныя, цяпер – забытыя.

Ня ведаю, ці займаецца хто сёньня філумэніяй – калекцыяваньнем этыкетак ад запалкавых карабкоў. Бо з канца сямідзясятых запалкі сталі прадукаваць стандартныя, з адным і тым жа малюнкам. А вось гадоў сорак – сорак пяць таму дзятва толькі гэтым і займалася. Самога слова “філумэнія” мы ня ведалі, і называлі такое захапленьне “зьбіраньнем цікетак” – у апошнім слове літара “э” не вымаўлялася. Шмат гадоў прамінула, а я дагэтуль памятаю фабрыкі, пазначаныя на “цікетках”: “Пралетарскі сьцяг” горад Чудаў – гэтыя запалкі прадаваліся ў Ленінградзе, фабрыка “Белка” горад Слабадзкой, “Ревпуть” (Злынка), “Перамога” (Верхні Ломаў), “Чырвоная зорка” (Кіраў), нарэшце, Балабанаўская экспэрымэнтальная запалкавая фабрыка. Балабанаўскія “цікеткі” былі самыя прыгожыя. Друкавалі іх насычаным колерам, на гладкай паперы.

Айчынныя запалкі вырабляла Барысаўская фанэра-запалкавая фабрыка. Адпаведна, барысаўскіх этыкетак у нашых калекцыях было больш ад усяго. Пры гэтым нацыянальная тэматыка ў іх не прысутнічала, калі не лічыць анонсу “Выписывайте и читайте газету “Звязда” – на “цікетцы” быў намаляваны чалавек з разгорнутай газэтай ў руках, ды закліку “Читайте роман Пилипа Пестрака “Встретимся на баррикадах”.

Дзеля папаўненьня калекцыі мы не грэбавалі поркацца нават на памыйніцах. Аднак “цікеткі”, якія трэба было зьдзіраць з карабкоў, ня йшлі ні ў якае параўнаньне з тымі, якія прадавалі ў філатэлістычных крамах. Яны былі загорнутыя ў цэляфанавыя пакецікі – адразу па дваццаць штук. Наборы такія выпускалі адмыслова для філумэністаў. У мяне было зь дзясятак такіх набораў – набыў, як езьдзіў на пагасьціны ў Ленінград. Этыкеткі я наклейваў на картонныя аркушы і захоўваў у адмысловай тэчцы. Яшчэ ў Піцеры ўзяў некалькі падарункавых набораў запалак з чырвонымі і зялёнымі галоўкамі. Думаў, што гэта сыгнальныя запалкі, якія не тухнуць на ветры і гараць рознакаляровым агнём. Аказалася, што гэта былі звычайныя запалкі.

Ну а дзяўчынкі-аднагодкі, прынамсі, у нашым клясе, зьбіралі малюнкі з паштовых капэртаў. Выціналі іх і наклейвалі ў сшыткі для маляваньня. Мая суседка па парце прыносіла сваю калекцыю ў школу – паказаць сяброўкам. У мяне такая калекцыя нічога апроч усьмешкі не выклікала. Аднак, калі бацькі атрымлівалі ліст у прыгожым капэрце, я выцінаў малюнак і аддаваў суседцы. У знак падзякі яна прынесла мне аднойчы карабок японскіх запалак. Пачак быў танюсенькі і ў ім было ўсяго некалькі кардонных сярнічак. Я аддаў пачак бацьку і той ім доўга карыстаўся, запраўляючы айчыннымі запалкамі, і дэманструючы знаёмцам японскую “цікетку”.
XS
SM
MD
LG