Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У што я веру”: гавораць слухачы “Свабоды”


Ганна Соўсь, Менск Агляд лістоў і тэлефанаваньняў слухачоў (25 верасьня – 1 кастрычніка)

Колішні актывіст Саюзу беларускіх патрыётаў Леў Бялевіч з Полацку перакананы, што “змаганьне за волю будзе мацнець, пакуль будзе жыць беларускі народ”.

Леў Бялевіч дзеліцца сваім досьведам, і робіць выснову, што змаганьне за незалежнасьць за шэсьцьдзесят гадоў вырасла і ўзмацнілася.

“Калі ў паваенны час нас было вельмі мала, то цяпер тысячы юнакоў і дзяўчат сьмела ідуць пад бел-чырвона-белым сьцягам, баронячы волю і незалежнасьць нашай краіны. Іх зьбіваюць, кідаюць за краты, але розьніца ёсьць у параўнаньні з тым, як пакаралі нас, “гартаўцаў”, наш “Саюз беларускіх патрыётаў”. Чатырох нашых кіраўнікоў прысудзілі да сьмяротнага пакараньня, якое потым замянілі на 25 гадоў няволі. Сёньня змаганьне за свабоду, за сувэрэнітэт Беларусі знаходзіцца ў моцных руках нашай моладзі. Я веру, перамога будзе на іх баку”, перакананы Леў Бялевіч з Полацку.

Дарэчы, бадай у кожным лісьце, дасланым для перадачы “Ў што я веру”, гаворыцца пра веру ў незалежную сувэрэнную Беларусь.

Мікалай Волчык з пасёлку Зеляневічы Пружанскага раёну Берасьцейшчыны верыць у тое, што неўзабаве з’явіцца новае пакаленьне самастойных людзей, а не дзяржаўных “вінтыкаў”, якія прызвычайваліся рухацца па зададзенай траекторыі афіцыёзу.

Мікалай Волчык верыць у тое, што Зянон Станіслававіч Пазьняк будзе яшчэ запатрабаваны паспалітымі беларусамі. Гэтаксама ён верыць (цытую) “ў сумленную працу Радыё Свабода дзеля аднаўленьня незалежнасьці Беларусі”.

Ніна Ярмалінская з Салігорску згадвае, як 21 і 22 сакавіка знаходзілася ўначы на плошчы Каліноўскага ў Менску, і ёй дапамагала выстаяць яе вера.

“Я веру ў Бога, -- піша спадарыня Ярмалінская, -- лічу, што ён сапраўды ёсьць, і дапамагае мне ўсё маё жыцьцё. Варта мне памаліцца і папрасіць Бога аб нечым, як тое неўзабаве збываецца. Я веру ў нацыянальную ідэю, у незалежнасьць нашай краіны і яе дабрабыт, змагаюся за гэта ўсімі магчымымі сродкамі і малюся”.

Юры Кутузаў са Смаргоні перакананы, што кожны чалавек нараджаецца абсалютна добрым. “Потым у працэсе фармаваньня асобы на чалавека ўзьдзейнічаюць розныя фактары, якія зьберагаюць альбо зьнішчаюць яго прыродную дабрыню. Гэта выхаваньне, асяродзьдзе, ўмовы жыцьця і існуючай сыстэмы, несправядлівасьці і гэтак далей.

На кожнага яны узьдзейнічаюць па-свойму. Адзін чалавек становіцца жорсткім, абыякавым да іншых, здольным на любыя благія ўчынкі. Другі вымушаны ці з ўласнай волі хавае сваю дабрыню пад маскай “моцнага чалавека”. Трэці ж, нягледзячы нават на цяжкія ўмовы жыцьця, удары лёсу, захоўвае ў сабе добрае стаўленьне да іншых, гуманнасьць і добразычлівасьць. І я веру, што каб два першыя трапілі ў сталае асяродзьдзе такіх вось трэціх, то ў іх паступова прырода ўзяла б сваё”, перакананы Юры Кутузаў са Смаргоні.

Нашы слухачы ня толькі дзеляцца сваімі меркаваньнямі, але і даюць парады. Вось якую прапанову даслаў на наш тэлефон-аўтаадказьнік слухач Свабоды.

(Спадар: ) “У што я веру? Пытаньне не зусім карэктнае. Трэба было б адначасова казаць пра тое, у што я ня веру”.

Дарэчы, некаторыя ўдзельнікі перадачы ў сваіх эсэ даюць адказы і на гэтае пытаньне.

А вось для Людміла Літвінава з Менску, якая праз электронную пошту даслала свае меркаваньні, верыць у тое, што чалавеку вельмі неабходныя духоўнасьць, маральнасьць i памкненьне да самапазнаньня i дасканаласьці, і гэта ёсьць асноўным сэнсам жыцьця.

“Веру ў "лёс", не як фатальную зьяву, але ў тое, што пэўная наканаванасьць у жыцьці ёсьць, бо чалавек не выбiрае анi бацькоў, анi радзiму, анi зьнешнасьць, анi нават свае iмя. Але пры гэтым ёсьць i пэўная свабода выбару асобы на жыцьцёвым шляху”, перакананая Людміла Літвінава.

Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!





Гл. таксама: Івонка Сурвіла: “Я веру ў веру” Мікалай Цімафееў: “Веру, усё ў нас будзе добра” Сьвятлана Длатоўская: "Я веру ў сям''ю..." Уладзімер Арлоў: “Веру ў моладзь, а значыць – веру ў Беларусь” Валянціна Трыгубовіч: "Веру ў неацэнную ролю жанчыны" Андрэй Дынько: “Я веру, што Лушнікаў пераменіцца” "У што я веру": гавораць слухачы “Свабоды” Валянцін Акудовіч: Вялікі Інкогніта Сьвятлана Марэцкая: «Веру ў сапраўднае каханьне» Адам Глобус: “Людзям я ня веру. Я веру сабе" “У што я веру”: гавораць слухачы “Свабоды” Зянон Пазьняк: “Веру ў сьветлую будучыню Беларусі” Эла Мацьвіенка: “Я веру ў сваіх дзяцей Яню, Мільку ды Стася” a.Андрэй Сідаровіч: “І сёньня дыхаю паветрам сакавіка” Іна Кулей: Я веру ў маю Беларусь
XS
SM
MD
LG