Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Летні альбом" : велік


Вінцэсь Мудроў, Новаполацак У кожнага з маіх аднагодкаў у дзяцінстве была мара -- займець “Орлёнок”. Так назваўся падлеткавы ровар за 38 рублёў. Мы яго называлі велікам.

Бацькі купілі мне велік, калі я вучыўся ў пятым клясе. Ганяў на ім цалюткі дзень, аж да самай ночы. Прычым, тады была фішка: езьдзіць “бяз рук”, не трымаючыся за руль. Езьдзілі так ня толькі па лясных сьцежках, але і па гарадзкіх вуліцах. У нашым хлапечым асяродку хадзілі чуткі, што міліцыя за такую язду выдзірае з колаў ніпэлі. Ну а калі і трымаліся за руль, дык не за самі ручкі, а за нікеляванае біла. Такую завядзёнку перахапілі ў спартоўцаў-равэрыстаў. У гоначных ровараў ручкі месьціліся вельмі нізка, таму спартоўцы, каб ня гнуць сьпіну, часьцяком трымаліся рукамі за верх руля.

Гойсалі на веліках цэлым гуртом. Пры гэтым у адных былі “Орлёнки”, а ў другіх “Школьники”. Мы ўвесь час спрачаліся – які ровар лепш. “Орлёнки” выраблялі на Шаўляйскай фабрыцы, таму на раме меўся надпіс па-летувіску: “Ereliukas” Наяўнасьць лацінскіх літараў аўтаматычна выводзіла яго на першае месца. Ды і канструктыўна “Ereliukas” быў больш даканалы, і шмат якія дэталі ў ім былі пазычаныя ў дарослага ровара.

Былі яшчэ й дзявочыя “Орлёнкі”. Рама ў іх была не папярочная, а ішла на скос. Езьдзіць на іх нам, хлопцам, не выпадала. Праехацца на “бабскім” ровары – гэта зьняславіць сябе на ўвесь двор.

Самым крутым наваротам было ўсталяваць на веліку ліхтар. Сілкаваўся ён ад “дынамы” і даваў вельмі кволае сьвятло. У нас у двары ліхтар быў толькі на адным ровары. Увечары, калі сутоньвалася, мы перакульвалі яго коламі ўгору і круцілі понажы рукамі. Спаборнічалі такім чынам – хто запаліць ярчэйшае сьвятло.

Тым часам нашыя вясковыя аднагодкі ўсе скрозь езьдзілі на бацькавых роварах. Дзіцёнку сем гадоў, а ён ужо гойсаў на дарослым веліку, разганяючы сваіх ды суседзкіх курэй. Да руля бэйбус ледзь дацягваўся і езьдзіў, запіхнуўшы нагу пад раму. Мала таго, што сам ехаў, дык яшчэ вёз на рулі і багажніку тузін боханаў чорнага хлеба: хлеб бралі ў крамах у неверагодных колькасьцях. Дый ровар быў, як тады казалі, “з пракрутам”, то бок, зорачка раз-пораз пракручвалася ўхаластую. Не адставалі ад малечы і старыя кабеты. Бабці – пад восемдзесят, а яна круціць понажы, сьвецячы голымі лыткамі. Праўда, на роварах васьмідзясяцігадовыя кабеты езьдзілі толькі ў Заходняй Беларусі. На Ўсходзе старыя кабеты уважалі за лепшае хадзіць пехатой, і заўсёды абураліся, калі нехта з малечы, бзынкнуўшы званком, абганяў іх на веліку.
XS
SM
MD
LG