Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 гадоў “Нашай Нівы”. Новая перадача Свабоды


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі. Да стагодзьдзя "Нашай Нівы" — "першай беларускай газэты з рысункамі" Радыё Свабода распачынае новы праект. Штодня да канца году чытайце і слухайце, пра што пісала газэта ў 1906, 1907 гадах "рускімі і польскімі літэрамі". Галоўным рэдактарам і выдаўцом "Нашай Нівы" быў публіцыст і грамадзкі дзеяч Аляксандар Уласаў. Першы нумар выйшаў 10(23) лістапада ў Вільні.

У 1-м нумары газэты ад 10 лістапада 1906 году пад загалоўкам “Як нам учыцца” Мацей Крапіўка піша:

“Усім добра ведамо, што ўжо много лет, як правіцельство прыказало, каб у народных школках іначэй не учылі, як толькі па расейску. Хацело яно гэтакім парадком абрусіць усе народнасці і палажыло запрэт на научанне ў іншых мовах. А якая з таго карысць — кожнаму ведамо. Усюды дзецям цяжка научыцца чытаць, але ў нас горш як гдзе — і ня дзіва. Тож нашы дзеткі-беларусы маюць у школах адразу две работы: адна работа — гэта пазнаць знакі-літэры, научыцца складаць з іх словы, а другая работа — адначасьне научыцца разумець і гаварыць па расейску, бо ў школе вучыцель усё тлумачыць толькі па расейску, а гэтай мовы дзеці не знаюць, ніколі ў хаці ад бацькоў ня чулі — яна для іх чужая. Вось і выходзіць, што пакуль дзіцё не пазнае расейской мовы, то ў школі нічога не разумее, што кажэ учыцель, і сідзіць, як баран. Ходзіць да школкі год, два і тры, а як скончыць яе, то ледзьве-ледзьве чытаць можэ, дый то скоро забывае…

Доўго мы, беларусы, цураліся сваей мовы і, як кажуць, хаваліся з ёю за печ перэд чужымі людзьмі. Вось і злажылася некая дурная пагаворка, што наша мова хамска, брыдка, што на ёй ня можна гаварыць з вучоным чалавеком, ані пісаць кніжок, як на іншых “дэлікатных” мовах. Але гэта толькі выдумка. Тож две-тры сотні гадоў таму назад усе законы і ўсе казеныя паперы пісаліся ў нас няйначэй, як на нашэй мові. Во і цяпер бачым: друкуюцца кніжкі, выходзіць ужо другая газэта, ідзе перапіска з вучонымі — усё па нашэму. І ніхто не смяецца, ніхто не плюе на нашу мову — напроціў, суседзі літоўцы, палякі, украінцы спрыяюць нашэй справі і жычаць спору ў рабоці”.
XS
SM
MD
LG