Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Латвіі: “Наш удзел на больш высокім узроўні немагчымы”


Ганна Соўсь, Менск. На стыку межаў Беларусі, Латвіі і Літвы адбываюцца ўрачыстасьці, прымеркаваныя да завяршэньня сумеснага праекту паміж Беларусьсю і Эўразьвязам у рамках праграмы ТАCIS ў справе дэмаркацыі балтыйскага ўчастку дзяржаўнай мяжы Беларусі.

Беларусі бок на цырымоніі прадстаўлены старшынём Камітэту памежных войскаў, намесьнікам міністра замежных справаў, амбасадарамі Беларусі ў Літве і Латвіі. Ва ўрачыстасьцях бяруць удзел кіраўнікі і прадстаўнікі дыпляматычных місій краінаў Эўразьвязу, акрэдытаваных у Беларусі, а таксама афіцыйныя асобы з літоўскага боку.

Што да прадстаўнікоў Латвіі, то паводле прэсавага сакратара міністэрства замежных справаў гэтай краіны Атыса Лотса, у цырымоніі бярэ ўдзел прадстаўнік памежнай службы, а таксама службоўцы, якія непасрэдна бралі ўдзел у рэалізацыі праекту.

(Лотс: ) “На жаль, удзел на больш высокім палітычным узроўні на гэты момант немагчымы, паколькі не вырашаны інцыдэнт, што меў месца ў ліпені. Канешне, сам працэс завяршэньня дэмаркацыі -- важны крок, паколькі гэта і пытаньне вонкавай мяжы Эўразьвязу, і гэты працэс пасьпяхова завяршыўся. Ён доўжыўся амаль дзесяць гадоў ад 1997 году. Такім чынам, мы ня можам прыменшыць значэньне гэтага. Зь іншага боку на гэты момант мы ня можам удзельнічаць на больш высокім узроўні. Канешне, мы не зацікаўленыя ў зацягваньні такой сытуацыі ў нашых дачыненьнях, але дагэтуль мы чакаем кроку насустрач з беларускага боку. Дагэтуль мы дадатковых тлумачэньняў па факце парушэньня Венскай канвэнцыі так і не атрымалі”.

У ліпені Беларускае тэлебачаньне паказала здымкі гомасэксуальнага акту з удзелам, як сьцьвярджалася, латвійскага дыплямату.
XS
SM
MD
LG