Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Брэжнеўскі застой у СССР цягнуўся 18 гадоў. Магчыма, гэтак жа будзе і ў нас”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111” (эфір 1 кастрычніка).

Некаторыя нашы слухачы, разважаючы пра магчымасьць палітычных зьменаў у Беларусі, схіляюцца да думкі, што такія зьмены адбудуцца толькі тады, калі на плошчу выйдуць рабочыя. І ў якасьці доказу згадваюць падзеі пачатку 1990-х гадоў: тады рабочы рух у Беларусі ператварыўся ў значную палітычную сілу.

Якія настроі пануюць у рабочым асяродзьдзі сёньня? Ці можна параўноўваць іх з тымі, што вызначалі сытуацыю на беларускіх прадпрыемствах дзесяць-пятнаццаць гадоў таму?

Вялікі ліст на гэтую тэму даслаў нам Генадзь Губарэвіч зь Менску, які сам не адзін дзясятак гадоў працуе на заводзе і добра ведае жыцьцё рабочых. Свой ліст спадар Губарэвіч пачынае з успамінаў пра падзеі канца 1980-х гадоў:

“Быў у нас годзе ў 1988-м такі канфлікт: адміністрацыя рукамі саміх рабочых спрабавала пазбавіцца ад старшыні прафкаму. Быў ён начальству як костка ў горле: неабгрунтавана караць работнікаў не дазваляў, зьбіраў зьвесткі пра даходы тых самых начальнікаў, якія ўвесь час наракалі на перарасход зарплаты рабочых. І вось сход. Людзі ўстаюць і проста ў вочы гавораць начальніку, ягоным намесьнікам: “Ды вам і да пэнсіі не зарабіць таго азтарытэту, які мае Мікалай. За гэта вы яго і ненавідзіце!”

Ці можна ўявіць нешта падобнае сёньня? Асабіста я гэта ўявіць не магу. Старшыня прафкаму цяпер у нас — ні рыба ні мяса. Ён ня мае інфармацыі нават аб прафсаюзных унёсках (толькі сьпіс сяброў прафсаюзу). Звальняюць рабочага? Ну і што? Кожны думае: “Абы не мяне!” А будзеш рваць глотку, дамагаючыся, напрыклад, элемэнтарных умоваў працы — можаш трапіць у чорны сьпіс. А тым часам твой таварыш будзе пакорліва выконваць сваю працу, седзячы ледзь не ў прыбіральні. Ды яшчэ і капейку лішнюю ўрве за гэта”.

Генадзь Губарэвіч лічыць, што атмасфэра ў рабочых калектывах заўважна зьмянілася ў параўнаньні ня толькі з эпохай гарбачоўскай перабудовы, але нават і зь ня надта далёкім мінулым. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Гадоў дзесяць таму, падчас падрыхтоўкі да мясцовых выбараў, я задаваў у прамым эфіры заводзкага радыё пытаньне намесьніку генеральнага дырэктара, які балятаваўся ў дэпутаты: “Як ставіцеся да нядаўняга дэкрэта прэзыдэнта?”. Адказ гучаў прыблізна так: “Стаўлюся адмоўна. І ўвогуле, канцэнтрацыя ўлады ў адных руках — рэч даволі небясьпечная”.

…І эпізод нядаўняга мінулага. Заводзкае радыё трансьлюе нараду ў генэральнага дырэктара. Запомнілася наступная фраза: “Дэкрэты прэзыдэнта абмеркаваньню не падлягаюць”.

Сапраўды, спадар Губарэвіч, атмасфэра ў рабочых калектывах за апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў зьмянілася кардынальна. Многія памятаюць страйк менскіх мэтрапалітэнаўцаў летам 1995-га. Ён паказаў, наколькі магутнай сілай можа быць рабочы пратэст. Гэта, відавочна, зразумела ўлада — і зрабіла ўласныя адпаведныя высновы. Страйк той, як вядома, быў жорстка задушаны, яго ўдзельнікі ў асноўным звольненыя. А пасьля яго ў Беларусі была ўведзеная кантрактная сыстэма найму на працу, і пачаўся жорсткі перасьлед і паступовая ліквідацыя незалежных прафсаюзаў.

Запалоханы, цалкам залежны ад адміністрацыі чалавек, якому няма дзе шукаць дапамогі й падтрымкі, які ў любы момант можа страціць працу і ніхто за яго не заступіцца, — вось найбольш характэрныя рысы сёньняшняга беларускага рабочага. І ён зусім не падобны на таго — упэўненага ў сабе, бескампраміснага праўдалюба часоў перабудовы, які пры падвышэньні на 20 працэнтаў цаны на хлеб ішоў на плошчу Незалежнасьці. Тады баяліся яго. Цяпер — баіцца ён сам. І прыкметаў таго, што гэты страх ён здольны пераадолець, пакуль няма.

Аўтар наступнага ліста Сяргей Чахольскі зь Берасьця. Ён піша:

“Людзі прызвычаіліся да Лукашэнкі. Ведаюць, чаго ад яго чакаць, на што ён здольны. І нават да дзівацтваў ягоных усе прывыклі. Зьмірыліся з тым, што няма незалежных газэтаў, што нельга крытыкаваць уладу, што забаронена пратэставаць… Усё гэта называецца стабільнасьцю.

Згадайце, якой была атмасфэра ў Савецкім Саюзе на трынаццатым годзе кіраваньня Брэжнева. 1977 год. Зэніт так званага застою. Савецкі народ крочыць ад адной працоўнай перамогі да другой, пакрысе падвышае свой дабрабыт, атрымлівае заробкі, на якія можна харчавацца і сяк-так апранацца, адпачывае раз на год у Ялце ці Сочы. І ні пра што іншае ня марыць.

Прыблізна тое ж у нас цяпер. І я ня бачу умоваў для нейкіх рашучых зьменаў. Пакуль будзе Лукашэнка — у нас застанецца такое ж ціхае балота. Няхай і не багата ў нас, але спакойна. Ніхто не галадае, эканоміка пакрысе расьце. Сёе-тое будуем, сяк-так лечымся. Было і горш. Брэжнеўскі застой у СССР цягнуўся 18 гадоў. Магчыма, гэтак жа будзе і ў нас”.

Застой у Савецкім Саюзе працягваўся да таго часу, пакуль была выгадная для СССР каньюнктура на вонкавых рынках, пакуль трымаліся высокія кошты на нафту, газ, мэталы, і ў краіну паступаў вялікі паток валюты. Калі нафтавыя цэны значна зьнізіліся, савецкі ўрад аказаўся ня здольны падтрымліваць нават той зусім не высокі ўзровень дабрабыту, да якога прывык савецкі чалавек.

Думаю, спадар Чахольскі, цяперашняя беларуская стабільнасьць таксама ў многім трымаецца на параўнальна спрыяльнай эканамічнай сытуацыі — на тым, што Беларусь атрымлівае немалыя сродкі ад экспарту нафтапрадуктаў, што для ня надта канкурэнтаздольных беларускіх тавараў застаецца адкрытым вялізны расейскі рынак.

Слухач з Кобрына Мікалай Уласюк даслаў расповед пра лёс былога старшыні Кобрынскай вэртыкалі Кастанціна Сіневіча, які раней займаў пасаду старшыні Камітэту дзяржкантролю Берасьцейскай вобласьці. Ня так даўно колішні высокапастаўлены чыноўнік быў асуджаны на дзевяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй паловы маёмасьці. Слухач даслаў публікацыю зь мясцовай газэты “Кобрынскі весьнік”, якая створаная на падставе крымінальнай справы. За што ж пацярпеў кіраўнік раёна? Бясплатна адрамантаваў службовы аўтамабіль у прыватным аўтасэрвісе (200 даляраў); атрымаў падзяку ад арганізатараў аўтагонак, якія праходзілі на тэрыторыі раёну (300 даляраў); і дзеля чагосьці захоўваў у сваёй кватэры некалькі дзясяткаў пісталетных патронаў.

У матэрыялах суду ўтрымліваецца запіс старшыні райвыканкаму пра тое, што пасьля прад’яўленьня ордэру на ператрус ён быў у шоку. Ашаламляльныя былі падзеі вакол арыштаванага кіраўніка рэгіёну і для ягоных шматлікіх падначаленых.

Слухач з нагоды гэтай гісторыі, якая набыла вялікі розгалас у раёне, піша:

“Арыштавалі й судзілі аднаго, а вінаватыя ж многія. Уся гэта так званая “каманда Кобрыншчыны нашай”, якую Сіневіч сам падбіраў і кіраваў ёй тры з паловай гады, яўна таксама ў гэтым замяшаная. І ведалі, і дапамагалі, і дзялілі хабар…Вось які сапраўдны твар гэтай улады, якая ў іх мараль!”

Што і казаць, шаноўны слухач, — учынкі высокапастаўленага чыноўніка амаральныя і, безумоўна, вартыя пакараньня. Вось толькі нейкія дзіўныя лічбы фігуруюць у справе. Суд палічыў даказаным хабар памерам 300 даляраў. Заўважым: месячны заробак старшыні райвыканкаму ў некалькі разоў большы, а празь ягоныя рукі нярэдка праходзяць кантракты на мільёны даляраў.

Калі бачыш, у якіх маёнтках (кошт якіх часам сягае соцень тысяч даляраў) жывуць чыноўнікі рангу Сіневіча, на якіх машынах яны езьдзяць, куды накіроўваюць на вучобу сваіх дзяцей, — гэты эпізод увогуле выклікае шмат пытаньняў. Безумоўна, службовая асоба павінна несьці адказнасьць за любую віну, а хабар аднолькава амаральны — што 300 даляраў, што 300 тысяч. Але чамусьці пад меч Тэміды найчасьцей трапляюць ня другія, а першыя.

На заканчэньне — фрагмэнт зь ліста Барыса Крыўцова зь Менску. Гэты немалады ўжо чалавек ў сваім спавядальным допісе прызнаецца, што часта задае сабе пытаньні, на якія ня можа знайсьці адказу. Слухач піша:

“Чаму так адбываецца? Куды мы ідзем? Чаму людзі такія абыякавыя да ўласнага лёсу? Няўжо мы такія абмежаваныя і недалёкія? Чаму беларусы ня хочуць размаўляць на сваёй матчынай мове? Ня памятаюць славутай гісторыі свайго народу?

Няўжо з такім смуткам на сэрцы, не знайшоўшы адказаў на гэтыя пытаньні, і сыду ў іншы сьвет? Ці ёсьць хоць якая надзея? І няўжо я адзін жыву з такімі думкамі? Пытаньні гэтыя з гадамі становяцца ўсё вастрэйшыя: што мы пакінем нашым нашчадкам? Гэтую саўковасьць? Гэты вечны страх і вечную прыніжанасьць чалавека, які стаіць на каленях? Відаць, атлусьцелы народ ніколі не прачнецца”.

Прадчуваю, спадар Краўцоў, многія слухачы не пагодзяцца з вашым азначэньнем беларусаў, як “атлусьцелага” народу. Многім, калі ня большасьці, далёка і да дабрабыту, і да камфортнага ўладкаванага жыцьця, а ў некаторых не заўсёды бывае і ежы ўдосталь. І пытаньні такія ж (ці амаль такія), як Вы, задаюць сабе многія нераўнадушныя і ўдумлівыя людзі, якія спрабуюць зазірнуць у будучыню з трывогай пра лёс сваіх дзяцей і ўнукаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG