Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іна Кулей: "Я веру ў маю Беларусь"<b/>


Радыё Свабода Іна Кулей —- удзельніца перадачы "Ў што я веру".

Я веру ў Бога. Я веру, што ўсе па Яго волі, зь Ягонага слова. Я веру, што ў Вялікай кнізе лёсаў ад нараджэньня прапісаны наш шлях, вызначана галоўная мэта нашага зямнога існаваньня. Нам толькі трэба не памыліцца, не сысьці з той галоўнай дарогі, прыслухацца і пачуць. Шчасьлівы, каму дадзена пачуць — ён знаходзіць самога сябе.

Я веру ў чалавека. Я веру ў свабодную волю чалавека і права на сьвядомы выбар. Выбар, які ён мусіць рабіць і робіць кожны дзень, дзесяткі разоў на дзень. Дзе той пункт адліку, той момант вызначэньня, калі чалавек пачынае альбо траціць, альбо набываць? Траціць чалавека ў сабе. Паступова, незаўважна. Надыходзіць час, калі ніхто не называе яго чалавекам. Яму даюць мянушкі — “інтрыган”, “блазан”,” здраднік”. І жахлівая апошняя кропка падарожжа ў нікуды — “пачвара”.

Я веру, што чалавек здольны набываць. Чалавек можа стаць Асобай. Гэта ганаровае званьне не патрабуе ані адмысловай адукацыі, ані высокай пасады. Трэба проста заставацца чалавекам, удасканальваць самога сябе. Я веру, што чалавек можа быць моцным і мужным, сумленным і шчырым, адданым і адважным. Я веру, што і ў самыя цяжкія хвіліны, пад ціскам выпрабаваньняў чалавек здольны захаваць годнасьць і гонар.

Я веру, што свабодная воля чалавека – найвялікшы дар, дадзены Богам. Чалавек мусіць бараніць права на свабодную волю не толькі для сябе самога, але і для іншых людзей. Каб звацца чалавекам.

Я веру ў маю Беларусь. Як родная матуля яна для мяне – адна-адзіная на ўсе жыцьцё. Я веру, што не зламаць яе дух, не скарыць. Не падпарадкаваць. Не вынішчыць гістарычную памяць, не пазбавіць мовы. Я веру, што мая Беларусь будзе заўсёды. Незалежная, свабодная, адкрытая і заможная. Яна абавязкова будзе такой. Веру, што дзеці нашы і ўнукі, і унукі нашых унукаў з гонарам будуць звацца беларусамі.

Я буду служыць Богу, людзям і Радзіме пакуль дыхаю.

* * *

Іна Кулей — кіраўніца камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”. Жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча. Нарадзілася на Гомельшчыне ў 1960 годзе. Палітоляг паводле адукацыі. Грамадзкай дзейнасьцю займаецца ад 1994 году.

Гл. таксама: Івонка Сурвіла: “Я веру ў веру” Мікалай Цімафееў: “Веру, усё ў нас будзе добра” Сьвятлана Длатоўская: "Я веру ў сям''ю..." Уладзімер Арлоў: “Веру ў моладзь, а значыць – веру ў Беларусь” Валянціна Трыгубовіч: "Веру ў неацэнную ролю жанчыны" Андрэй Дынько: “Я веру, што Лушнікаў пераменіцца” "У што я веру": гавораць слухачы “Свабоды” Валянцін Акудовіч: Вялікі Інкогніта Сьвятлана Марэцкая: «Веру ў сапраўднае каханьне» Адам Глобус: “Людзям я ня веру. Я веру сабе" “У што я веру”: гавораць слухачы “Свабоды” Зянон Пазьняк: “Веру ў сьветлую будучыню Беларусі” Эла Мацьвіенка: “Я веру ў сваіх дзяцей Яню, Мільку ды Стася” a.Андрэй Сідаровіч: “І сёньня дыхаю паветрам сакавіка” “У што я веру”: гавораць слухачы “Свабоды”
XS
SM
MD
LG