Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Аляксандар Незабытоўскі


Уладзімер Арлоў, Менск 2.10.1819, в. Смалічы (цяпер Нясьвіскі раён) — 21.3.1849, Вільня.

Кароткай ліпеньскай ноччу 1847 году на мяжы Аўстрыі й Расеі каля мястэчка Радзівілава мясцовы прыстаў перахапіў фурманку з трыма мяхамі кантрабанды. Выпадак можна было б запісаць у разрад банальных, каб гэтым разам апрача звычайных тавараў царскія служакі не знайшлі нечага больш істотнага, а менавіта – кніг і рукапісаў, у якіх раз-пораз сустракалася прозьвішча памешчыка Аляксандра Незабытоўскага, які напярэдадні перасёк мяжу, вяртаючыся з падарожжа па Эўропе ў свой маёнтак Смалічы пад Нясьвіжам.

Справаю уладальніка незвычайнае кантрабанды неадкладна заняўся сам начальнік дзейнай арміі генэрал-фэльдмаршал Паскевіч. Зь ягонай канцылярыі выйшаў адрасаваны віленскаму генэрал-губэрнатару ліст аб тым, што затрыманыя паперы выкрываюць Незабытоўскага ў “лютай нянавісьці да ўраду, пошуках сродкаў для зьнішчэньня цяперашняга ладу і напісаньні заклікаў з мэтаю ўзбунтаваць заходнія правінцыі і адарваць іх ад Расейскае імпэрыі”.

Аляксандар апынуўся ў адзіночнай камэры № 13 колішняга дамініканскага кляштару ў Вільні. Наглядчыкам забаранілі размаўляць зь вязьнем, што, паводле чутак, напісаў нейкія крамольныя кнігі. Гэта была праўда: пяру Незабытоўскага, які ў творах пасьлядоўна называў сябе “ліцьвінам”, належала сем ананімна выдадзеных ў Вільні й Парыжы кнігаў, у тым ліку мэмуары пра вызвольнае паўстаньне 1831 году і раман-утопія “Мары пра каханьне, славу й свабоду”. Менавіта за два апошнія тамы малады пісьменьнік, філёзаф і гісторык атрымаў ад царскага правасудзьдзя пазбаўленьне шляхецкіх правоў і дваццаць гадоў катаргі. Так у імпэрыі судзілі самых небясьпечных дзяржаўных злачынцаў.

Аднак адмераны тэрмін ужо не палохаў безнадзейна хворага на сухотку вальнадумцу. 25 сакавіка 1849 году Аляксандра Незабытоўскага таемна пахавалі на турэмных шпітальных могілках. На матэрыялах судовай справы зьявіўся грыф: “Захоўваць вечна”.

Дзекабрыст Міхаіл Лунін аднойчы афарыстычна заўважыў, што ў Расеі два праваднікі: язык да Кіеву, а пяро — да Шлісэльбургу. Аляксандар Герцэн удакладніў гэтае выслоўе: “Ворагі нашы ніколі не разьдзялялі слова і справу і за слова катавалі часта яшчэ больш жорстка, чым за справу”. На абшарах былой Расейскай імпэрыі гэтае назіраньне не састарэла і сёньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG