Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя законы могуць абмежаваць сацыялягічныя апытаньні


Валер Каліноўскі, Менск Камісія Палаты прадстаўнікоў ў справе правоў чалавека, нацыянальных адносінаў і СМІ сёньня будзе вывучаць законапраекты “Аб апытаньнях грамадзкай думкі” і “Аб зьменах у заканадаўства Рэспублікі Беларусь адносна правядзеньня апытаньняў грамадзкай думкі і апублікаваньня іх вынікаў”. На думку незалежных сацыёлягаў, гэтая законапраекты могуць істотна абмежаваць іх працу.

Cтварэньне законапраектаў ініцыявала ўрадавая камісія ў справе вывучэньня грамадзкай думкі, створаная 4 гады таму пры Акадэміі навук. Усе структуры, якія займаюцца сацапытаньнямі, павінны мець акрэдытацыю гэтай камісіі. Апрача гэтага новыя законапраекты патрабуюць узгадненьне з гэтай камісіяй мэтодык апытаньняў, а таксама ўводзяць дадатковыя захады для кантролю за публікацыямі іх вынікаў у СМІ і адказнасьці апошніх. Намесьнік дырэктара Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, зарэгістраванага ў Вільні, Аляксандар Сасноў, падсумоўваючы прапанаваныя новаўвядзеньні, робіць сумную выснову:

(Сасноў: ) “Там патрабуецца на ўсё браць нейкі дазвол, а каб аформіць дазвол, трэба прадставіць і дакумэнты, і сьпісы, а калі гэта ананімнае апытаньне, як гэта можна ўсё прадставіць? Гэта ўдаўка на незалежную думку”.

Кіраўнік урадавай камісіі ў справе вывучэньня грамадзкай думкі Ігар Катляроў кажа, што запрашаў усіх сацыёлягаў да супрацоўніцтва на пачатковым этапе падрыхтоўкі закону, але тыя адмовіліся.

(Катляроў: ) “Усе, хто захоча, будзе прымаць удзел у далейшай дапрацоўцы гэтага закону. Мы ж запрашаем іх. Але ў любым выпадку я ўпэўнены, што закон будзе ўхвалены. Накіраванасьць закону ў тым, каб сацыялягічныя дасьледаваньні былі аб’ектыўнымі, па-першае, а, па-другое, каб сацыёлягам былі створаныя ўсе ўмовы для апытаньняў і вывучэньня грамадзкай думкі”.

Вядомы беларускі сацыёляг Алег Манаеў паведаміў “Свабодзе”, што на сёньняшняе паседжаньне парлямэнцкай камісіі яго ніхто не запрашаў, нягледзячы на тое, што ён некалькі месяцаў выказвае пазыцыю на гэты конт.

(Манаеў: ) “Рэальнае вывучэньне грамадзкай думкі, няўзгодненае з уладамі, публікацыя іх вынікаў, цалкам без узгадненьня з уладамі, будзе прынамсі патэнцыйна абсалютна выключанае, пад поўным кантролем”.

Тым часам Ігар Катляроў абвяргае думкі пра рэпрэсіўную скіраванасьць законапраектаў. Ён кажа, што ад сацыёлягаў будзе патрабавацца толькі фармальна зарэгістраваць сваю службу, і што дзяржава не будзе ўмешвацца ва ўнутраныя моманты дасьледаваньняў.

(Катляроў: ) “Я і як сацыёляг, доктар навук, і як парлямэнтарый, зацікаўлены ў тым, каб гэты закон быў аб’ектыўным і адлюстроўваў інтарэсы ўсіх без выключэньня сацыёлягаў, навуковыя інтарэсы”.
XS
SM
MD
LG