Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады могуць дазволіць італьянцам удачарыць Віку<b/>


Любоў Лунёва, Менск Віка Мароз знаходзіцца ў дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры ў Барысаве. 30 верасьня дзяўчынку прымусова вярнулі ў Беларусь з Італіі, дзе яе хавала італьянская сям’я. Адміністрацыя ўстановы адмаўляецца даваць прэсе інфармацыю пра Віку. Тым часам міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў не выключае, што беларускія ўлады дазволяць грамадзянам Італіі ўдачарыць Віку.

Журналісты ня маюць магчымасьці наведаць Віку Мароз і паразмаўляць зь ёй. Дырэктарка дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтру Ірына Гайдук адмовілася паведаміць “Свабодзе” якую-небудзь інфармацыю пра дзяўчынку.

(Гайдук: ) “Камэнтароў у мяне ніякіх няма… Ні сёньня, ні калі-небудзь”.

Нагадаем, 8 верасьня выхаванка Вялейскага дзіцячага дому Віка Мароз не вярнулася ў Беларусь з Італіі, дзе гасьцявала ў сям’і Алесандра Джуста і Марыі-К’яры Барначын. Тыя заявілі, што не адпусьцяць дзяўчынку ў інтэрнат, бо лічаць гэта небясьпечным для яе фізычнага і псыхічнага здароўя. У канфлікт былі ўцягнутыя супрацоўнікі міністэрстваў замежных справаў Італіі і Беларусі. У выніку перамоваў Віку Мароз вярнулі ў Беларусь спэцрэйсам Генуя—Менск.

Алесандра Джуста і Марыя-К’яра Барначын зьвярнуліся ў Эўрапейскі суд у правах чалавека. Яны ня згодныя з рашэньнем Генуэскага суду ў справах непаўналетніх, паводле якога дзяўчынку мусілі вярнуць на радзіму. Яны лічаць, што суд не ўлічыў інтарэсаў дзіцяці.

Міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Палаце прадстаўнікоў ня выключыў таго, што італьянскай сям’і дазволяць нарэшце ўдачарыць Віку.

(Радзькоў: ) “Мы ня выключаем такой сытуацыі. У нас ёсьць адпаведнае пагадненьне, мы яго падпісалі. Будзем разглядаць усё згодна з прынятым парадкам. Прынамсі, ад 2004 году мы далі згоду на ўсынаўленьне каля дваццаці дзяцей італьянскімі сем’ямі. Таму, натуральна, яны могуць у адпаведнасьці з дамоўленасьцю і заканадаўствам абедзьвюх краінаў зьвярнуца з просьбай усынавіць”.

Спадар Радзькоў паведаміў, што разам зь Вікай у Беларусь прыехалі грамадзяне Італіі. Паводле міністра адукацыі, яны пераканаліся ў тым, што ўмовы для жыцьця і адукацыі ў дзіцячым доме, дзе была раней Віка, нармальныя.

Намесьніца старшыні дзіцячага фонду “Сакавік” Марыя Міцкевіч некалькі гадоў дапамагае беларускім дзецям адпачыць у замежных сем’ях. Яна паведаміла, што выпадкі, падобныя да гісторыі зь Вікай Мароз, часта здараюцца зь дзецьмі, якія жывуць у дзіцячых дамах. Гаворыць Марыя Міцкевіч:

(Міцкевіч: ) “Быў аналягічны выпадак тры гады таму. Дзіця са старадароскага дзіцячага дому. Яго спачатку забралі ў беларускую сям’ю да жанчыны, якая яму ня вельмі падабалася. Яму падабалася ірляндзкая сям’я, ён хацеў там застацца. Я сама зь ім размаўляла. Такі хлопчык даволі нармальны. Гэтая сям’я ня вельмі разумела, якія трэба рабіць дакумэнты, якая гэта складаная працэдура. Пакуль працавала гэтая бюракратычная машына, хлопчыка забрала беларуская сям’я. Цяпер у ірляндцаў няма ніякіх шанцаў”.

Дырэктар Вялейскага дзіцячага дому ня ведае, ці накіруюць Віку Мароз на ранейшае месца, ці перавядуць у іншы дзіцячы дом.

Алесандра Джуста і Марыя-К’яра Барначын папрасілі, каб беларускія ўлады не забаранялі ім бачыцца зь Вікай. Тым часам у Італіі на іхную сям’ю завялі крымінальную справу за выкраданьня дзяўчынкі.

На здымку: Віка з "летняй мамай"-Марыяй у Італіі.
XS
SM
MD
LG