Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мабілкі” зьбіраюцца маркіраваць


Міхал Стэльмак, Менск У Беларусі чакаюцца перамены на рынку мабільных тэлефонаў. Дзяржава зьбіраецца зьліквідаваць іх незаконны імпарт.

Цяперашні рынак мабільных тэлефонаў выклікае занепакоенасьць дзяржаўных структураў. У прыватнасьці, Міністэрства падаткаў і збораў. Вось што павдаміў Радыё Свабода яго афіцыйны прадстаўнік Юры Канавалаў:

(Канавалаў: ) “Падчас правядзеньня апэратыўна-рэйдавых праверак выяўляюцца мабільныя тэлефоны без адпаведных дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць набыцьцё, паступленьне альбо захаваньне гэтых мабільных тэлефонаў. Мае месца ўхіленьне ад падаткаабкладаньня”.

Парушэньні ў дзейнасьці імпарцёраў “мабілак” выяўляюць і беларускія мытнікі. Паводле начальніка ўпраўленьня барацьбы з кантрабандай Дзяржаўнага мытнага камітэту Андрэя Міхалькевіча, у Беларусі 9 зь 10 тэлефонаў зьяўляюцца шэрымі, то бок увезенымі нелегальна. Пра гэта, як ён лічыць, сьведчыць статыстыка. У дзяржаўнай інспэкцыі па электрасувязі за апошнія тры гады было зарэгістравана 146 тысяч тэлефонаў. У той жа час колькасьць абанэнтаў мабільнай сувязі за гэты пэрыяд павялічылася на 2,9 мільёна.

Гандляры “мабілак” не адмаўляюць існаваньня “шэрага” імпарту. Чым ён выкліканы? Спадар Вячаслаў, які працуе ў фірме “Белсэрвіс плюс”, патлумачыў гэта так:

(Вячаслаў: ) “Увесь “шэры” імпарт прадаецца на рынках і празm інтэрнэт. Імпарцёрам нявыгадна ўвозіць сюды дадзены тавар. Спаганяецца падатак 18 працэнтаў. Гэта – першае. Плюс мытны збор – гэта другое. Плюс падаходны падаткак – гэта трэцяе. І плюс яшчэ падатак на ліцэнзаваньне дзейнасьці пры продажу мабільных тэлефонаў. Гэта – чацьвёртае”.

Дзяржава абвясьціла “вайну” гэтаму імпарту. Штогадовыя страты бюджэту ад яго складаюць каля 100 мільёнаў даляраў. Ужо ў сьнежні плянуецца ўвесьці маркіроўку для мабільных тэлефонаў. Прадстаўнік падатковага ведамства спадар Канавалаў лічыць гэтую ініцыятыву эфэктыўнай:

(Канавалаў: ) “Па-першае, самі пастаўшчыкі будуць зацікаўленыя нанесьці гэты кантрольны знак. Чаму? Таму што яго адсутнасьць будзе мець наступствы, перш за ўсё канфіскацыю. Перавозка па тэрыторыі дастаткова буйнай партыі мабільных тэлефонаў можа абярнуцца дастаткова сур’ёзным эканамічным уронам для нелегальных прадаўцоў”.

Паводле экспэртаў, наступствам маркіроўкі будзе падаражаньне “мабілак”, якія купляюць беларусы. З другога боку, некаторыя гандляры тэлефонаў сумняваюцца ў плённасьці мяркуемых захадаў. Вось, напрыклад, меркаваньне маркетоляга фірмы “Тэлефоніка” Аксаны Віктаравай:

(Віктарава: ) “Мне здаецца, гэта будзе выглядаць так. Прыйдзе чалавек на рынак і спытае: “У вас ёсьць такі вось тэлефон?” “Так, ёсьць”. “А колькі ён каштуе?”. Маркіраваны каштуе столькі, а немаркіраваны вось столькі. І я пераканана, што 80 працэнтаў будзе выбіраць немаркіраваны, які будзе каштаваць даляраў на дваццаць таньней”.
XS
SM
MD
LG