Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – 3 кастрычніка


Зьміцер Падбярэскі, Менск Прывітаньне. Час наведаць беларускае Сеціва і зірнуць, чым жыло яно сёньня, 3 кастрычніка.

Нехта Сeaser ва ўласным ЖЖ-дзёньніку ceaser-by.livejournal.comдрукуе свае ўспаміны аб днях, праведзеных увесну гэтага году ў турме на Акрэсьціна. У камэнтарах адзін зь ягоных сяброў Kirik17 адзначае: “Падтрымлівалі цябе як маглі. Так атрымалася, што прыйшлося трапіць да дэкана ў той час, калі ў яго на стале быў сьпіс усіх тых, хто падпісваўся за цябе, і крыху паразмаўляць зь ім пра тваю асобу. Яшчэ, памятаецца, я раздрукаваў штук 15 “лістоў з Акрэсьціна” і раздаваў нашым настаўнікаў. Большасьць настаўнікаў з разуменьнем паставілася да сытуацыі, і студэнты амаль усе расьпісаліся. А дэкану я казаў: ну зьедзе чарговы малады спэцыяліст пасьля адлічэньня за мяжу, будзе працаваць на іншую краіну. Ці патрэбна гэта каму? Ён ківаў галавой. Падабаецца яму тупая патрыятычная рыторыка”.

Сайт Хартыі-97 паведамляе, што днямі на ўладальніка сайту знаёмстваў www.amur.by ў міліцыі быў складзены пратакол на падставе парушэньня правілаў ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці. У камэнтарах да навіны адзначаецца: “Чаму тады не забараніць знаёмствы ў барах і дыскатэках? Чаму ад гэтых устаноў не патрабуюць ліцэнзіі на знаёмствы? Абсурд? Так. Але ж такі самы абсурд прымяняць тэрмін “шлюбнае агенцтва” да інтэрнэт-сайтаў, якія выкарыстоўваюць распаўсюджаныя ва ўсім Інтэрнеце анкетныя базы ў якасьці аднаго з сваіх сэрвісаў…”

На сайце Беларускія навіны -- www.naviny.by -- праводзіцца апытаньне: “Як Масква адрэагуе на рэзкія заявы Лукашэнкі?”. 146 адказалі: “Прапусьціць міма вушэй”, 16 — “Рэзка адкажа”, 85 — “Пакрыўдзіцца, але прамаўчыць”, 82 — “Адкажа высокімі коштамі на газ”, нарэшце, “Адшукае новыя варыянты ціску” — 91 чалавек.

У суполцы Жывога журнала minsk_news нехта morzh выказваецца: “Я зрэдчас чытаю мясцовыя навіны... І, бывае, у мяне ўзьнікае адчуваньне, быццам я кранаюся розумам. Сёньняшні топавы загаловак у СМІ “Глава “Белнафтахіму” паведаміў Лукашэнку пра пляны будаўніцтва новай сьвінафэрмы на 2,5 тысячы галоў”. Глава найвялікшага ў краіне канцэрну паведамляе пра пляны будаўніцтва сьвінафэрмы. Чаму сьвінафэрмы?!!!! І пра гэта на першых палосах газэт. Скажыце мне, што ўсё ў парадку і што гэта я неадэкватна рэагую, так, супакойце мяне...”

Нарэшце, нехта moe_more з суполкі Жывога журнала minsk_news прыводзіць цытату з выдадзенай у 60-я гады кнігі па дамаводзтву. У разьдзеле “Парады для мужчынаў” там пішацца: “Пасьля інтымнага акту з жонкай вы павінны дазволіць ёй пайсьці ў ванную, але суправаджаць яе ня варта, дайце ёй пабыць адной. Магчыма, яна захоча паплакаць".

Ну, навошта адразу ў сьлёзы? Лепш дасылайце свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітрый Падбярэзскі, яшчэ сустрэнемся …
XS
SM
MD
LG