Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пэрспэктывы беларуска-расейскіх дачыненьняў?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: журналіст газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі й палітоляг Уладзімер Падгол (эфір 29 верасьня).

(Валер Карбалевіч: ) “Аляксандар Лукашэнка чацьверты раз правёў вялікую прэс-канфэрэнцыю для прадстаўнікоў расейскіх мэдыяў. Як правіла, гэта адбываецца напярэдадні важных падзеяў у беларуска-расейскіх дачыненьнях. Цяпер — напярэдадні дамовы аб цэнах на газ. Традыцыйна расейскія журналісты прадстаўлялі выданьні, ідэйна блізкія беларускім уладам. Што хацеў давесьці беларускі кіраўнік расейскай аўдыторыі?”

(Паўлюк Быкоўскі: ) “Мне гэтая прэс-канфэрэнцыя не спадабалася. Вядома, што спадар Лукашэнка — добры аратар (я кажу не пра зьмест, а пра форму). Але цяпер асноўныя тэзісы паўтаралі тэзісы мінулай ягонай сустрэчы з расейскімі журналістамі. Нават сёньня некаторыя тэзісы — напрыклад, пра чамаданы, на якіх нібыта сядзелі расейцы ў Беларусі на пачатку 1990-х гадоў, паўтараліся некалькі разоў.

Асабліва дзіўна выглядала заява пра 600 даляраў, якія нібыта атрымлівае даярка. Напэўна, зьдзівяцца ня толькі даяркі, але і жыхары Менску, якія зарабляюць значна менш.

Калі гэтая прамова была разьлічаная на расейскіх журналістаў, то, магчыма, яна кагосьці ў нечым пераканае. Але ж прэс-канфэрэнцыя трансьлявалася па радыё і будзе паказаная ўвечары па тэлевізіі. Я думаю, гэтая прамова не спрацуе на карысьць рэжыму. Хутчэй, гэта сымптом заняпаду рэжыму”.



(Уладзімер Падгол: ) “Не зусім згодны з спадаром Быкоўскім. Прэс-канфэрэнцыя трансьлявалася днём з 12 да 15.30. У гэты час яе ніхто не пачуў. А вечарам для тэлевізіі нарэжуць патрэбныя кавалачкі, і тэлегледачы ўбачаць больш прэзэнтабэльную вэрсію.

Па-першае, гэта перадвыбарчы выступ кандыдата ў прэзыдэнты саюзнай дзяржавы. Адначасова гэта была падстрахоўка на выпадак, калі гэты саюз не адбудзецца.

Па-другое, Лукашэнка выступіў у вобразе пракурора, які вінаваціў кіраўніцтва Расеі ў развале інтэграцыі. Па-трэцяе, ён прапагандаваў сваю мадэль разьвіцьця, якая пераважае ўсе іншыя мадэлі ў сьвеце: і амэрыканскую, і швэдзкую, і іншыя.

Яшчэ адно ўражаньне. Лукашэнка маральна падрыхтаваны да падвышэньня коштаў на газ і рыхтуе да гэтага насельніцтва, паказвае на вінаватых. І ў той жа час ён сьцьвярджае, што нічога страшнага, я таленавіты кіраўнік, вырулю з гэтай сытуацыі. Мы будзем у Вэнэсуэле нафту здабываць, з Іранам сябраваць, калі Расея амэрыканцам дае дабываць нафту, а нам — не, дый яшчэ зьбіраецца павысіць цэны на газ вышэй, чым Нямеччыне”.

(Карбалевіч: ) “Як выглядаюць цяпер беларуска-расейскія дачыненьні ў інтэрпрэтацыі Лукашэнкі?”

(Быкоўскі: ) “Лукашэнка ловіць Пуціна на тым, што той нібыта не трымае слова. Але нельга сказаць, што і беларускі бок трымае слова. І Беларусь і Расея выконваюць толькі тыя пагадненьні, якія ім выгадныя. Кожны цягне коўдру на сябе.

Расейскія мэдыі вінавацяць Беларусь у тым, што яна не выконвае дамовы па саюзнай маёмасьці, па “Белтрансгазе” й іншыя. Дарэчы, у саюзнай дамове нічога не сказана пра кошты на газ. Цяпер Расея дэнансавала пагадненьне пра агульныя ўмовы гаспадараньня для эканамічных суб’ектаў дзьвюх краінаў. Менавіта на яго спасылаецца Беларусь, патрабуючы роўных цэнаў на газ.

Сапраўды, я згодны з тым, што Лукашэнка маральна гатовы да таго, што цэны на газ павысяцца. Ён ня бачыць выйсьця з гэтай сытуацыі й таму апэлюе да грамадзкай думкі Расеі — найперш, у рэгіёнах (дарэчы, толькі ў правінцыйныя расейскія мэдыі беларускі кіраўнік і можа прабіцца) са скаргай: беларускага брата крыўдзяць. А калі так, то мы можам і за транзыт тыя грошы ўзяць”.

(Падгол: ) “Ён хацеў бы, каб усё засталося так, як ёсьць сёньня, а яшчэ кошты на газ зьнізіліся да ўзроўню Смаленскай вобласьці. Гэта для яго ідэальная мадэль. За нафтавую і газавую падтрымку Лукашэнка гарантуе, што беларусы пакладуць жыцьці, як падчас мінулай вайны, калі на Расею пойдуць НАТОўскія танкі.

Лукашэнка вінаваціць Пуціна ў тым, што той прапануе ствараць саюзную дзяржаву згодна з мадэльлю Эўразьвязу. Беларускі лідэр лічыць, што трэба усё лепшае ўзяць ад СССР і разьвіваць такую мадэль.

Лукашэнка ўпершыню заявіў, што каб яго не абвінавачвалі ў жаданьні стаць саюзным прэзыдэнтам, ён і Пуцін гатовыя адысьці ўбок, і няхай новы чалавек узначаліць саюзную дзяржаву. А потым кажа: ну як жа без амбіцыяў. Яны ёсьць і ў мяне, і ў Пуціна”.

(Быкоўскі: ) “Лукашэнка сказаў: павышэньне коштаў на газ — гэта адназначна разрыў усіх стасункаў. Гэта такі шантаж Расеі”.

(Падгол: ) “Лукашэнка шантажаваў ня толькі гэтым. Напрыклад, ён таксама сказаў, што калі Расея падыме кошты на газ, то 10 мільёнаў расейцаў страцяць працу. Але я зьвярнуў увагу на іншае. У Расеі Канстытуцыя — сьвятарная карова, бо Пуцін не ідзе на трэці тэрмін. А ў нас будзе так, як ёсьць”.

(Карбалевіч: ) “Мне падалося, што галоўным ляйтматывам прэсавай канфэрэнцыі былі крыўды на Расею. Іх было шмат. Пуцін ня хоча будаваць саюзную дзяржаву, хоча зьнізіць узровень інтэграцыі, рэвізаваць саюзную дамову. Расейскія мэдыі скажаюць сытуацыю ў Беларусі. Расея баіцца ўдзельнічаць у вайсковых вучэньнях на тэрыторыі Беларусі, бо ня хоча сапсаваць дачыненьняў з Захадам.

Расея не дае Беларусі магчымасьці дабываць на сваёй тэрыторыі нафту і газ, а вось Вэнэсуэла пайшла насустрач. Расея цісьне, каб Беларусь уводзіла расейскі рубель, уваходзіла цалкам у склад РФ. Не ва ўсіх расейскіх рэгіёнах ідзе “Беларусь ТВ”. З-за пазыцыі Расеі не працуе нармальна тэлерадыёкампанія саюзнай дзяржавы. Зь пяці дамоваў аб роўных умовах для грамадзянаў дзьвюх дзяржаваў Расея не ратыфікавала ніводнага.

Расея баіцца канкурэнцыі з боку беларусаў падчас магчымых выбараў кіраўніка саюзнай дзяржавы. Расея не пускае на сваю тэрыторыю беларускае віно і цукар. Беларускіх хакеістаў прымушаюць прымаць расейскае грамадзянства. Не дапускаюць беларускія каманды ў чэмпіянат Расеі. І нават на Эўрабачаньні беларусы галасуюць за расейцаў лепш, чым расейцы за беларусаў.

Такі чынам, цэлы комплекс крыўдаў. Галоўная праблема — гэта цэны на газ. Якія тут пэрспэктывы?”

(Быкоўскі: ) “Лукашэнка зрабіў выгляд, што ня ведае, пра што размаўлялі прэм’еры дзьвюх дзяржаваў у Маскве. Але калі ён казаў пра ўмовы продажу Расеі “Белтрансгазу”, то адзначыў: не хачу пасьля заканчэньня прэзыдэнцкага тэрміну сядзець у турме. То бок, Лукашэнка лічыць, што калі ён пойдзе на прапанаваныя “Газпромам” умовы, то зьдзейсьніць злачынства. Гэта сьведчыць пра тое, што беларускі бок не саступіць ці будзе моцна гандлявацца. Хутчэй за ўсё, Беларусь выставіць такія ўмовы продажу, каб “Газпром” адмовіўся.

А вось пры перамовах аб цэнах на газ Беларусь будзе ціснуць на транзыт, на кошты за два расейскія вайсковыя аб’екты. Хоць пытаньне пра гэтыя аб’екты было вырашанае ў пагадненьні, падпісаным яшчэ ў час Ельцына”.

(Падгол: ) “Лукашэнка акрэсьліў дзьве вайны. Па-першае, калі Беларусь уключаецца ў склад Расеі, то апазыцыя бярэ зброю, Захад іх фінансуе, пачынаецца грамадзянская вайна.

Па-другое, гэта вайна коштаў. Калі Расея ўздыме кошты на газ, то мы гэта кампэнсуем коштамі на транзыт, вайсковыя базы і іншае. Але не саступім. А вінаватыя ва ўсім будуць расейцы. Гэта шантаж і абяцаньне той вайны, якая адбылася 18 лютага 2004 году, калі Расея закруціла газавы вэнтыль. Лукашэнка сьцьвярджае, што выйдзе пераможцам у гэтай вайне”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, Лукашэнка шантажуе Расею ў шэрагу пазыцыяў. Найперш, ён папужаў, што можа абвясьціць тэндэр на продаж “Белтрансгазу”, яго купяць амэрыканцы. А калі яны яшчэ купяць газатранспартную сыстэму Ўкраіны, то адрэжуць Расею ад Эўропы. З улікам усіх дачыненьняў Расея, па вэрсіі Лукашэнкі, вінаватая Беларусі 2 мільярды даляраў. І нарэшце, павышэньне цэнаў на газ да 200 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў — гэта разрыў усіх дачыненьняў.

Такім чынам, гледзячы па ўсім, Беларусь і Расея знаходзяцца напярэдадні вострага крызісу беларуска-расейскай інтэграцыі з-за пытаньня цэнаў на газ. Але гэтае пытаньне паказала цэлы комплекс вострых праблемаў двухбаковых дачыненьнях”.
XS
SM
MD
LG