Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артур Фінькевіч мае быць у шпіталі яшчэ тыдзень


Любоў Лунёва, Менск Артур Фінькевіч, які адбывае пакараньне абмежаваньнем свабоды ў Магілёве за палітычныя графіці, знаходзіцца ў шпіталі. Андрэй Клімаў, Мікола Статкевіч і Павал Севярынец, якія адбываюць такое ж пакараньне за арганізацыю вулічных дэманстрацый, пасьля кароткага адпачынку вярнуліся ў спэцкамэндатуры.

Артур Фінькевіч будзе тыдзень знаходзіцца ў інфэкцыйным шпіталі. Палітвязень захварэў яшчэ на мінулым тыдні. У Артура падвысілася тэмпература і медыкі выпісалі яму лекі. Паколькі прагрэсу ў лячэньні не адбылося, яго шпіталізавалі. Артура лечаць антыбіётыкамі. Ён кажа, што інфэкцыйны шпіталь, дзе ён цяпер знаходзіцца, вельмі нагадвае яму інтэрнат спэцкамэндатуры.

(Фінькевіч:) “Тут такія ўмовы, як у спэцкамэндатуры. Выйсьці адсюль фактычна немагчыма, то бок гэта звычайная турма. Будынак выглядае, як старажытная крэпасьць, такія калёны круглыя… Мінімум я тут прабуду з тыдзень, максімум – з тры тыдні”.

Паўлу Севярынцу адміністрацыя спэцкамэндатуры, што ў вёсцы Малое Сітна дазволіла адпачыць дома пяць дзён. Але яму патэлефанавалі праз дзень і загадалі вярнуцца. Ягоная маці абураецца, што ледзь паспела падрыхтаваць яму адзеньне і ежу.

(Севярынец:) “За гэты час я не пасьпяваю ні адкарміць яго, як трэба, не памыць, папрасаваць, высушыць бялізну, якую яму трэба сабраць з сабой. Такое зло бярэ!”.

Таццяна Севярынец упэўнена, што яе сын усё вытрывае.

(Севярынец:) “Вытрымае ён, як вытрымае Зьміцер Дашкевіч, як вытрымае і Артур Фінькевіч. У іх заўсёды моцны дух і гэтага духу хопіць на ўсе выпрабаваньні ў жыцці. Як Паша мой кажа: “Бог каго любіць, таму й дасылае іспыты”. А ўсё гэта – дробныя “пакасьці”. Лёс майго сына, жыццё, яго погляды яны ня вырашаць. Як ня вырашаць ні маіх поглядаў, ні тых хлопцаў, якія становяцца разам з асуджанымі, з тымі, каго перасьледуюць – нічога яны за іх ня вырашаць. Хлопцы ўсё будуць вырашаць самі”.

Міколу Статкевічу не дазволілі прыехаць у Менск. Яго адпусьцілі на трое сутак у Баранавічы наведаць бацьку. Статкевіч паведаміў “Свабодзе”, што публікацыі журналістаў палегчылі умовы адбыцця пакараньня:

(Статкевіч:) “Быў спачатку скарочаны працоўны дзень, потым нават уведзены час для абеду, а ў суботу мяне адпусьцілі ў адпачынак на двое з паловай сутак, але не ў месца жыхарства, а ў Баранавічы. Яны заявілі, што няма дазволу з Менскай міліцыі адпускаць мяне туды ў адпачынак. Але ад мінулага году ёсьць у маёй асабістай справе дазвол на адпачынак у Баранавічах. Такім чынам я здолеў пабачыцца з бацькам і вярнуўся”.

Андрэй Клімаў пяць дзён быў у адпачынку дома. У суботу ён вярнуўся ў камэндатуру ў вёску Баршчоўка. 20 сьнежня скончыцца тэрмін адбыцця пакараньня і Андрэй Клімаў вернецца ў Менск.
XS
SM
MD
LG