Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Грузія, як і Беларусь, мае прыярытэтам абарону нацыянальных інтарэсаў”


Ігар Карней, Менск Затрыманьне ў Тбілісі грамадзянаў Расеі, якія падазраюцца ў антыгрузінскай дзейнасьці, выклікала інфармацыйную вайну паміж краінамі. Гэтая тэма шырока асьвятляецца і ў Беларусі. Наш карэспандэнт Ігар Карней папрасіў пракамэнтаваць расейска-грузінскі канфлікт амбасадара Грузіі ва Ўкраіне Грэго Катамадзэ. Гэтае дыпляматычнае ведамства прадстаўляе інтарэсы Грузіі і ў Беларусі.

У Беларусі няма грузінскага дыпляматычнага прадстаўніцтва. Таксама Грузія ня мае сваіх дэлегатаў у Выканаўчым камітэце СНД са штаб-кватэрай у Менску. Прычыны грузінска-расейскага канфлікту для Радыё Свабода згадзіўся пракамэнтаваць амбасадар Грузіі ва Ўкраіне Грэго Катамадзэ.

(Катамадзэ: ) “Я ня ведаю, якая інфармацыя распаўсюджваецца ў Беларусі. Але калі асноўныя зьвесткі бяруцца з расейскіх СМІ, то варта нагадаць: грузінскія праваахоўчыя органы правялі спэцапэрацыю і выявілі грамадзянаў Расеі, якія займаліся падрыўной дзейнасьцю супраць грузінскай дзяржавы. Гэта цалкам законныя захады грузінскіх праваахоўнікаў, накіраваныя на абарону сваіх сувэрэнных інтарэсаў і інтарэсаў грузінскай дзяржаўнасьці”.

Спадар Катамадзэ кажа, што ў гэтым сэнсе можно правесьці паралелі зь Беларусьсю. Напярэдадні і ў часе прэзыдэнцкіх выбараў сёлета ў сакавіку беларускія ўлады актыўна выкрывалі міжнародных апанэнтаў рэжыму, тлумачачы гэта клопатам пра нацыянальную бясьпеку.

(Катамадзэ: ) “Хацеў бы нагадаць: калі беларускія праваахоўнікі затрымлівалі грамадзянаў іншых краінаў, яны аргумэнтавалі гэта як абарону сваіх нацыянальных інтарэсаў. Затрымлівалі ў тым ліку і нашых грамадзянаў; мы патрабавалі абараніць правы, гонар і годнасьць нашых грамадзянаў, у тым ліку і грузінскіх журналістаў. Гэта не выклікала якойсьці заклапочанасьці праваахоўных органаў Беларусі. Але калі Грузія абараняе свае нацыянальныя інтарэсы, чамусьці ўзьнікае нейкая недасказанасьць, нейкая палітыка двайных стандартаў. Калі для мяне гэта добра, то для іншых гэта павінна быць дрэнна”.

Амбасадар Грузіі ва Ўкраіне Грэго Катамадзэ называе рэакцыю Расейскай Фэдэрацыі на затрыманьне падазраваных у антыгрузінскай змове расейскіх грамадзянаў “не зусім адэкватнай”. Так, раптоўна на мяжы з Грузіяй на Паўночным Каўказе пачаліся сухапутныя ваенныя вучэньні Міністэрства абароны Расеі. Адначасна адбываюцца манэўры зусім блізка з тэрытарыяльнымі водаў Грузіі на Чорным моры. Між тым, як кажа спадар Катамадзэ, дыпляматычныя высілкі Грузіі часта сутыкаюцца зь нежаданьнем расейскага боку вырашыць канфлікт у перамоўным працэсе.

(Катамадзэ: ) “Накаленьне абстаноўкі зьдзіўляе. Два дні намесьнік міністра замежных справаў Грузіі знаходзіўся ў Маскве, спрабуючы сустрэцца са сваім калегам спадаром Карасіным. На жаль, расейскі чыноўнік не знайшоў часу, каб прыняць нашага дыплямата, абмеркаваць гэтую праблему.

Хоць, шчыра кажучы, ніякіх абсалютна праблемаў няма ў грамадзянаў Расеі. Тым больш, у дыпляматаў расейскіх у Грузіі. Ніякай пагрозы іхнаму жыцьцю, іхным правам. Якраз у нас большыя апасеньні вакол сваіх грамадзянаў на тэрыторыі Расеі, нашых дыпляматаў. Прыкладам, тое, што адбылося некалькі дзён таму з нашай амбасадай у Маскве. Калі былі выбітыя шыбы ў дыппрадстаўніцтве, калі пачалі закідваць амбасаду сьвінымі галовамі… Тыповы акт вандалізму”.

Як кажа Грэго Катамадзэ, якія б эпітэты ні гучалі на адрас Грузіі, любая краіна, якая сябе паважае, павінна бараніць свае нацыянальныя інтарэсы. Тым больш, на ўласнай тэрыторыі.
XS
SM
MD
LG