Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закончылася дэмаркацыя мяжы Беларусі з Эўразьвязам


Ганна Соўсь, Менск Беларусь завяршыла фізычную дэмаркацыю межаў з краінамі Эўразьвязу. Пра гэта заявіў сёньня старшыня Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Беларусі Аляксандар Паўлоўскі. Апошні памежны слупок урачыста ўсталявалі на беларуска-латвійскай мяжы блізу вёскі Карасіна Браслаўскага раёну Віцебшчыны.

Гэтак завяршыўся сумесны праект Беларусі й Эўразьвязу ў межах праграмы ТАCIS — дэмаркацыя балтыйскага ўчастку дзяржаўнай мяжы Беларусі.Дакумэнты пра канчатковую дэмаркацыю мяжы плянуецца падпісаць на пачатку наступнага году.

Працягласьць мяжы Беларусі з краінамі Балтыі складае каля 850 кілямэтраў: зь іх з Латвіяй — 170 кілямэтраў. На беларуска-літоўскай мяжы было ўсталявана каля 2 тысяч памежных слупкоў, а на беларуска-латвійскай — 425. Дэмаркацыя межаў пачалася амаль дзесяць гадоў таму і каштавала прыкладна 13 мільёнаў даляраў, зь іх болей за 4 мільёны даляраў даў бязвыплатна Эўразьвяз.

Як адзначыў на афіцыйнай цырымоніі прадстаўнік Эўракамісіі ў Беларусі, Украіне й Малдове Ян Боўг, Эўразьвяз цікавіць супрацоўніцтва зь Беларусьсю дзеля ўзмацненьня памежнага кантролю на агульнай мяжы.

Спачатку плянавалася, што ў цырымоніі завяршэньня дэмаркацыі мяжы возьмуць удзел кіраўнікі ўрадаў памежных краінаў. Але гэтак не адбылося. Як патлумачыў прэсавы сакратар міністэрства замежных справаў Латвіі Атыс Лотс, сёньня на ўрачыстасьць прыехалі прадстаўнік латвійскай памежнай службы, а таксама службоўцы, якія непасрэдна бралі ўдзел у рэалізацыі праекту.

(Лотс: ) “На жаль, удзел на больш высокім палітычным узроўні на гэты момант немагчымы, паколькі ня вырашаны інцыдэнт, што адбыўся ў ліпені. Канечне, сам працэс завяршэньня дэмаркацыі — важны крок, паколькі гэта й пытаньне мяжы Эўразьвязу, і гэты працэс пасьпяхова завяршыўся. Ён доўжыўся амаль дзесяць гадоў, ад 1997 году. Такім чынам, мы ня можам прыменшыць значэньне гэтага. Зь іншага боку, на гэты момант мы ня можам удзельнічаць на больш высокім узроўні. Канечне, мы не зацікаўленыя ў зацягваньні такой сытуацыі ў нашых дачыненьнях, але дагэтуль чакаем кроку насустрач зь беларускага боку”.

У ліпені Беларускае тэлебачаньне паказала кадры гомасэксуальнага акту з удзелам, як сьцьвярджалася, латвійскага дыплямата, і МЗС Латвіі дагэтуль не атрымаў дадатковых тлумачэньняў беларускага боку па факце парушэньня Венскай канвэнцыі, падкрэсьліў Атыс Лотс.

Мяжа Беларусі з Польшчай, амаль 400 кілямэтраў, была дэмаркаваная яшчэ за савецкім часам. Мяжа Беларусі з Украінай складае 1084 кілямэтры. Яе дэмаркацыя яшчэ не пачалася, паколькі беларускі бок дагэтуль не ратыфікаваў дамовы аб дзяржаўнай мяжы з Украінай. Менск зьвязвае гэтае пытаньне з пагашэньнем доўгу Ўкраіны перад Беларусьсю, які паводле розных ацэнак складае ад 80 да 150 мільёнаў даляраў. Між тым, адсутнасьць пагадненьня аб ратыфікацыі мяжы робіць немагчымым уступленьне Ўкраіны ў Эўразьвяз і НАТО.

Працягласьць беларуска-расейскай мяжы — 1283 кілямэтры, і цяпер ідуць перамовы аб яе дэлімітацыі (пазначэньні на мапах). Дэмаркацыя ж у хуткім часе не плянуецца.
XS
SM
MD
LG