Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксяндзы і манашкі з Польшчы ня змогуць далей працаваць на Гарадзеншчыне


Сяргей Астраўцоў, Гародня Улады не пагадзіліся працягнуць дазвол на працу на наступны год для сямі польскіх сьвятароў і пяці манашак, што працуюць у Гарадзенскай каталіцкай дыяцэзіі. Біскуп Аляксандар Кашкевіч зьвярнуўся з гэтай нагоды да вернікаў з заклікам маліцца за сьвятароў і манашак, якія працуюць на Гарадзеншчыне.

Заклік біскупа супольна маліцца за сьвятароў і манашак у выходныя зачытваўся ў касьцёлах. У прыватнасьці, у нядзелю ён прагучаў падчас набажэнства на беларускай мове ў гарадзенскім Катэдральным касьцёле. Ад вернікаў мне ўдалося даведацца, што яны пачалі зьбіраць подпісы за тое, каб польскіх сьвятароў і манашак пакінулі працаваць. Я зьвярнуўся ў абласны савет па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў і пачуў:

(Чыноўнік: ) “У нас жа, апроч іх, яшчэ шэсьцьдзесят шэсьць чалавек засталося працаваць у вобласьці. Япархіі пастаянна даюцца рэкамэндацыі, каб шырэй прыцягваліся ксяндзы зь ліку грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якіх выпускае сэмінарыя. Тым больш, што паводле законаў Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне, якія маюць права працаваць на тэрыторыі рэспублікі, павінны валодаць дзяржаўнымі мовамі”.

А вось што мне адказаў кіраўнік аддзелу Камітэту ў справах рэлігіяў Аляксандар Калінаў:

(Калінаў: ) “Каб запрасіць замежнага сьвятара, неабходна мець дастатковую аргумэнтацыю, абгрунтаваньне: запрашаюцца яны таму, што не хапае сьвятароў. Але ў біскупа Кашкевіча працуе сэмінарыя свая, рыхтуе кадры — і дастаткова пасьпяхова. Яны ж там патрэбу ў ксяндзах аналізуюць: колькі трэба і на якія прыходы. Ёсьць жа прыходы невялікія, дзе ксяндза ўтрымліваць досыць складана. Таму ў ксяндза можа быць і два, і тры невялікія прыходы, калі там чалавек пятнаццаць-дваццаць”.

Пробашч Катэдральнага касьцёлу ў Горадні Ян Кучынскі зазначыў, што ксяндзы й манашкі з Польшчы, якім не працягнулі дазвол на працу, маюць візы да сьнежня і да гэтага часу змогуць заставацца ў Беларусі. Ён гаворыць, што некаторыя з гэтых ксяндзоў працуюць у парафіях, дзе няма іншых сьвятароў, таму калі яны зьедуць, трэба будзе шукаць ім замену.

(Кучынскі: ) “Усе гэтыя сьвятары разумеюць беларускую мову і спакойна на ёй размаўляюць. Калі ў нас недахоп сьвятароў, дык адкуль іх возьмеш? Найлепшы варыянт — тыя ж сьвятары з Польшчы, таму што ім лягчэй зразумець вернікаў. Таму — чым запрашаць ксяндзоў з Італіі, запрашаюць палякаў”.

Сьвятар зазначае, што выпускнікоў Гарадзенскай сэмінарыі пакуль яшчэ не хапае для працы ў парафіях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG